viasna on patreon

Пасля візіту непаўналетняй ў ІСН праваабаронцы звярнуліся ў ААН

2019 2019-08-12T16:45:32+0300 2019-08-16T15:30:52+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/milic_k.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы "Вясны" звярнуліся да Спецыяльнай дакладчыцы ААН па пытанні аб гвалце ў адносінах да жанчын Дубраўкі Шымонавіч з просьбай заклікаць беларускія ўлады правесці эфектыўнае і дакладнае расследаванне фактаў зневажальнага годнасць абыходжання супрацоўнікамі праваахоўных органаў у дачыненні да непаўнагадовай А. Праваабаронцы таксама папрасілі Спецдакладчыцу заклікаць Урад Беларусі пачаць выконваць рэкамендацыі Камітэта па правах чалавека ААН.

Што здарылася?

Як распавядае праваабаронцам непаўнагадовая А., вучаніца 9-га класа адной з мінскіх школ, у пачатку лістапада мінулага года супрацоўнік Інспекцыі па справах непаўналетніх Першамайскага РУУС г. Мінска Максім Ляноўскі выклікаў яе па тэлефоне на апытанне. Дзяўчына з'явілася ў інспекцыю на працягу 15 хвілін.

Адразу ж без тлумачэння прычын і падставаў выкліку дзяўчыны ў інспекцыю, у яе пачалі патрабаваць мабільны тэлефон. На пытанні дзяўчыны аб прычынах канфіскацыі тэлефона, Ляноўскі толькі адказваў: "Так трэба". Пасля таго, як А. катэгарычна адмовілася аддаваць свой тэлефон, супрацоўнік інспекцыі вырашыў усё ж распавесці, па якім пытанні выклікалі дзяўчыну ў ІСН. Ён паведаміў, што ў яго ёсць звесткі пра тое, што А. "мае дачыненне да крадзяжу "Трамадола", а таксама распаўсюджванню парнаграфіі ў інтэрнэце".

Затым у кабінет запрасілі маці дзяўчыны, з якой непаўнагадовая А. пражывае разам. Яна таксама пачала настойваць на тым, каб яе дачка аддала свой мабільны тэлефон супрацоўніку інспекцыі. Аднак і тут А. не паслухалася.

Тады супрацоўнікі міліцыі вырашылі паступаць больш жорстка і рашуча...

У чым выяўлялася прыніжаючае годнасць абыходжанне супрацоўнікаў ІСН?

Іншы супрацоўнік інспекцыі, які зайшоў у кабінет, адразу пачаў запалохваць дзяўчыну. Ён пагражаў "пасадзіць яе ў камеру на трое сутак да бамжоў", калі яна не аддасць тэлефон і не раскажа аб выкрадзеным "Трамадоле". Таксама пагражаў дзяўчыне пастрыгчы яе нагала, зрываючы пры гэтым з яе шапку і тузаючы за шалік. А. неаднаразова прасіла, каб яе не чапалі. Аднак на гэта супрацоўнікі міліцыі уручалі ёй Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь для таго, каб яна пазнаёмілася з санкцыяй артыкула 328.

Калі ў пакой увайшоў яшчэ адзін супрацоўнік у міліцэйскай форме, яны пачалі крычаць і лаяцца матам на дзяўчыну, па-ранейшаму патрабуючы тэлефон. Дзяўчына не згаджалася. Але, калі непаўнагадовая А. расплакалася ад уласнай бездапаможнасці, супрацоўнікі міліцыі скарысталіся момантам: заламалі ёй рукі і вырвалі з рук тэлефон.

На просьбы дзяўчыны звадзіць яе ў туалет, Ляноўскі адказваў ёй, што "ў турме ў туалет водзяць рэдка", таму яна павінна трываць. Аднак пазней усё ж такі паклікалі супрацоўніцу інспекцыі, якая зводзіла яе ў прыбіральню.

Пасля апытання і канфіскацыі тэлефона, у кватэры дзяўчыны супрацоўнікі міліцыі правялі агляд, дзе ў пакоі яе маці знайшлі 120 таблетак "Трамадола". Непаўнагадовую А. адразу адвезлі на медыцынскі агляд, каб устанавіць, ці ўжывала яна наркотыкі. Дзяўчыну адпусцілі дадому толькі каля 22 гадзін, падвяргаючы яе працэсуальным дзеянням каля 10 гадзін запар.

Ці былі пакараныя супрацоўнікі мiлiцыi, якія дазволілі сабе такое стаўленне?

У лістападзе непаўнагадовая А. пры падтрымцы Праваабарончага цэнтра "Вясна" звярталася з заявай аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце жорсткага зневажальнага годнасць абыходжання з боку супрацоўнікаў міліцыі ў Першамайскі РАСК г. Мінска.

У снежні мінулага года следчы А. Стрэчань адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Аднак да гэтага часу дзяўчыне і яе адвакату не даюць азнаёміцца ​​з матэрыяламі праверкі, і нават з тэкстам пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Гэта пацягнула тое, што цяпер нельга абскардзіць у пракуратуру адмову следчага ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.

Як адзначае юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Аляксей Лойка, у ходзе аднаго візіту дзяўчыны да супрацоўнікаў ІСН быў парушаны цэлы шэраг яе правоў:

  • права ўласнасці на мабільны тэлефон;
  • права на волю і асабістую недатыкальнасць, свабоду перамяшчэння;
  • права не падвяргацца жорсткаму зневажальнаму годнасць абыходжанню;
  • права на юрыдычную дапамогу, у тым ліку права на абскарджанне працэсуальнага дакумента і на азнаямленне з матэрыяламі праверкі;
  • права не падвяргацца ўмяшанню ў асабістае жыццё, тайну карэспандэнцыі.

Аляксей Лойка

"Такія выпадкі, калі чалавек у аддзяленні міліцыі сутыкаецца з парушэннем сваім правоў, жорсткім абыходжаннем, на жаль, у Беларусі сталі сістэмай. У Праваабарончага цэнтру "Вясна" выклікаюць занепакоенасць сістэмныя праблемы жорсткага зневажальнага годнасць абыходжання ў будынках аддзяленняў міліцыі і адсутнасцю эфектыўнага і ўважлівага расследавання такіх фактаў.

Міністэрства замежных спраў, адчытваючыся пра выкананне Міжведамаснага плана, указвала, што запрасіла ў Беларусь Cпецдакладчыцу па гвалце ў адносінах да жанчын. Таму мы вырашылі скарыстацца гэтым выпадкам, і напісалі менавіта гэтай спецдакладчыцы, каб пры візіце, яна магла наўпрост запытаць у чыноўнікаў пра такія выпадкі", — каментуе паведамленне да Спецыяльнай дакладчыцы ААН па пытанні аб гвалце ў адносінах да жанчын юрыст "Вясны".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства