Мішэль Форст аб перамогах і паразах на пасадзе спецдакладчыка ААН
Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні пра становішчы праваабаронцаў Мішэль Форст падрыхтаваў свой апошні даклад перад заканчэннем мандата 1 траўня 2020 года. Ён назваў яго больш асабістым, чым папярэднія. У дакладзе Мішэль Форст падкрэсліў:
"Дыскусіі аб вызначэнні праваабаронцаў, якімі б тэарэтычнымі яны ні здаваліся, маюць канкрэтныя наступствы для жыцця людзей. Вось ужо дваццаць гадоў мандат ААН па праваабаронцах займае цэнтральнае месца ў міжнароднай сістэме абароны актывістаў. Дзякуючы гэтаму ён грае стратэгічную ролю, але гэта месца таксама робіць яго мішэнню для ўсіх сваіх супернікаў.
Калі Правы чалавека з'яўляюцца ДНК чалавецтва, то праваабаронцы — яго нервовая сістэма. Іх смеласць рухае барацьбой чалавецтва ва ўсіх частках свету, плячом да пляча з найбольш уразлівымі і ізаляванымі пластамі насельніцтва. Менавіта дзякуючы праваабаронцам мы атрымалі так шмат перамогаў у галіне грамадзянскіх, эканамічных, сацыяльных і культурных правоў, напрыклад, супраць прымусовых шлюбаў, за прызнанне сексуальнай разнастайнасці, за права на годнае жыллё і г. д. Тым не менш, на працягу двух маіх мандатаў, я ўвесь час чуў ад палітыкаў, бізнес-лідэраў і ўладальнікаў СМІ, што праваабаронцы — гэта паразіты, што яны крыніцы небяспекі і непрыемнасцяў, якіх неабходна нейтралізаваць любой цаной або нават ліквідаваць.
Аб праваабаронцах занадта часта кажуць вельмі негатыўна, а ўлады малююць іх прывілеяванымі, нячыстымі на руку парушальнікамі спакою або замежнымі агентамі. Таму адна з задач, якую я імкнуўся вырашыць у якасці спецыяльнага дакладчыка і для вырашэння якой яшчэ так шмат трэба будзе зрабіць, гэта абнаўленне падыходу грамадства да ўспрымання праваабаронцаў.
За гады, якія я правёў, падарожнічаючы па свеце, сустракаючыся і падтрымліваючы праваабаронцаў, я прыйшоў да высновы, што "права абараняць правы" — гэта ключ да пабудовы свету, у якім Правы чалавека існуюць для ўсіх.
Сёння, больш чым праз два дзесяцігоддзі пасля прыняцця Дэкларацыі аб праваабаронцах, падобна, што супраць праваабаронцаў ва ўсім свеце вядзецца сапраўдная вайна. Усё гэта задакументавана мной у адзінаццаці гадавых справаздачах і шасці справаздачах па запыце Арганізацыі Аб'яднаных Нацый".
Акрамя дакладу Спецдакладчык ААН распрацаваў серыю відэаролікаў, якія ілюструюць важную ролю, што адыгрываюць праваабаронцы ва ўсім свеце: агульнае відэа прадстаўляе працу праваабаронцаў, а тры іншыя — прысвечаныя асобным групам, якія падвяргаюцца рызыцы: жанчынам-праваабаронцам, абаронцам навакольнага асяроддзя і праваабаронцам, якія працуюць у канфліктных і постканфліктных сітуацыях.
Таксама Мішэль Форст прэзентаваў плакат да Дэкларацыі ААН аб праваабаронцаў, перакладзены больш чым на 50 моў і дыялектаў з дапамогай НДА ва ўсім свеце.
Спецдакладчык ААН таксама выказаў падзяку ўсім праваабаронцам за ўсе шэсць гадоў сумеснай працы.
"Я ўпэўнены, што мы сустрэнемся зноў, каб разам абмеркаваць многія праблемы, якія стаяць перад супольнасцю праваабаронцаў", — сказаў Мішэль Форст.
Мішэль Форст быў прызначаны спецдакладчыкам ў 2014 годзе, пазней быў пераабраны яшчэ на тры гады. Агулам ён прабыў спецдакладчыкам максімальна дапушчальны тэрмін — 6 гадоў.
У красавіку 2019 года Мішэль Форст наведаў з акадэмічным візітам Беларусь у асабістай якасці, падчас якога сустракаўся і з праваабарончай супольнасцю Беларусі.
Мішэль Форст: "Упэўнены, што да канца свайго жыцця буду знаходзіць спосабы абараняць праваабаронцаў"
У снежні 2018 года Мішэль Форст прадставіў свой гадавы перыядычны даклад, дзе ёсць раздзел і па Беларусі. А ў лютым 2019 года на Савеце правоў чалавека ім была пададзеная справаздача "Становішча жанчын-праваабаронцаў".
Камісія па правах чалавека ўпершыню заснавала мандат па пытанні аб становішчы праваабаронцаў у 2000 годзе. Дзеянне мандата было падоўжанае ў 2020 годзе рашэннем 43/115 Савета па правах чалавека. Новым спецдакладчыкам прызначаная Мэры Лолар - у мінулым заснавальніца і дырэктарка арганізацыі Front Line Defenders (2001-2016 гг.) і дырэктарка ірландскага аддзялення арганізацыі "Міжнародная амністыя" (1988-2000 гг.).