Блог Валянціна Стэфановіча: Жыві сёння
Гэты тэкст быў напісаны ў вельмі цяжкі перыяд майго жыцця - у верасні 2011г. Перыяд цяжкі для ўсі хнас, у час выпрабаванняў. Тады для мяне хіба ўпершыню так сур'ёзна і выразна паўстаў выбар - з'ехаць з краіны ці вярнуцца. Вярнуцца назад у краіну, у якой табе ніхто нічога не гарантуе...
У чужых гарадах, сярод чужых людзей я задаваў сабе цяжкія пытанні - як так сталася, як я дайшоў да такога жыцця і ці магло быць інакш…
Гэты тэкст адлюстроўвае мой душэўны стан у тыя цяжкія дні, аднак мне падаецца, што шмат з таго, што тут напісана, застаецца актуальным і зараз. Прынамсі, мой погляд на сутнасць правабароны як такой.
Жыві сёння
Маім дарагім “вясноўцам” прысвячаецца…
Апошнім часам я ўсё часцей задаю сабе адно і тое ж пытанне: ці гэта тое, што ты хацеў дамагчыся ў гэтым жыцці, Валянцін Стэфановіч, ці ты ўвогуле хацеў чаго-небудзь у ім дамагчыся? Ці гэта тое, пра што марыў той 16-гадовы рамантычны аматар Рэмарка і Джона Ленана?
Падчас сваёй вымушанай двухмесячнай эміграцыі я меў досыць часу на роздумы пра сваё жыццё і дзіўныя метамарфозы лёсу. Ходзячы па вечаровых вуліцах чужых гарадоў, сярод чужых людзей я задаваў сабе гэтыя цяжкія пытанні. Гэй, хто адкажа мне - кім я ўрэшце стаў? Нуль, нікчэмны лузер, які вядзе такі лад жыцця, які штодня пагражае магчымасцю правесці пару гадоў у папраўчай калоніі ці ўстанове адкрытага тыпу? І самае галоўнае, а ці магчыма было пайсці іншым, не такім шляхам, жыць не такім жыццём, быць іншым, альбо проста быць як усе? Ці ўсё прадвызначана загадзя і мы не ў сілах змяніць хаду жыцця? Хто рэжысёр у гэтым фільме?
У дзяцінстве я марыў стаць ляснічым. Сур’ёзна. Была ў мяне такая мара: жыць у лесе ў невялікай хатцы, удалечыні ад тлумнага гораду. Не ведаю, чым былі выкліканыя такія мары. Можа, тым, што я часта заставаўся адзін сярод чужых мне людзей? У старэйшых класах школы я проста не ведаў, кім хачу быць і чаго хачу ў гэтым жыцці. Мне мроіліся далёкія падарожжы ў дзівосныя краіны. Для мяне зусім не важна было, чым займацца і дзе працаваць, хацелася нечага нязведаннага, ад чаго б захоплівала дух.
Мне ўвесь час здавалася, ды і зараз здаецца, што я ніколі нікуды і ні да чаго не імкнуўся, плынь жыцця сама несла мяне ў нязведаныя далячыні. А можа мне толькі так падаецца, можа не заўважна для сабе я сам абіраў той адзіны шлях, адзіную сцяжыну сярод мільёнаў магчымых варыянтаў? Прычым абіраў тую, якая проста падабалася мне, нягледзячы на папераджальныя знакі аб магчымых небяспеках наперадзе. Так мне падабалася і так хацелася. Памятаю, як у 1995-ым , у тойтравеньскі дзень, я ляжаў у сваім пустым пакоі, адзін, і горка плакаў. Плакаў ад бяссілля, роспачы і крыўды. Публічнае ганьбаванне яшчэ дзяржаўнага на той момант бел-чырвона-белага сцяга на даху Дома Ураду было для мяне разбурэннем асабістых ілюзіяў, надзеяў на новае жыццё ў новай краіне. Мне і такім, як я, тады наглядна паказалі, што месца ў гэтай краіне для нас няма і не будзе, прынамсі бліжэйшыя, як потым апынулася, мінімум дваццаць год. Тое, з чым мы так шчасліва нібыта развіталіся ў 1991-ым, вярталася назад з імгненнай хуткасцю пад захапляльныя “адабрамс” большасці маіх савецкіх суграмадзянаў.
У красавіку 1996-га я стаяў, трымаючыся за рукі з такімі ж, як я, “бэнээфаўцамі” і разгублена глядзеў у вочы свайму аднагодку ў міліцэйскай форме, што стаяў насупраць мяне. Такі ж самы 23-гадовы хлопец, мой зямляк, на цэнтральным праспекце роднага гораду... Усё было як у кіно: дэманстранты, міліцыя, газ, дручкі. Няўжо гэта ў нас? Няўжо яны будуць нас біць? За што? Вакол былі бойкі, нехта кульнуў міліцэйскую машыну. А мы так і стаялі, застыўшы насупраць адзін аднога. Здавалася, прайшла вечнасць, покуль мой бацька не адпіхнуў мяне ад невядома адкуль ляцеўшага з узнятым над галавой дручком міліцыянта. За секунду я працверазеў. Потым была восень 1996- га, вясна 1997-га, першы арышт на пяць сутак, потым “Вясна”, потым… я больш не гляджу ў вочы міліцыянтаў.
У выніку, атрымаўшы свой чырвоны дыплом правазнаўцы ў 1998-ым, я не ведаў, кім буду працаваць, але дакладна ведаў, кім не буду. Я цвёрда вырашыў не мець з гэтай уладай анічога агульнага. Эмацыйны выбар? Мабыць так. Можна ж было неяк і па іншай сцяжынцы пайсці. Але атрымалася вось так, як атрымалася. Лёс, як кажуць, не абмінеш.
У такім разе наракаць на лёс не выпадае? Ты сам ягоны гаспадар, ты сам яго абраў. Так атрымліваецца?
А што да ўлады, дык не люблю я любіць уладу, любую. Любіць уладу - занятак неінтэлігентны, непрыгожы, у гэтым ёсць нейкая няшчырасць, блюзнерства і пошласць. Уладу можна прымаць, нават напэўна паважаць (пакуль што зусім незнаёмае пачуццё), але не любіць. Уладу трэба кантраляваць і мяняць. Прычым, як мага часцей. Не народ для Урада, а Урад для народа. Лепей і не скажаш. Улада, кіраванне, падпарадкаванне, гвалт…
Я не люблю кан’юнктуры. Прычым, няважна, ад каго такая кан’юнктура зыходзіць – ад улады, апазіцыі ці чарговых прэтэндэнтаў на нацыянальных збаўцаў. Вельмі часта так здараецца, што праўда не патрэбная ні адным, ні другім, ні трэцім. Жыццё значна больш разнастайнае ў сваіх праявах, чым схемы ў галовах некаторых маралістаў-палітыканаў ці гераічныя эпасы, якія насамрэч часта бываюць зусім не гераічнымі. Сапраўдны праваабаронца мусіць быць бескампрамісным і прынцыповым. Нават калі гэта не падабаецца істэблішмэнту, большасці грамадства ці апазіцыі. Міфатворчасць - гэта не для нас. Памятаю, як мяне ўразілі нашыя калегі з Кыргызстана. Сціплыя жанчыны, моцныя духам і светлыя розумам. Пасля чарговай рэвалюцыі ў Кыргызстане, калі быў зрынуты прэзідэнт Бакіеў, у сваіх справаздачах па выніках незалежнага расследвання гэтых падзеяў яны адзначылі, што дэманстрацыя каля прэзідэнцкага Палацу была не мірнай, а ўзброенай, што шмат загінуўшых “герояў Плошчы” загінулі не каля гэтага Палацу, а пры банальных рабаваннях крамаў у цэнтры Бішкеку. І ўсё гэта на фоне бравурных маршаў і прамоваў аб бяссмертным подзвігу і гераізме. Можаце сабе ўявіць, якіх толькі ярлыкоў адразу ні панавешалі на гэтых жанчын. Трэба адзначыць, што яны былі ярымі крытыкамі рэжыма прэзідэнта Бакіева. Для мяне гэтая гісторыя стала сімвалам бескампраміснасці і праўды. Гэта тое, да чаго трэба імкнуцца кожнаму праваабаронцу – да праўды, якая б яна горкая і непажаданая ні была. Пазней, калі падчас этнічнага канфлікту мае знаёмыя праваабаронцы пачалі бараніць ад пагромаў узбецкую нацыянальную меньшыню, кыргызскія нацыяналісты пагражалі забіць іх, спаліць іх жытло, а ў мясцовых газетах пачалося сапраўднае шэльмаванне гэтых “анты-патрыятычных” жанчын-праваабаронцаў. Вельмі часта тое, што мы кажам, тое, за што мы выступаем, не падзяляецца большасцю грамадства. Нас не любяць, нас лічаць у найлепшым выпадку дзівакамі, а ў найгоршым - агентамі сусветнага лібералізму-садамізму, пятай калонай, замежнымі агентамі (далей кожны можа працягнуць сам). Некаторым цяжка зразумець, чаму дзяржава не павінна забіваць забойцаў, а ЛГБТ-актывісты маюць такое ж права на мірныя сходы, што і актывісты Маладога фронту? Правы чалавека не церпяць кампрамісаў і прыярытэтнасці. Усе правы чалавека для ўсіх. Інакш гэта ўжо палітыка, а не праваабарона.
Так што, галоўны прыз глядацкіх антыпатый - гэта па мне.
І ўсё ж пры ўсіх метамарфозах, якія адбыліся са мной за гэтыя гады, я ўдзячны лёсу. Удзячны за тое, што звёў мяне з цікавымі і цудоўнымі людзьмі, за тое, што, не зважаючы на наваколле, я казаў і кажу тое, што думаю, раблю тое, што падабаецца. Пасля 15 гадоў такога аўтаномнага існавання мяне цяжка прыручыць.
Я больш нікому не дазволю вадзіць сябе “строем”— ні лукашыстам, ні камуністам, ні хрысціянскім кансерватарам. Нікому!
За ўсе гэтыя гады я зразумеў, што самае галоўнае ў жыцці - свабода! Яе пах, як водар жанчын, якіх ты калісьці кахаў, застаецца ў памяці на ўсё жыццё. Гэта тое пачуццё, што выводзіць цябе на вуліцу, і там, сярод тысяч людзей, ты адчуваеш сабе свабодным і годным. Як я сумую па гэтых адчуваннях! Я амаль забыўся, як яны кружаць галаву.
Быць незалежным ад Сыстэмы і быць гаспадаром свайго жыцця - вось у чым сапраўднае шчасце!
Мы даўно сталі рыбамі, у нас выраслі жабры. Нас цяжка прыдушыць і знішчыць. Нам няма куды хавацца, шкадаваць няма аб чым. Мы выраслі на гэтай вайне, мы вядзем бой, у якім няма канца і не бывае перамогі. Мы старыя жаўнеры “забытага палка” Дон-Кіхота.
Не думай пра заўтра - жыві сёння. Гэта тваё жыццё, твой лёс. Ты сам яго абраў.
Верасень 2011 г. – Вільня, Парыж
* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў