viasna on patreon

Дзядок супраць Беларусі: Камітэт ААН зарэгістраваў скаргу на парушэнні правоў актывіста на працягу трох гадоў

2020 2020-04-15T14:45:22+0300 2020-04-15T17:10:04+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mikola_dzyadok_svaboda_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцам "Вясны" стала вядома, што Камітэт правоў чалавека ААН зарэгістраваў індывідуальнае паведамленне журналіста "Новага Часу", актывіста анархісцкага руху Мікалая Дзядка. Ён сцвярджае, што яго правы сістэматычна парушаліся беларускімі ўладамі з 2017 па 2019 год.

Фота прадастаўлена Мікалаем Дзядком
Фота прадастаўлена "Вясне" Міколам Дзядком

За тры гады Мікалай Дзядок сутыкнуўся з парушэннем дзясятка ягоных правоў і свабод: пакаранне за ўдзел у мірным сходзе, жорсткае абыходжанне і парушэнне асабістай недатыкальнасці, негуманнае абыходжанне ў месцах пазбаўлення волі, парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, парушэнне права на свабоду меркаванняў, шматразовыя пакаранні за выказванне свайго меркавання ў публічнай онлайн-прасторы і іншых.

"На працягу трох гадоў я падвяргаюся пастаянным пераследам, умяшанню ў ажыццяўленне мною правоў, прадугледжаных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, затрыманнях, прымяненню гвалту і мер пакарання, якія, як я лічу, звязаныя выключна з тымі меркаваннямі, якіх я прытрымліваюся і выказваю ў публічнай прасторы", – паведамляе Камітэту ААН Мікалай Дзядок.

Мікалаю Дзядку не ўдалося дамагчыся абароны гэтых правоў на нацыянальным узроўні.

У якіх выпадках, на думку актывіста, парушаліся дзяржавай ягоныя правы?

На ўваходзе ў суд Заводскага раёна. На фота: былыя палітвязні Зміцер Паліенка і Мікалай Дзядок. Фота: Дзіяна Серадзюк,

1) Падзеі 2017 года: Дзень Волі

Першы эпізод, які Мікалай Дзядок апісвае Камітэту па правах чалавека ААН, меў месца на Дзень Волі ў 2017 годзе. Тады ён падвергнуўся адвольнаму затрыманню і пакаранню ў выглядзе арышту. 

"У той дзень я са сваімі сябрамі і аднадумцамі накіроўваўся да месца пачатку сходу, прысвечанаму важнай падзеі ў гісторыі Беларусі, а таксама выказаць сваю нязгоду з эканамічнай палітыкай дзяржавы – увядзенне прэзідэнтам Лукашэнкам спецыяльнага падатку на непрацуючых людзей.

На шляху нам перагарадзілі дарогу тры ці чатыры мікрааўтобусы без апазнавальных знакаў. З іх выскачылі людзі: адны з іх былі ў форме супрацоўнікаў АМАП, іншыя – у грамадзянскай форме адзення. Двое з іх без папярэджання схапілі мяне, закруцілі рукі за спіну і сілком завялі ў мікрааўтобус. Там адзін з супрацоўнікаў міліцыі не менш трох разоў ударыў мяне кулаком па твары і па патыліцы, затым – не менш трох разоў па галаве і тулаве", – апісвае падзеі 2017 года Мікалай Дзядок.

Яго тады затрымалі і склалі два пратаколы – за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў (арт. 23. 34 КаАП) і за непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўніка міліцыі (арт. 23.4 КаАП).

Увечары ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ад атрыманых у мікрааўтобусе удараў ён адчуў сябе дрэнна: стаў губляць прытомнасць. У бальніцы, куды яго прывезла "хуткая", яму дыягнаставалі " Закрытую чэрапна-мазгавую траўму. Гематомы твару і галавы". Пад кругласутачным назіраннем канвою ён знаходзіўся на стацыянарным лячэнні чатыры дні.

Адразу пасля выпіскі яго даставілі ў суд. Каля суда супрацоўнікі міліцыі паказалі Мікалаю Дзядку пратакол, у якім было пазначана, што яго затрымалі не 25 сакавіка, а 29 сакавіка. Яго абаронца заяўляла хадайніцтва аб яго вызваленні, так як да гэтага моманту скончыўся ўстаноўлены законам максімальны тэрмін затрымання. Нягледзячы на разыходжанні ў паказаннях сведак, а таксама на тое, што пратакол аб затрыманні быў складзены праз чатыры дні пасля фактычнага затрымання, Мікалай Дзядок быў асуджаны на 10 сутак арышту. Абскарджанне дзеянняў супрацоўнікаў сілавых структур з патрабаваннем распачаць супраць іх крымінальную справу па факце збіцця Мікалая Дзядка не далі ніякіх вынікаў.

Такім чынам, падчас падзей 2017 года быў парушаны шэраг правоў, прадугледжаных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах: пакаранне за ўдзел у мірным сходзе, жорсткае абыходжанне і парушэнне асабістай недатыкальнасці, негуманны зварот у месцах пазбаўлення волі, парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва.

2) Падзеі 2018 года: затрыманне ў Крупках

У чэрвені 2018 года супрацоўнікі міліцыі ў форме спецыяльнага атрада хуткага рэагавання (САХР) разагналі анархісцкую сустрэчу пад Крупкамі. Тады Мікалай Дзядок з сябрамі і аднадумцамі па анархісцкім руху сабраліся, каб абмеркаваць агульныя справы, а таксама абмяняцца новымі ідэямі і ведамі.

"Мы не можам сустракацца ні ў якіх публічных месцах, таму што кожны, хто адкрыта прытрымліваецца анархісцкіх поглядаў у нашай краіне, вядомы Галоўнаму ўпраўленню па арганізаванай злачыннасці і карупцыі ў Міністэрстве ўнутраных спраў, а любая наша сустрэча ў публічным месцы можа быць расцэненая як несанкцыянаваны сход.  Менавіта па гэтай прычыне мы паехалі ў лес, каб там правесці час разам. Сустрэча насіла выключна мірны характар", – адзначае Мікалай Дзядок.

Каля 15 гадзін яны пачулі аўтаматную чаргу і крык "Стаяць!". Супрацоўнікі міліцыі ў форме САХР павалілі на зямлю. Кайданкі надзелі толькі Мікалаю Дзядку, ударыўшы яго некалькі разоў.

Супрацоўнікі міліцыі, у якіх былі зачыненыя твары балаклавамі, пагражалі прастрэліць яму нагу на месцы затрымання, задавалі пытанні адносна таго, з якой мэтай ён сюды прыехаў, казалі, што "лепш бы ён вяртаўся ў Еўропу, чым тут псаваў усім жыццё", хтосьці з іх некалькі разоў ударыў яго нагой па рэбрах. У становішчы тварам уніз на зямлі Мікалай Дзядок правёў каля дзвюх гадзін.

У выніку ўсіх адпусцілі ў той жа вечар. На працягу ўсяго часу сваёй прысутнасці на месцы сустрэчы (а гэта больш за 6 гадзін), супрацоўнікі міліцыі так і не растлумачылі прычын і законных падстаў сваіх дзеянняў.

Уварванне ў нашу сустрэчу прадстаўнікоў сілавога ведамства дзяржавы з прымяненнем зброі і спецыяльных сродкаў (кайданкоў), пры тым, што яны ўтрымлівалі ўдзельнікаў сустрэчы і пад пагрозай прымянення гвалту і зброі аддавалі абавязковыя для выканання загады (трымалі мяне ў кайданках, укладвалі мяне і іншых удзельнікаў сустрэчы тварам у зямлю), ажыццяўлялі агляд асабістых рэчаў, з'яўляецца відавочным умяшаннем у права, прадугледжанае артыкулам 17 Пакта (права на асабістае жыццё, у тым ліку як права свабодна будаваць свае ўзаемаадносіны з іншымі людзьмі), – адзначае Мікалай Дзядок.

Таксама актывіст лічыць, што мела месца адвольнае і незаконнае ўмяшальніцтва ў ягонае асабістае жыццё па прычыне ягоных асабістых перакананняў.

Паколькі падставы і законнасць дзеянняў прадстаўнікоў дзяржавы пры названых абставінах нічым не пацвярджаецца, у тым ліку якімі-небудзь працэсуальнымі рашэннямі, а таксама з улікам працягласці, нечаканасці, брутальнасці апісанага абыходжання, Мікалай Дзядок упэўнены, што затрыманне і замах на асабістую недатыкальнасць былі адвольнымі і што ён падвергнуўся жорсткаму і зневажальнаму годнасць абыходжанню, то бок прадстаўнікамі дзяржавы парушаныя артыкула 9 і артыкул 7 Пакта.

Як шэсць інстанцый "разглядалі" скаргу Мікалая Дзядка. Безвынікова

Пра тое, што беларускія праваахоўныя органы злоўжываюць адпіскамі і дэлегаваннем паступіўшых да іх скаргаў і заяваў адзін аднаму, вядома даўно. Часцяком усё заканчваецца тым, што ў скаргаў мінае тэрмін разгляду, альбо яны апынаюцца ў той інстанцыі, на дзеянні якой і былі накіраваныя. На прыкладзе скаргі актывіста анархісцкага руху Мікалая Дзядка, якую ён яшчэ ў ліпені падаў у сувязі з незаконным затрыманнем пад Крупкамі, мы вырашылі прасачыць, якім цярністым бывае яе шлях у сучасных беларускіх рэаліях.

3) Падзеі 2018-2019: пакаранне за публікацыі ў інтэрнэце 

За два года суд Фрунзенскага раёна Мінска аштрафаваў Мікалая Дзядка за выказванне свайго меркавання ў інтэрнэце пяць разоў на агульны памер 190 базавых велічынь (4 795 рублёў).

Як адзначыў Мікалай Дзядок ў паведамленні Камітэту, выказванне ім меркавання з дапамогай публікацый у сацыяльных сетках, да таго ж, у ролі журналіста, падпадае пад абарону артыкула 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (права на свабоднае выказванне свайго меркавання). Пакаранне за гэта ў выглядзе прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці і накладання буйных штрафаў з'яўляецца абмежаваннем дадзенага права.

Ці рэальна абскардзіць прызнанне матэрыялу экстрэмісцкім?

Юрысты "Вясны" вырашылі разабрацца на практыцы, ці можна выключыць інфармацыйныя матэрыялы з Рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў, як гэта зрабіць і ці рэальна наогул.

 4) 2019 год: пакаранне за ўдзел у мірным сходзе

Мікола Дзядок на акцыі ў падтрымку палітвязняў. Фота:
Мікола Дзядок на акцыі ў падтрымку палітвязняў. Фота: "Радыё Свабода"

26 лютага 2019 года Мікалай Дзядок разам з аднадумцамі паўдзельнічаў у пікеце ў падтрымку асоб, якія незаконна былі асуджаныя і ўтрымліваюцца пад вартай. Ён стаяў на плошчы, трымаў у руках фатаграфію аднаго з такіх людзей, час ад часу выкрыкваў: "Свабоду палітвязням!» Адразу нікога з удзельнікаў акцыі не затрымалі.

4 сакавіка 2019 года пасля разгляду справы Мікалая Дзядка аб «публічным дэманстраванне і распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў» у судзе Фрунзенскага раёна горада Мінска каля будынка суда яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі і склалі пратакол па артыкуле 23.34 КаАП. Пасля двух сутак у ЦІП суд Цэнтральнага раёна Мінска аштрафаваў Мікалая Дзядка на 25 базавых велічыняў (637 рублёў 50 капеек).

"Мой удзел у пікеце сумесна з іншымі грамадзянамі з мэтай выказаць сваю грамадскую пазіцыю ў дачыненні да незаконнасці ўтрымання пад вартай і асуджэння некаторых грамадзян краіны з'яўляецца рэалізацыяй мною правоў на свабоду выказвання меркавання і свабоду мірных сходаў, гарантаваных артыкуламі 19 і 21 Пакта. Пакаранне за гэтыя дзеянні ў выглядзе буйнога штрафу, з відавочнасцю, – абмежаванне дадзеных правоў", – тлумачыць сваю пазіцыю Мікалай Дзядок.

Чаго дамагаецца актывіст зваротам у Камітэт ААН?

Па-першае, Мікалай Дзядок просіць Камітэт па правах чалавека разгледзець сваё паведамленне і прызнаць парушэнні дзяржавай у дачыненні да яго правоў, прадугледжаных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Па-другое, актывіст просіць Камітэт ААН прызнаць абавязак беларускай дзяржавы выплаціць яму належную кампенсацыю, уключаючы сумы выплачаных штрафаў і судовых выдаткаў, а таксама кампенсацыю маральнай шкоды за ўжыванне гвалту, адвольныя затрыманні, утрыманне ў негуманных умовах пры пазбаўленні асабістай свабоды.

Акрамя гэтага, Мікалай Дзядок дамагаецца, каб усё ж такі было праведзена належнае расследаванне выпадкаў прымянення ў дачыненні да яго гвалту і прыцягнення за гэта вінаватых да адказнасці. Таксама ён просіць абавязаць Беларусь прынесці яму публічнае прабачэнне за неправамернае абмежаванне свабоды выказвання меркавання і свабоды мірных сходаў.

Па-трэцяе, акрамя індывідуальных мер, актывіст просіць Камітэт па правах чалавека абавязаць дзяржаву перагледзець заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму ў мэтах прывядзення яго ў адпаведнасць са стандартамі свабоды выказвання меркавання. А таксама ўвесці эфектыўны парадак абскарджання рашэнняў, якія абмяжоўваюць або ўплываюць на абмежаванне гэтага права.

"Карціна працяглага і сістэматычнага пераследу, у тым ліку мае затрыманні з ужываннем грубага гвалту ў 2017 і 2018 гадах, абсалютна неправамерныя паўтаральныя пакаранні ў выглядзе буйных штрафаў за публікацыі ў Інтэрнэце, пакаранне за ўдзел у мірных акцыях сведчыць аб мэтанакіраваным парушэнні маіх правоў з прычыны маіх перакананняў і актыўнай грамадскай пазіцыі", – адзначае Мікалай Дзядок. 

«Дайце кнігу скаргаў», або Як падаць зварот у Камітэт па правах чалавека ААН

У прававым лікбезе ад "Вясны" расказваем, што такое Камітэт па правах чалавека, як туды паскардзіцца на Беларусь і які для гэтага трэба пракласці шлях.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства