Блог Насты Лойкі: Пра 8 сакавіка
Звычайна я ігнарую такія дні, але тут зусім ужо ў кветачна-кухоннае ўсё пераўтварылася, таму не магу маўчаць.
Хаця гістарычна гэты дзень для салідарнасьці працоўных жанчын у барацьбе за раўнапраўе, мне хочацца выказаць салідарнасьць з усімі жанчынамі, хто сёньня пакутуе ў гэтым сьвеце.
Так, я спачуваю і падтрымліваю тых жанчын, якім штогод робяць жаночае абразаньне, з надзеяй, што хутка гэта спыніцца (па дадзеных ЮНІСЕФ, гэтую працэдуру перанесьлі па меншай меры 200 мільёнаў жанчын у 30 краінах сьвету. 44 мільёны пацярпелых складаюць дзяўчынкі ва ўзросце да 15 гадоў).
Таксама я салідарна зь дзяўчынамі,
- якіх гвалтоўна аддаюць замуж (на Паўночным Каўказе, у Казахстане, Марока, Азербайджане, Йемене, Нігерыі, Чадзе, Малі і г.д.)
- не даюць вучыцца (дарагія язідкі)
- абмяжоўваюць доступ да прафэсій
- зьніжаюць заробкі па гэндэрнай прыкмеце
- не даюць галасаваць (Брунэй, ААЭ).
І яшчэ трошкі з Вікіпедыі пра гвалт над жанчынамі: гвалт над жанчынамі асабліва распаўсюджаны ў краінах і частках свету, якія развіваюцца. Напрыклад, у Індыі, Пакістане, Бангладэш, Шры-Ланцы і Непале распаўсюджаныя забойства з-за пасагу і спаленьне нявесты; ў Паўднёва-Усходняй Азіі, у прыватнасці, у Камбоджы, распаўсюджана абліванне кіслатой; на Сярэднім Усходзе і ў Паўднёвай Азіі - забойствы гонару; у асобных рэгіёнах Афрыкі, Сярэдняга Усходу і Азіі - жаночае абразанне; у Эфіопіі, Цэнтральнай Азіі і на Каўказе - выкраданне нявест; ў пэўных частках Чорнай Афрыкі і Акіяніі - гвалт, звязанае з выплатай выкупу за нявесту (такія формы як жорсткасць, гандаль людзьмі і шлюб пад прымусам).
Беларусь з 1980 года ратыфікавала Канвенцыю аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын, але на колькі мы блізкія да роўнасьці?..
* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў