viasna on patreon

Блог Насты Лойкі: Те аве́н бахтале́! Цыганская гісторыя

2015 2015-02-16T17:57:05+0300 2015-02-16T17:57:05+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/cyhanka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Цыганка. Jean Francois Portaels

Цыганка. Jean Francois Portaels

Аднойчы на нумар грамадзкай прыёмнай патэлефанавала жанчына: “Вы можаце мне дапамагчы? Я выходжу ў краму – мяне затрымліваюць і вязуць у міліцыю адкатываць пальцы. Выходжу ў аптэку – зноў вязуць, у іншае аддзяленьне. А там абражаюць, пагражаюць, ігнаруюць мае словы, што ўжо здымалі адбіткі… Так проста немагчыма!”

Я трошкі падвісаю: мяне чамусьці так па аддзяленьнях ня возяць. Да вясны яшчэ час ёсьць, у чым справа?.. Прызначаю ёй сустрэчу ў нас на наступны дзень. З парогу ўсё разумею: тыпова цыганскі твар, хустка на галаве, цёмныя вочы й валасы… Вельмі бойкая, інтэлігентная і прыемная цыганка, якімі іх сацыялізаваная частка мне заўжды і ўяўлялася.

Рэчы яна распавядала жудасныя (пра гэта будуць асобныя артыкулы пазьней). Але асабіста для мяне была аднойчы магчымасьць пачуць стаўленьне з адваротнага боку: выступала я сьведкай на судзе (няўдала спрабавала спыніць затрыманьне адной актывісткі). На гуказапісу працэсу потым пачула, як сьведка-супрацоўнік міліцыі ў сваіх паказаньнях перада мной распавядаў, што яны “хадзілі патруляваць участак (прыватны сэктар – заўвагі аўтара), нам было дадзенае ўказаньне правяраць цыган, падазроных людзей”. І тут яны пачулі дзявочую лаянку прам з будынку і далей усё традыцыйна.

Затрыманая не была цыганкай, але такі аповед з боку супрацоўніка міліцыі ў судзе навёў на тое, што ім рэгулярна аддаюць такія загады. Іх мэтанакіравана натраўляюць на цыган і ставяць іх у сынанімічны шэраг да “падазроных асобаў”! Чаму? Няўжо нашыя “талерантныя” праваахоўнікі лічаць, што ўсё цыганы – злачынцы? Адкуль такая стэрэатыпная прэзумпцыя вінаватасьці па этнічным паходжаньні?

Гэтая гісторыя, як і гісторыі з сэрыі аблаваў на кватэры замежнікаў “у пошуках нелегалаў”, прыводзяць да аднаго толькі варыянту: магчыма, у нас так спакойна й не стае рэальнай колькасці злачынстваў на такі раздуты міліцэйскі штат? Гэтая самая колькасьць супрацоўнікаў міліцыі, як вядома, у нас засакрэчаная, знайшла толькі такую інфармацыю: “незалежныя экспэрты ў ацэнках колькасьці асабовага складу МУС спасылаюцца на дадзеныя ААН, згодна з якімі ў Беларусі на 100 тысяч чалавек прыпадае 1442 міліцыянта. Пры насельніцтве ў 9,5 мільёна душ атрымліваецца, што з іх - 136.990 міліцэйскія”.  І ўявіце, калі хаця б частцы іх дадуць загад правяраць цыган на нядобранадзейнасьць? І згодна перапісу насельніцтва ў 2009 годзе, цыган у Беларусі пражывае 7079 чалавек. Амаль у 20 разоў менш за міліцыянтаў. І з уласнага досьведу я бы паспрачалася, хто больш “падазроны”: міліцыянт ці цыган.

А калі вы жывяце стэрэатыпамі пра цыган-конекрадаў і аб’ядноўваеце іх у адно – варта проста трошкі азнаёміцца зь іх культурай, гісторыяй і спэцыфікай. Вось для гэтага цудоўны сайт: http://arzamas.academy/courses/4

Наста Лойка

Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” з 2010 года, удзельніца Міжнароднага моладзевага праваабарончага руху. Магістр Еўрапейскага і міжнароднага права. Профільныя тэмы: палітвязьні, адвольныя затрыманьні, мірныя сходы, грамадзкі кантроль, асьвета й адукацыя ў галіне правоў чалавека. Шмат што з праваабарончай дзейнасьці застаецца “за кадрам”: не пра ўсё пішуць у навінах, не пра ўсё могуць спытаць журналісты. Мой блёг ськіраваны на асьвятленьне асобных тэмаў у галіне правоў чалавека, у чым я зыходжу з уласнага досьведу й меркаваньня.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства