viasna on patreon

У ААН абавязалі Беларусь перагледзець закон аб масавых мерапрыемствах

2020 2020-10-03T21:01:36+0300 2020-10-03T21:01:37+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/karashkou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Зміцер Карашкоў. Фота Радыё Свабода

Зміцер Карашкоў. Фота Радыё Свабода

30 верасня Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека апублікавала рашэнне Камітэту па правах чалавека (№ 2482/2014), прынятае па індывідуальнай скарзе жыхара Гомеля Змітра Карашкова, у якім беларускі ўрад абавязалі на працягу 180 дзён змяніць закон аб масавых мерапрыемствах. Пра гэта паведамляе Радыё Свабода. 

Прыняты на міжнародным узроўні вердыкт пракамэнтаваў праваабаронца "Вясны" Леанід Судаленка, які займаўся справай на міжнародным узроўні.

У 2013 годзе гомельскі актывіст Зміцер Карашкоў перад вокнамі аблвыканкаму на цэнтральнай плошчы Гомеля разгарнуў вялізны транспарант «Перастаньце прадаваць алькаголь каля школ». За гэта яго абвінавацілі ў парушэнні парадку правядзення масавага мерапрыемства, за што суд выпісаў буйны штраф. У 2014 годзе Карашкоў прыйшоў да амбасады Расіі ў Мінску з плакатам «Пуцін — рукі прэч ад Украіны». Суд прызнаў яго вінаватым у правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства і арыштаваў на 15 сутак.

Прайшоўшы ўсе ўнутраныя сродкі прававой абароны, Зміцер Карашкоў накіраваў індывідуальнае паведамленне ў Камітэт ААН па правах чалавека. КПЧ тройчы — у 2014, 2016 і 2017 гадах — звяртаўся да ўраду Беларусі па каментар адносна гэтай сытуацыі, аднак афіцыйны Мінск запыты з Жэневы праігнараваў.

Камітэт у сваім рашэнні нагадаў, што любыя абмежаванні на ажыццяўленне свабоды думак і іх выказвання павінны адпавядаць строгім крытэрам неабходнасці і сувымернасці. Паводле КПЧ, пакаранне Карашкова, хоць яно і грунтуецца на нацыянальным заканадаўстве, не можа лічыцца апраўданым.

Паводле рашэння Камітэту, беларускі ўрад абавязаны

  • даць Змітру Карашкову адэкватную кампенсацыю, уключаючы пакрыццё сумы накладзенага штрафу і любых панесеных ім судовых выдаткаў;
  • зрабіць усе неабходныя захады для прадухілення падобных парушэнняў у будучыні, перагледзець нацыянальнае заканадаўства і практыку яго прымянення, для таго каб забяспечыць кожнаму поўнае ажыццяўленне права на свабоднае выказванне думкі;
  • апублікаваць прынятае рашэнне на сваіх дзяржаўных мовах і аб зробленых захадах паведаміць на працягу 180 дзён у ААН.

Леанід Судаленка адзначыў, што хоць афіцыйны Минск пакуль ігнаруе рашэнні, якія прымаюцца ў КПЧ ААН, тым не менш такая пазыцыя і такое стаўленне да правоў чалавека не зніжаюць каштоўнасці рашэнняў, якія прымаюцца ў Жэневе.

«Гэтая праца для будучага дэмакратычнага ўраду нашай краіны, пры якім усе прынятыя ў КПЧ ААН рашэнні будуць выкананыя», — дадаў праваабаронца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства