viasna on patreon

Блог Насты Лойкі: Правы чалавека: “палітыка падвоеных стандартаў” альбо ўсё ж пра права?

2014 2014-12-30T17:59:28+0300 2014-12-30T18:03:31+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/blog-lojka-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Існуе меркаваньне, што правы чалавека – гэта не каштоўнасьць, а навязваньне чужой палітычнай волі (“празаходняй”). І што гэтае навязваньне супярэчыць, канешне, традыцыям і культурным асаблівасьцям народаў. Такая крытыка правоў чалавека ідзе з усходняга праісламскага сьвету, папулярная і ў праваслаўным падыходзе, прасочваецца ў навукоўцаў-юрыстаў у нас (артыкулы дацэнта Кілініна С.А.). Таксама нехта заважыць, што, напрыклад, праблемы правоў чалавека ва Ўзьбэксістане прыгадваюцца радзей, чым беларускія, хаця там сытуацыя куды вастрэй. Прычына ў лякалізацыі і адсутнасьці нафты?

Наша міністэрства замежных спраў (далей МЗС) трансьліруе такі ж праўладны падыход да тэмы правоў чалавека: маўляў, мы вырашаем самі, якія правы забясьпечваць, а што нам не падабаецца – тое спроба нам навязаць. У абгрунтаваньне гэтага яны ганарацца правамі дзіцяці, супрацьдзеяньню гандлю людзьмі, і ў той жа час не выконваюць рашэньні Камітэта па правах чалавека ААН і пішуць агляд парушэньня правоў чалавека ў сьвеце, можа нават разьбіраюцца, але...

Прывяду прыклад. Найбольш актыўна на дадзены момант Беларусь супрацоўнічае з Саветам ААН па правах чалавека ў межах Унівэрсальнага пэрыядычнага агляду. Так у выніку разгляду дакладу ад ураду і альтэрнтаўнага дакладу ад неўрадавых арганізацый у 2010 годзе Савет вынес 93 рэкамэндацыі, толькі 19 з іх Беларусь прызнала непрымальнымі. З Дакладу Працоўнай групы па ўнівэрсальным пэрыядычным аглядзе, рэкамэндацыя 98.11: “Прывесьці палажэньні Закона "Аб масавых мерапрыемствах" у адпаведнасьць з патрабаваньнямі Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (Ірляндыя)”. Меркаваньне беларускага ўраду: “Рэкамэндацыя 98.11: 27. непрымальная, паколькі палажэньні Закона Рэспублікі Беларусь "Аб масавых мерапрыемствах" адпавядаюць Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і накіраваны на абарону правоў і свабод грамадзян”. То бок, беларускі ўрад дазваляе сабе сам трактаваць палажэньні міжнародных дакумэнтаў і плюе на праваўжывальную практыку ААН.

Але давайце разьбірацца. У адказ у мяне ёсьць некалькі тэзісаў.

Па-першае, банальнае: няма дзяржаў у сьвеце, якія б не парушалі правы чалавека. Чаму? Бо ўлады звычайна занятыя сацыяльнымі, эканамічнымі пытаньнямі; выдаткоўваць грошы на рэканструкцыю турмаў менш папулярна, чым на павышэньне пэнсій. Да таго ж, стандарты правоў чалавека патрабуюць шмат актыўных дзеяньняў ад дзяржавы (ня лезьці, куды хочацца, але нельга; забясьпечваць тое, што ня хочацца і г.д.). І за сабой улады часта не заўважаюць, таму важны міжнародныя інстанцыі па абскарджаньні і шчыльны кантакт уладаў з праваабарончай супольнасьцю ў краіне, спэцыяльныя органы;

Па-другое, Арганізацыя Аб’яднаных Нацый была ўтвораная пасьля Другой сусьветнай вайны як палітычная воля дзяржаў: тады яшчэ вострымі былі ўражаньні ад вайны-генацыдаў, шчырым было імкненьне не дазволіць паўтору, нават коштам адмовы ад часткі свайго сувэрэнітэту (Статут ААН дазваляе ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы краіну ў выніку грубых парушэньняў правоў чалавека). Таму ўступленьне дзяржавы ў ААН, падпісаньне тых ці іншых міжнародных дагавораў – гэта ўсё менавіта палітычная воля. Пры гэтым важным зьяўляецца прынцып добрасумленнага выкананьня ўзятых абавязкаў па міжнародным праве (pacta sunt servanda). У маім разуменьні гэтага прынцыпу беларускім уладам варта адпісацца ад Першага факультатыўнага пратакола да Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, бо рашэньні Камітэта па правах чалавека ААН МЗС лічыць “рэкамэндацельным меркаваньнем экспэртаў”;

Па-трэцяе, яшчэ больш банальным можа падасца просты тэзіс пра ўнівэрсальнасьць правоў чалавека. Калі Усеагульная дэклярацыя правоў чалавека была прынятая ў 1948 годзе, ды і зараз, ніхто з кіраўнікоў дзяржаў публічна ня змог сказаць, што гэта кепскі ці шкодны дакумэнт. Усе разумелі: абараніць чалавечую годнасьць магчыма толькі наборам пэўных правоў і гарантый кожнага чалавека. Прычым набор гэты павінен працаваць у любой кропцы сьвету і ў сваёй сукупнасьці (мала не трымаць людзей у рабстве, калі ў іх няма права на справядлівы суд і г.д.);

Па-чацьвёртае, тым ня менш, часта ўзровень правоў чалавека ў дзяржаве залежыць ад эканамічных і палітычных мэханізмаў. Хаця большасьць грамадзка-палітычных правоў не патрабуюць значных выдаткаў, але геапалітычны ўплыў і абставіны ў рэгіёне можа тлумачыць больш востры інтарэс міжнароднай супольнасьці і палітыкаў да тэмы правоў чалавека. Правы чалавека можна выкарыстоўваць як аб’ект гандлю, калі адзін з бакоў “заходні джэнтэльмэн, які клапоціцца пра стан правоў чалавека” і можа сабе дазволіць даваць адзнакі. Таму мо часта кажуць, што сорамна быць дыктатарам у Эўропе, а на праблемы ў Афрыцы не зважаюць (помсьцяць былым калёніям, што яны ўжо ня іх, а мігрантаў больш любяць разварочваць назад, на разграбленыя імі землі яшчэ да вайны). А ў Азіі шмат хто мае нафту ці ядзерную зброю, таксама правы чалавека не заўжды да месца ў палітычным дыскурсе… Проста палітыка – усяго толькі адзін з магчымых інструмэнтаў адстойваньня правоў чалавека, але ніяк не сама сутнасьць правоў чалавека ў палітычных інтарэсах.

Па-пятае, ўсё ж, у “палітычнасьці правоў чалавека” вінаватыя палітыкі, якія ніяк не праваабаронцы (пра розьніцу паміж імі напішу ў наступным запісу). Я ж хачу зьвярнуць увагу на тое, што вы рэдка бачыце ў навінных зводках: на працу спэцыяльных органаў і спэцпрацэдур у межах ААН. Вось гэтыя ворагны і спэцпрацэдуры складаюцца згодна рэгляментаў, каб іх праца не залежала ад палітычных гульняў і зацікаўленасьцяў, тады абіраюцца прафэсіяналы ў галіне правоў чалавека, якія ацэньваюць канкрэтныя сытуацыі і тэндэнцыі выключна сыходзячы з экспэртнага разуменьня стандартаў правоў чалавека. Так, той жа Камітэт па правах чалавека ААН будзе мець аднолькавы падыход да разгляду індывідуальнай скаргі аб абмежаваньні свабоды сходаў у Беларусі, Італіі і Ўзьбэкістане. І пры прыняцьці сваіх рашэньняў яны ня будуць кіравацца палітычнымі інтарэсамі нават дзяржавы свайго паходжаньня, бо гэта калектыўная працэдура. Але нават індывідуальныя спэцдакладчыкі нясуць адказнасьць перад Саветам ААН па правах чалавека, і таму будуць аб’ектыўныя ў сваіх падыходах да профільных праблем. Ігнараваньне гэтага факту з боку ўладаў паказвае адсутнасьць зацікаўленасьці ў рэалізацыі правоў чалавека ў сваёй краіне, а астатняе – толькі апраўданьні.

 

Пераклады ілюстрацый:


 

 

 

 

 

 

 

Кім: “Мы арыштавалі двух амэрыканскіх журналістаў

 

І прыгаварылі іх да 12 гадоў цяжкай працы

 

За тое, што яны зьбіраліся крытыкаваць нашае бачаньне правоў чалавека…”

 

 

 

 

 

 

 

Амэыканская “выключнасьць”

Мы будзем патрымліваць свабоду на Бліжнім Усходзе

За выключэньнем:

- Калі гэта кепска для Ізраіля

- Калі гэта кепска для нафтавых кампаній

- Калі нам падабаецца дыктатар

- Калі мы прызначылі дыктатара

- Калі рэвалюцыя правальваецца

- Калі абіраюцца радыкалы на выбарах

 

Парушэньне правоў чалавека! (справазадча ААН) – у Паўночнай Карэі

Прабачце, нічога ня чую (Кітай)

Наста Лойка

Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” з 2010 года, удзельніца Міжнароднага моладзевага праваабарончага руху. Магістр Еўрапейскага і міжнароднага права. Профільныя тэмы: палітвязьні, адвольныя затрыманьні, мірныя сходы, грамадзкі кантроль, асьвета й адукацыя ў галіне правоў чалавека. Шмат што з праваабарончай дзейнасьці застаецца “за кадрам”: не пра ўсё пішуць у навінах, не пра ўсё могуць спытаць журналісты. Мой блёг ськіраваны на асьвятленьне асобных тэмаў у галіне правоў чалавека, у чым я зыходжу з уласнага досьведу й меркаваньня.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства