viasna on patreon

КПЧ ААН прыняў рашэнні па двух скаргах беларускага фрылансера  

2019 2019-11-25T07:55:41+0300 2019-11-25T21:43:09+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zukouski-kastus-gomel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота Радыё Свабода

Фота Радыё Свабода

21 лістапада Камітэт па правах чалавека ААН апублікаваў два рашэнні (№2955 / 2017 і 3067/2017) па скаргах беларускага журналіста Кастуся Жукоўскага, якога на працягу 2015-2016 гадоў ўлада сістэматычна пераследвала за супрацоўніцтва з польскім спадарожнікавым тэлеканалам «Белсат».

Апублікаваныя рашэнні каментуе для "Гомельскай вясны" адвакат Жукоўскага ў КПЧ ААН, юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Леанід Судаленка.

Юрыст успамінае, як на працягу 2015-2016 гадоў яго давераную асобу Кастуся Жукоўскага суды прыцягвалі за незаконны выраб інфармацыі да адказнасці 12 разоў. Сума прысуджаных штрафаў склала больш за 5 тыс. еўра (5 626 еўра). Усе гэтыя штрафы былі паслядоўна абскарджаны ў Камітэце ААН па правы чалавека, і як аказалася, не дарэмна.

«У абодвух рашэннях міжнародныя эксперты прызналі беларускі ўрад адказным за парушэнне правоў журналіста-фрылансера на збор і распаўсюд інфармацыі. Камітэт па правах чалавека абавязаў беларускі ўрад даць ахвяры парушэнняў эфектыўныя сродкі прававой абароны, уключаючы поўнае пакрыцця шкоды, пакрыць любыя выдаткі, панесеныя аўтарам, і даць яму адэкватную кампенсацыю. Беларусь таксама абавязана прыняць меры для прадухілення аналагічных парушэнняў у будучыні, у прыватнасці шляхам перагляду свайго нацыянальнага заканадаўства аб СМІ і практыкі яго прымянення», - пракаментаваў рашэнні ААНаўскага Камітэта абаронца правоў журналістаў.

Ён таксама дадаў, што згодна з прынятым рашэнням, Беларусь абавязаная на працягу 180 дзён падаць у КПЧ ААН інфармацыю аб выкананні прынятых рашэнняў Камітэта. Дзяржаве таксама прапанавана апублікаваць прынятыя рашэнні і шырока іх распаўсюдзіць на сваіх афіцыйных мовах.

Нагадаем, аж да 2019 года ў дачыненні да незалежных журналістаў-фрылансераў беларускі ўрад вёў бескампрамісную барацьбу. Толькі пасля ўзрослай колькасці скаргаў у Камітэце ААН па правах чалавека беларускія чыноўнікі перасталі паўтараць, што акрэдытацыя дабро, якое не заўважаюць самі журналісты.

Леанід Судаленка лічыць, што іншага шляху, акрамя як падымаць гэтыя пытанні на міжнародным узроўні не існуе, а журналісты павінны паказаць чыноўнікам, што інфармацыя, гэта не тое, на што трэба пытаць дазвол у дзяржавы.

«У разуменні еўрапейскіх каштоўнасцяў і стандартаў правоў чалавека акрэдытацыя з'яўляецца інструментам, якія палягчаюць магчымасці журналістаў на атрыманне інфармацыі, нашы ж чыноўнікі лічаць яе дазволам на працу», - падкрэслівае эксперт.

Юрыст адзначыў, што тэрмін разгляду скаргаў у Камітэце ААН па правах чалавека сёння складае ад 3-х да 5-ці гадоў.

Раней ён зарэгістраваў тут і вядзе камунікацыю з беларускім урадам па скаргах журналісткі Ларысы Шчыраковай, фрылансераў Кастуся Жукоўскага, Андрэя Толчына і Наталлі Крывашэй, блогера з Кастрычніцкага Андрэя Павука, журналісткі з Бярозы Тамары Шчапёткінай, журналіста з Магілёва Аляксандра Буракова.


Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства