viasna on patreon

Вярхоўны камісар ААН асудзіла гвалтоўныя меры Беларусі ў адказ на пратэсты пасля выбараў

2020 2020-08-13T10:51:49+0300 2020-08-13T10:51:49+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/michellebachelet.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет

Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет

У сераду, 12 жніўня, Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет асудзіла гвалтоўныя меры ўладаў Беларусі ў адказ на акцыі мірных пратэстаў, якія прайшлі па ўсёй краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў, і заклікала да таго, каб улады прыслухаліся да незадаволенасці народа. Аб гэтым паведамляецца на сайце УВК ААН.

Пасля абвяшчэння папярэдніх вынікаў нядзельных выбараў у Беларусі, якія выклікалі спрэчкі, ўспыхнулі галоўным чынам мірныя пратэсты, услед за якімі адбыліся жорсткія меры з боку сіл бяспекі. Паступілі паведамленні аб тым, што супрацоўнікі паліцыі беспадстаўна і празмерна ўжывалі сілу ў дачыненні, як правіла, мірных пратэстоўцаў, стралялі гумовымі кулямі, выкарыстоўвалі вадамёты і светлашумавыя гаранты. Паводле паведамленняў, супрацоўнікі паліцыі збівалі пратэстоўцаў, у тым ліку і пасля іх затрымання. Прынамсі, 250 чалавек атрымалі траўмы, а адзін удзельнік пратэстаў загінуў пры неўстаноўленых абставінах.

"Я нагадваю ўладам Беларусі, што ўжыванне сілы для кіравання пратэстамі заўсёды павінна быць выключнай і крайняй мерай і што варта праводзіць адрозненні паміж агрэсіўнымі асобамі і мірнымі дэманстрантамі, у дачыненні да якіх не павінна прымяняцца сіла. Дзяржаўныя ўлады павінны дазваляць ажыццяўленне правоў на свабоду мірных сходаў і асацыяцыі і садзейнічаць гэтаму, а не спыняць. Людзі маюць права выказваць сваё меркаванне і нязгоду, тым больш у кантэксце выбараў, калі дэмакратычныя свабоды павінны падтрымлівацца, а не душыцца", – заявіла кіраўнік ААН па правах чалавека.

Бачэлет дадала:

"Па паведамленнях, за апошнія тры дні было затрымана больш за 6000 чалавек, у тым ліку выпадковых прахожых і непаўналетніх, што кажа пра з'яву масавых арыштаў, якія відавочна парушаюць міжнародныя стандарты ў галіне правоў чалавека. Яшчэ большую трывогу выклікаюць паведамленні аб неналежным абыходжанні падчас і пасля затрыманняў. Я нагадваю ўраду Беларусі аб абсалютнай забароне катаванняў і іншых відаў жорсткага абыходжання ў дачыненні да затрыманых".

У гэтым кантэксце Вярхоўны камісар заклікала да неадкладнага вызвалення ўсіх тых, хто быў незаконна змешчаны пад варту, і да своечасовага дбайнага незалежнага і бесстаронняга расследавання ўсіх заяў аб парушэннях правоў чалавека.

"Тым, хто быў адвольна затрыманы або падвергнуўся жорсткаму абыходжанню за мірнае выказванне нязгоды, неабходна забяспечыць правасуддзе і пакрыццё шкоды. Улады таксама павінны выслухаць скаргі людзей датычна выбараў і прыняць адпаведныя меры", – падкрэсліла Вярхоўны камісар.

Бачэлет таксама выказала занепакоенасць перыядычным адключэннем Інтэрнэту, пачынаючы з нядзелі, а таксама блакаваннем многіх платформаў сацыяльных медыя, навінавых сайтаў і сайтаў няўрадавых арганізацый, што ўяўляе сабой сур'ёзнае абмежаванне права на свабоду выказвання меркаванняў, уключаючы права на пошук і прадастаўленне інфармацыі.

Журналісты, якія асвятлялі падзеі падчас акцый пратэстаў, падвергліся прыгнётам і ў некаторых выпадках нападам. Іх абсталяванне было пашкоджанае або канфіскаванае, больш за 50 рэпарцёраў і блогераў былі змешчаныя пад варту, і ў дачыненні да некаторых з іх распачалі крымінальныя справы.

"Свабоднае атрыманне і распаўсюджванне інфармацыі вельмі важна для дэмакратычнага грамадства, асабліва ва ўмовах крызісу і грамадскіх хваляванняў. Але яно яшчэ больш важна ў цяперашняй сітуацыі пандэміі COVID-19, калі людзі могуць быць вымушаныя выказваць нязгоду ў Інтэрнэце, а не на вуліцах. Права на мірны пратэст у Інтэрнэце таксама павінна быць абаронена".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства