Генсак ААН заклікаў улады Беларусі быць стрыманей і не парушаць правы людзей
Арганізацыя аб'яднаных Нацый заклікала ўлады Беларусі праявіць максімальную стрыманасць і забяспечыць захаванне права людзей на мірныя сходы. Адпаведную заяву зрабіў на брыфінгу Стэфан Дзюжарык, афіцыйны прадстаўнік Генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрэша.
"Генеральны сакратар ААН з вялікім непакоем сочыць за сітуацыяй у Беларусі – у тым ліку за паведамленнямі аб пратэстах, якія ўзніклі пасля выбараў, і гвалце ў Мінску і іншых гарадах", – сказаў Дзюжарык.
Па яго словах, кіраўнік арганізацыі заклікаў беларускія ўлады праявіць максімальную стрыманасць і забяспечыць поўнае выкананне правоў на свабоду выказвання, мірных сходаў.
Гутэрэш адзначыў таксама важнасць таго, каб грамадзяне краіны ажыццяўлялі свае правы мірна ў адпаведнасці з законам.
"Генеральны сакратар ААН заклікае ўсе бакі пазбягаць дзеянняў, якія абвастрылі б напружанасць, і вырашаць праблемы ў духу дыялогу", – сказаў на заканчэнне Дзюжарык.