viasna on patreon

Блог Валянціна Стэфановіча: Як мы ляпілі кракадзіла

2014 2014-12-30T12:10:49+0300 2014-12-30T12:10:49+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Cнег на вуліцах Менску неяк нагадаў мне тую сапраўдную зіму, зіму з дзяцінства. Тады, як вядома, і снег быў больш белы і снягурка прыгажэйшая, а падарункі - доўгачаканымі і смачнымі…
І вось прыгадалася мне гісторыя, як мяне і яшчэ некалькі ахламонаў адправілі ўдзельнічаць у раённым міжшкольным конкурсе снежнай фігуры. Карацей, прадстаўнікі кожнай школы павінны былі зляпіць нейкую снежную фігуру. Адбывалася ўсё гэта на нейкім стадыёне непадалёк ад завода "Інтэграл". Быў гэта мабыць год 85-ты ці 86-ты. Чаму мяне адправілі на гэты конкурс, я не ведаю, але думаю таму, што я маляваў няблага. А вось чаму са мной адправілі яшчэ пару аднакласнікаў і па якім прынцыпе адбіралі - засталося загадкай. Маляваць яны не ўмелі, ляпіць таксама. Затое ў іх быў пачак "Космаса" за 75 капеек. Ну вось, папаліўшы для пачатку, мы прыняліся за творчы працэс. Вырашылі ляпіць кракадзіла, які па нашай творчай задумцы мусіў выглядаць дакладна як кракадзіл, намаляваны ў аднайменным часопісе. Мы амаль справіліся, зляпілі ўсё як мае быць: і хвост, і грабеньчыкі на спіне, і тулава. Адна незадача - пыса ў нас не атрымлівалася ніяк. Занадта тонкая, а таўсцей зляпіць не атрымлівалася, бо снег не трымаўся. Мы былі і палку засунулі кракадзілу ў галаву, абляпіўшы снегам. Усё адно не тое, выглядаў як нейкі бураціна з даўгім і тонкім носам. Папаліўшы зноўку "Космаса", вырашылі перарабіць кракадзіла на пінгвіна. Нам падалося гэта вельмі файнай ідэяй. Амаль тое самае, толькі хвост і грабеньчыкі трэба прыбраць. Так і зрабілі. Прымацавалі маленькую дзюбу, значна ўкарацілі хвост. Нармальны такі пінгвін атрымаўся. Пачалі расфарбоўваць. Расфарбавалі чырвоным дзюбу, намалявалі чорным спіну і крылы. Прыгажосць. Трымаючы цыгарэту ў зубах, адзін з маіх прыяцеляў-аднакласнікаў замёр у творчых пошуках - і раптам дамаляваў пад дзюбай нашаму пінгвіну … рот. Я як творчы кіраўнік усёй гэтай хеўры запярэчыў: "У пінгвінаў няма роту, у яго дзюба замест яго". "Як гэта няма, а а як жа ён есь тады!" - адказаў мой прыяцель. Зрэшты ягоная ідэя мне спадабалася. Рот мы вырашылі пакінуць і, падпісаўшы гэты твор мастацтва "СШ № …", пайшлі дадому. А ён застаўся стаяць, наш пінгвін, нагадваючы хутчэй нейкага каўказца з чырвоным носам. Першага месца, вядома, наша школа не заняла, як і іншых месцаў. Крэатыў не ацанілі…

Валянцін Стэфановіч

Нарадзіўся ў 1972 годзе ў Менску. У дзяцінстве марыў стаць лесніком, мараком і машыністам дызэль-электра-цягніка. У жыцці паспрабаваў розныя заняткі: быў маляром, салдатам, студэнтам і юрыстам МПЗ. Цяпер актыўна назіраю за жыццём.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства