Праваабаронцы нагадалі пра рэкамендацыі беларускім уладам пад час сайд-івенту для дэлегацый Савета па правах чалавека
16 кастрычніка адбыўся сайд-івент па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Мерапрыемства праходзіла для дэлегацый Савета па правах чалавека ААН з удзелам беларускіх праваабаронцаў пры падтрымцы Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Фонда Дамоў правоў чалавека (HRHF) ў межах працэдуры Універсальнага перыядычнага агляду (УПА).
Сайд-івент у першую чаргу праводзіўся, каб амбасадары краін Еўразвязу, ЗША і Вялікабрытаніі ў Беларусі, а таксама прадстаўнікі дэлегацый СПЧ ААН з іншых краін маглі з першых вуснаў атрымаць інфармацыю пра апошнія падзеі ў Беларусі. .
Старшыня РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт” Алег Гулак закрануў пытанні незалежнасці судовай сістэмы і адвакатуры ў святле апошніх падзей у краіне.
Тэмай дакладу дырэктаркі Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend) Вольгі Смалянкі была сітуацыя са свабодай асацыяцый, рэгістрацыяй грамадскіх аб’яднанняў, а таксама ціск на прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.
Юрыстка Беларускай асацыяцыі журналістаў Вольга Сяховіч спынілася на шматлікіх парушэннях свабоды слова, сітуацыі з незалежнымі СМІ і пераследзе журналістаў.
Віцэ-прэзідэнт FIDH, сябра Савета Праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянцін Стэфановіч распавёў пра сітуацыю з палітвязнямі і палітычна матываваным крымінальным пераследам у Беларусі, спыніўся на пытаннях з катаваннямі і жорсткім абыходжаннем, ахарактарызаваў праблемы з правам на жыццё.
“Прэзідэнцкія выбары 2020 г. праходзілі на фоне бесперапынных рэпрэсій, ціску і запалохвання грамадства. На працягу выбарчай кампаніі з траўня па жнівень пад крымінальны пераслед па палітычных матывах трапілі не менш за 30 чалавек, уключаючы блогераў, членаў ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты, а таксама самі патэнцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты, якія прымалі ўдзел у выбарах. На дадзены момант пад крымінальны пераслед трапілі больш за 300 чалавек, праваабарончай супольнасцю больш за 90 чалавек на дадзены момант прызнаныя палітычнымі зняволенымі, і гэтая лічба працягвае расці. Многія палітвязні сутыкаюцца з парушэннямі іх правоў, у тым ліку, і права на абарону,” – адзначыў Валянцін Стэфановіч.
Ён таксама нагадаў пра рэкамендацыі, выпрацаваныя прадстаўнікамі праваабарончай супольнасці ў гэтым плане, а менавіта:
- Спыніць запалохванне, пераслед, прымяненне сілы і прыцягненне да адказнасці людзей за выказванне свайго меркавання, удзел у мірных сходах і ўдзел у дзейнасці незалежных арганізацый грамадзянскай супольнасці, прафсаюзах.
- Неадкладна і без якіх-небудзь умоў вызваліць усіх палітычных зняволеных і забяспечыць іх поўную рэабілітацыю.
- Неадкладна вызваліць затрыманых адвакатаў Лілію Уласаву, Максіма Знака і Іллю Салея, а таксама праваабаронцаў ПЦ "Вясна" Марфу Рабкову і Андрэя Чапюка.
- Спыніць практыку затрымання, заключэння пад варту і прыцягнення да крымінальнай адказнасці людзей за ажыццяўленне імі свайго права на свабоду выказвання меркаванняў і права на мірныя сходы.
Яшчэ адна важная тэма – катаванні і жорсткае абыходжанне. На сённяшні дзень вядома пра больш за 1800 заяў ахвяр катаванняў, пададзеных у Следчы камітэт. Аднак да гэтага часу не было распачата ніводнай крымінальнай справы па фактах катаванняў. Акрамя таго, апошнім часам вышэйшыя службовыя асобы МУС і сам Лукашэнка не раз заяўлялі пра тое, што ніякіх катаванняў не было і гэта з'яўляецца непраўдзівай інфармацыяй.
Таксама Стэфановіч нагадаў пра неабходнасць увядзення мараторыя на смяротнае пакаранне.
На дадзены момант праваабаронцам вядома пра чатырох чалавек, якія знаходзяцца ў камеры смяротнікаў у чаканні выканання прысудаў.
Асаблівую занепакоенасць выклікае лёс братоў Іллі і Станіслава Косцевых, прысуджаных да смяротнага пакарання ў пачатку гэтага года за забойства суседкі. Смяротны прысуд у дачыненні да братоў уступіў у законную сілу, і адзіным шанцам выратаваць іх жыцці з'яўляецца памілаванне А. Лукашэнкі. Яны вельмі маладыя (19 і 21 год) і раней не судзімыя за здзяйсненне цяжкіх злачынстваў.
Беларусь таксама працягвае ажыццяўляць пакаранні асоб, у дачыненні да якіх КПЧ ААН былі пачаць тэрміновыя меры абароны.
Праваабаронцы агучылі першачарговыя рэкамендацыі беларускім уладам у межах працэдуры УПА