Вярхоўны камісар ААН заклікала прыняць дадатковыя меры для абароны людзей з інваліднасцю ва ўмовах пандэміі
Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет заклікала дзяржавы прыняць меры для абароны людзей з інваліднасцю падчас пандэміі COVID-19, паведамляецца на сайце ААН. У перыяд ізаляцыі многія з іх пазбавіліся сацыяльнай падтрымкі і магчымасці атрымліваць медыцынскую дапамогу.
"Людзі з інваліднасцю сутыкаюцца з вялікімі рызыкамі, звязанымі з COVID-19. У іх узнікае значна больш цяжкасцяў у сувязі з уведзенымі абмежаваннямі, у тым ліку ў сувязі з ізаляцыяй", - заявіла Бачэлет.
Ва ўпраўленні Вярхоўнага камісара апублікавалі інструкцыі для дзяржаўных устаноў і іншых арганізацый аб тым, як выконваць правы інвалідаў у перыяд барацьбы з пандэміяй COVID-19.
"Ва ўмовах пандэміі людзі з абмежаванымі магчымасцямі аказваюцца ў небяспецы ў сваіх уласных дамах, паколькі з-за мераў ізаляцыі яны пазбаўленыя паўсядзённай падтрымкі і паслугаў. А некаторыя з іх адчуваюць сур'ёзныя пакуты ўжо з-за самой ізаляцыі", - падкрэсліла галоўная праваабаронца ААН.
Да таго ж інваліды сутыкаюцца з сур'ёзнымі пагрозамі ва ўстановах па даглядзе за імі, паколькі менавіта там зафіксаваныя высокія паказчыкі смяротнасці ад COVID-19. З'явіліся жахлівыя паведамленні аб нядбайным стаўленні персаналу гэтых устаноў да пацыентаў. Бачэлет выказала таксама занепакоенасць з нагоды дыскрымінацыі і стыгмы ў дачыненні да людзей з інваліднасцю падчас пандэміі COVID-19.
"Паведамленні пра тое, што падчас пандэміі людзі з абмежаванымі магчымасцямі абдзеленыя ўвагай, выклікаюць глыбокую занепакоеннасць", - сказала Вярхоўны камісар.
Яна падкрэсліла, што рашэнне аб тым, каму ў першую чаргу аказваць медыцынскую дапамогу павінна грунтавацца на індывідуальных клінічных ацэнках і медыцынскіх патрэбах, а не на ўзросце або іншых характарыстыках, такіх як інваліднасць.