Чаму варта наведаць фэстываль Watch Docs Belarus
З 5 па 13 сьнежня ў Менску пройдзе V Міжнародны фэстываль дакумэнтальнага кіно аб правах чалавека Watch Docs Belarus, піша "Радыё Свабода". Сёлета тэмай фэстывалю стане «крохкае паняцьце свабоды, асабістай прасторы і нормы ўмяшаньня ў іх грамадзтва і дзяржавы». Усяго будзе прадстаўлена 25 фільмаў дакумэнталістаў з усіх кантынэнтаў.
У чым адметнасьці пятага фэстывалю, Свабодзе расказала яго арганізатарка Тацяна Гацура-Яворская.
1. Беларуская праграма з 8 дакумэнтальных стужак
Самая галоўная адметнасьць — сёлета ёсьць беларуская праграма, а таксама адукацыйная праграма для беларускіх рэжысэраў.
Пяць фільмаў прадстаўленыя ў конкурснай праграме:
- «Добрых дзяўчынак ня б’юць» Галіны Адамовіч;
- «Месца каханьня» Любові Зямцовай;
- «Стрыптыз і вайна» Андрэя Куцілы;
- «Мая Германія» Аляксандра Сьвішчанкова;
- «Подых балот» Ігара Чышчэні.
Тры фільмы беларускіх рэжысэраў — па-за конкурсам, у тым ліку стужка Віктара Корзуна «Быкаў. Вяртаньне».
2. Асобная прэмія для найлепшага беларускага рэжысэра-дакумэнталіста
Гэта народная прэмія — каго ўганараваць, будуць вырашаць гледачы, а не журы. Грошы на яе зьбіраюць на краўдфандынгавай плятформе «Талака».
На думку Тацяны Гацуры-Яворскай, сытуацыя з дакумэнтальным кіно ў Беларусі мяняецца да лепшага, зьяўляецца больш рэжысэраў, беларускіх дакумэнталістаў прызнаюць у сьвеце.
Але часьцяком на дакумэнтальнае кіно няма фінансаваньня, людзі здымаюць і ня ведаюць, чым гэта скончыцца, ці заўважаць гэтае кіно, шмат грошай укладаюць у пост-прадакшн. Гэтая прэмія вельмі важная — паказаць, што праца кінадакумэнталістаў патрэбная людзям.
3. Фэстываль у першую чаргу — грамадзкая ініцыятыва, а не культурная
Журналісты звычайна пішуць пра фэстываль як пра культурную зьяву. Але фэстываль дакумэнтальнага кіно Watch Docs Belarus — найперш пра правы чалавека. Гэта ня толькі кіно. Гэта дыскусіі, сустрэчы зь цікавымі людзьмі для таго, каб абмяркоўваць вострыя пытаньні. Таму фэстываль мае больш грамадзкае значэньне.
На адным з паказаў фэстывалю Watch Docs Belarus, архіўнае фота
4. Зноў чакаецца шмат замежных знакамітасьцяў
У Менск прыедзе Брыджыт О’Шы, дырэктарка Лейпцыгскага фэстывалю DOK Leipzig, самай буйной індустрыяльнай плятформы ў Эўропе. Яна выступіць з практычнай лекцыяй «Індустрыя дакумэнтальнага кіно: чаканьне vs рэальнасьць».
Кіраўнік Бэлфасцкага фэстывалю Belfast Film Festival Марк Казінс прадставіць свой фільм «Атам», які быў прымеркаваны да 70-й гадавіны бамбардаваньня Нагасакі і прайшоў зь вялізарным посьпехам. Марк Казінс правядзе майстар-кляс.
Польскі рэжысэр Ян Блюз прывязе свой фільм «Падпольле надзеі» — пра праблемы ўжываньня марыхуаны ў мэдычных мэтах у Польшчы. Адбудзецца дыскусія на балючую і для беларусаў тэму.
Зноў госьцем фэстывалю будзе Лоўрэнс МакК’ёўн, ірляндзкі пісьменьнік, драматург, сцэнарыст, які ў 17 гадоў стаў добраахвотнікам Часовай Ірляндзкай рэспубліканскай арміі, быў арыштаваны і асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне.
Тацяна Вадалаская правядзе зь ім адкрытае інтэрвію «Тэрапія мастацтвам: як шукаць выйсьце з сацыяльных канфліктаў».
5. Будзе вызначана антыпрэмія для беларускіх чыноўнікаў
Другі год запар Міжнародны фэстываль дакумэнтальнага кіно аб правах чалавека Watch Docs Belarus абвяшчае антыпрэмію за самыя бязглуздыя і шкодныя для грамадзтва рашэньні беларускіх чыноўнікаў і дзяржаўных органаў. Летась пераможцамі антыпрэміі сталі Менскі райвыканкам і Сьледчы камітэт. Першы — за горадабудаўнічыя маніпуляцыі ў Бараўлянскім сельсавеце на фоне пратэстаў мясцовых жыхароў. Другі — за «справу БелТА».
Сёлета фэстываль Watch Docs Belarus пройдзе на трох пляцоўках — у кінатэатры «Мір», у Культурным цэнтры «Корпус» і Культурніцкай прасторы ОК16.
Уваход на паказы — вольны для ўсіх.