viasna on patreon

Беларусаў зноў судзяць за атрыманне "замежнай дапамогі"

2024 2024-12-27T16:04:57+0300 2024-12-27T16:11:48+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/etap_politviazni.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У лістападзе і снежні па ўсёй Беларусі адбыліся чарговыя масавыя затрыманні экс-палітвязняў, а таксама сваякоў і блізкіх палітзняволеных. Супрацоўнікі КДБ ладзілі ператрусы і допыты ў межах крымінальных справаў, а супраць некаторых затрыманых па выніку склалі пратаколы за "атрыманне замежнай дапамогі для ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці" (паводле Дэкрэту № 7 у рэдакцыі ад 08.11.2021 г.). Справы затрыманых разглядалі ў снежні, таксама суды пройдуць у студзені 2025 года. Таксама вядома, што некалькі чалавек пасля затрымання перавялі ў СІЗА ў межах крымінальных справаў. Напачатку 2024 года пад пераслед за дапамогу ад ініцыятывы INeedHelpBY патрапіла больш за 300 чалавек. "Вясна" сабрала ўсю вядомую інфармацыю пра пераслед за атрыманне дапамогі рэпрэсаваным. 

Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

У сярэдзіне лістапада і снежня супрацоўнікі КДБ ладзілі чарговыя затрыманні за салідарнасць. Пад рэйды трапілі экс-палітвязні і блізкія палітзняволеных, якія цяпер знаходзяцца за кратамі. Па інфармацыі "DissidentBY", арышты і вобшукі прайшлі ў шматлікіх людзей на прадмет атрымання дапамогі. Паводле ініцыятывы, некалькі чалавек змясцілі ў СІЗА паводле крымінальных артыкулаў за"здраду дзяржаве" (арт. 356 КК) і "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-4 КК).

Супраць некаторых затрыманых падчас рэйду склалі пратаколы за "выкарыстанне замежнай дапамогі для ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці" (Дэкрэт № 7 у рэдакцыі ад 08.11.2021 г.). Суды над імі распачаліся ў снежні, але ў чым дакладна абвінавачваюць затрыманых, пакуль невядома. Паводле "Вясны", мінімум 10 чалавек збіраюцца судзіць за "атрыманне замежнай дапамогі".

У Беларусі пачалі судзіць за "выкарыстанне замежнай дапамогі для ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці"

Гэты артыкул раней у Беларусі не выкарыстоўваўся.

Так, у судзе Ленінскага раёна Брэста 11 снежня адбыўся суд над былой палітзняволенай Янінай Сяргейчык. Дзяўчыну ў 2021 годзе асудзілі да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ ("хіміі") за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту (арт. 342 КК). Яніна адбывала пакаранне ў ПУАТ-1, і ў 2024 годзе выйшла на волю.

Таксама будзе разглядацца справа супраць айцішніка і былога палітвязня Юрыя Усніча. Працэс адбудзецца 30 снежня ў судзе Ленінскага раёна Мінска. Суддзя — Анастасія Ачалава. У красавіку 2022 года Юрыя асудзілі да двух з паловай гадоў калоніі за ўдзел у пратэстах. Ён цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю ў 2024 годзе.

Адбыўся суд і над Валерыяй Дзяцук — былой выкладчыцы аднога з гомельскіх універсітэтаў і кандыдаткі хімічных навук, піша "Гомельская Вясна". Сын Валерыі — палітвязень Сяргей Дзяцук, які ў сакавіку 2024 года не выйшаў на волю па заканчэнні папярэдняга тэрміну, бо быў затрыманы па новай крымінальнай справе. Нядаўна яго асудзілі на яшчэ адзін год зняволення.

23 снежня ў судзе Пастаўскага раёна адбыўся суд над Ірынай Палянінай. Ірыну раней асудзілі да двух гадоў калоніі. Тэрмін Паляніна адбывала ў жаночай калоніі № 24 і ў 2022 годзе выйшла на волю.

За «атрыманне замежнай дапамогі» 27 снежня судзілі каталіцкую верніцу з Шуміліна Вераніку Кабылкову. Яе муж Арцём трапіў пад пераслед год таму —сілавікі тады затрымалі яго за падпіскі, але не змаглі запісаць "пакаяльнае відэа". Вядома, што тады Арцёма аштрафавалі на 555 рублёў.

Яўген Харашкевіч з жонкай.
Яўген Харашкевіч з жонкай

У Наваполацку адбыўся суд над жонкай экс-палітвязня Яўгена ХарашкевічаНінай. Справу разглядала суддзя Зінаіда Балаболава. Яўген быў асуджаны да чатырох гадоў калоніі і толькі ў жніўні 2024 года выйшаў на волю па заканчэнні тэрміну. Пакуль ён быў у зняволенні, у яго нарадзілася дачка.

Нагадаем, першы "рэйд па салідарнасці" адбыўся напачатку 2024 года. Тады падставай для пераследу стала дапамога сем'ям палітвязняў з прадуктовымі перадачамі праз Е-дастаўку ад ініцыятывы INeedHelpBY, якую ўлады прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем". Паводле "Вясны", тады пад пераслед трапілі сама меней 300 чалавек, абсалютная большасць з якіх — жанчыны. У выніку каля 40 чалавек асудзілі па крымінальных справах, а больш за 150 чалавек атрымалі вялікі штраф за атрыманне дапамогі праз INeedHelpBY паводле арт. 24.15 КаАП, а таксама мусілі выплаціць кампенсацыю сумы "замежнай" аплаты. 

Мінімум 100 чалавек судзяць за атрыманне "замежнай дапамогі" праз INeedHelpBY

"Вясна" распавядае пра вынікі пераследу беларусаў за прадукты для сем'яў палітзняволеных.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства