viasna on patreon

Эксперты ААН асудзілі масавыя затрыманні ромаў у Беларусі ў траўні 2019

2020 2020-01-14T16:21:38+0300 2020-01-14T17:17:02+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/oon2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Камітэт ААН па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі і Працоўная група ААН па адвольных затрыманнях звярнуліся да ўрада Беларусі з пытаннем пра масавыя затрыманні ромаў і негуманным абыходжанні з імі ў траўні 2019 у Магілёве і іншых населеных пунктах.

Эксперты ААН выказалі сур'ёзную заклапочанасць у сувязі з масавымі затрыманнямі, якія праводзіліся ў ромскіх пасёлках Магілёва і іншых гарадах Беларусі ў траўні 2019 года і суправаджаліся абразамі і фізічным гвалтам з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Прычынай затрыманняў паслужыла падазрэнне ў тым, што ромы могуць быць датычныя да выкрадання і забойства супрацоўніка ДАІ. Пасля гэта падазрэнне было прызнанае няслушным Следчым камітэтам РБ, а эксперты ААН прызналі дзеянні міліцыі расава матываванымі.

У сваім звароце прадстаўнікі ААН асобна падкрэслілі, што пагрозы і запалохванні з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў былі накіраваныя на тое, каб затрыманыя не спрабавалі абараніць свае парушаныя правы. Яны папрасілі ўрад Беларусі падаць дэталёвую інфармацыю аб тым, што адбылося, а таксама пра тое, як былі расследаваныя названыя парушэнні правоў чалавека і якая дапамога была прадастаўленая ахвярам.

Урад Беларусі ў адказ заявіў, што 16 і 17 траўня 2019 пры ажыццяўленні праверачных мерапрыемстваў у рамках крымінальнай справы па забойстве супрацоўніка ДАІ было праведзенае апытанне 132 ромаў, у дачыненні да 52 з іх быў пачаты адміністрацыйны працэс, у межах якога яны былі затрыманыя на тэрмін да паўтара сутак.

Генеральная пракуратура праводзіла праверку, у ходзе якой былі вывучаныя матэрыялы справы, апытаныя супрацоўнікі АУС і прадстаўнікі цыганскай дыяспары ў Магілёве. Прадстаўнікі ўладаў адзначалі, што скаргі ад названых асобаў на дзеянні супрацоўнікаў пры вядзенні адміністрацыйнага працэсу, у тым ліку на адміністрацыйнае затрыманне, а таксама хадайніцтва аб прадастаўленні ім адваката, заявы аб ушчамленні іх правоў і свабодаў не паступала, а ператрусы па іх месцы жыхарства не праводзіліся.

«Фізічная сіла і спецыяльныя сродкі ў дачыненні да гэтай групы асобаў не ўжываліся. Фактаў пагрозаў і запалохванняў ў іх адрас таксама не ўстаноўлена. Дзеянні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў не былі матываваныя расавымі прадузятасцямі», – сцвярджаецца ў заяве ўрада.

У той жа час у ходзе праверкі быў устаноўлены шэраг парушэнняў, дапушчаных супрацоўнікамі міліцыі пры вядзенні адміністрацыйнага працэсу. У выніку чаго Генеральнай пракуратурай было вынесена прадстаўленне аб ліквідацыі такіх парушэнняў, у дачыненні да васьмі супрацоўнікаў Магілёўскага УУС былі ўжытыя меры матэрыяльнага ўздзеяння. Яшчэ 20 супрацоўнікаў міліцыі, у тым ліку асобаў з кіруючага складу, былі прыцягнутыя да розных мераў дысцыплінарнай адказнасці ў выніку службовай праверкі МУС.

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка адзначае, што сітуацыя з масавымі затрыманнямі дарослага ромскага насельніцтва ў Магілёве адразу стала ў фокусе ўвагі праваабаронцаў: яны накіроўвалі звароты ў Генеральную пракуратуру і Следчы камітэт, сумесна з АДЦ «Мемарыял» звярталіся ў ААН, казалі пра сітуацыі на Нарадзе АБСЕ па разглядзе выканання абавязацельстваў, прысвечанай чалавечым вымярэнні.

«Трэба заўважыць, што звароты да спецдакладчыкаў далі свае вынікі, і мы атрымалі тыя звесткі, якія замоўчвалі нашыя нацыянальныя органы ў адказ на зварот кіраўніка "Вясны" Алеся Бяляцкага. І зараз з перапіскі нашых уладаў і спецдакладчыкаў мы даведаліся пра тое, што ўсё ж такі нейкія парушэнні ўстанаўліваліся, у сувязі з чым некаторыя супрацоўнікі міліцыі прыцягваліся да дысцыплінарнай адказнасці. І цяпер нам трэба зрабіць наступныя крокі па гэтым выпадку – мы зноў будзем звяртацца ў Генеральную пракуратуру і Следчы камітэт, каб былі праведзеныя паўторна або дадаткова праверачныя дзеянні для таго, каб даць поўную і аб'ектыўную ацэнку дзеянням супрацоўнікаў міліцыі пры затрыманні прадстаўнікоў народнасці рома».

Што ж тычыцца сцвярджэнні аб тым, што затрыманымі не падаваліся скаргі на парушэнні правоў і хадайніцтвы на ўдзел адвакатаў, Павел Сапелка адзначае – гэта следства ўсіх тых праблемаў, якія суправаджаюць ромаў у іх паўсядзённым жыцці:

«Людзі запалоханыя, яны рэгулярна падвяргаюцца міліцэйскім нападкам і падпадаюць пад прафілактычныя мерапрыемствы, таму імкнуцца мінімізаваць канфлікты і кантакты з прадстаўнікамі дзяржавы. Рома не давяраюць дзяржаве, і папракаць іх у гэтым складана, таму што нават менш дыскрымінаваныя беларускія грамадзяне не заўсёды вераць у тое, што можна шляхам зваротаў дамагчыся аднаўлення парушаных правоў і пакарання для тых, хто такія парушэнні дапусціў. Мы таксама ведаем, што часцяком прадстаўнікі ромаў не вельмі пісьменныя ў галіне права, яны не заўсёды маюць матэрыяльныя сродкі для таго, каб звярнуцца да прафесійных адвакатаў, і нарэшце, мы не ўпэўненыя, што такіх зваротаў не было».

Нагадаем, што ў ноч з 16 на 17 мая ў горадзе Магілёве і іншых гарады Беларусі было затрымана больш за 100 ромаў, уключаючы жанчын і дзяцей, у межах расследавання забойства супрацоўніка ДАІ. Падчас затрыманняў і допытаў супрацоўнікі праваахоўных органаў прымянялі непрапарцыйна фізічную сілу, абразы і пагрозы. Праз тры дні, 19 траўня, 67-гадовая ромка Лідзія Юрчанка, у дом якой урываўся АМАП, памерла з-за адрыву тромба. Яе сям'я ўпэўненая, што смерць адбылася з прычыны стрэсу з-за абразаў і пагрозаў яе ўнукам супрацоўнікамі АМАПа.

Жыццё беларускіх ромаў: праўда без прыўкрас

Увесну сайт ПЦ “Вясна” паведамляў пра высновы даклада «Сацыяльна-эканамічнае становішча ромскага насельніцтва Беларусі», які ініцыятыва Romaintegration разам з “Беларускай цыганскай дыяспарай” прэзентавала 14 траўня 2019 года. Апроч дэмаграфічных пытанняў, выступоўцы акрэслілі тэму этнічнага прафілявання ў дачыненні да ромаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства