Газеце "Наша свабода" пагражае закрыццё (Прэс-служба ГА "БАЖ")
У пятніцу, 2 жніўня, за адно паседжанне, суд разгледзеў канфлікт паміж старшынём Камітэта дзяржкантролю Рэспублікі Беларусь Анатолем Тозікам і рэдакцыяй газеты "Наша свабода". Дзяржаўны службовец дамагаўся абвяржэння звестак, апублікаваных газетай 16 ліпеня ў артыкуле Міхаіла Падаляка "Конфиденциально", а таксама матэрыяльнай кампенсацыі на агульную суму 215 млн. рублёў (каля 115 тыс. даляраў паводле курса Нацбанку). Суддзя А. Савіч прызнаў рацыю А. Тозіка і вызначыў памер кампенсацыі маральнай шкоды - 105 млн. рублёў з газеты і аўтара артыкула (каля 54 тыс. даляраў).
Зыск Анатоля Козіка аб абароне гонару і годнасці трапіў у суд 26 ліпеня, пасля таго, як 18 ліпеня Аляксандр Лукашэнка "выказаў заклапочанасць наконт таго, што пачасцiлiся выпадкi выкарыстання недакладнай iнфармацыi для дыскрэдытацыi ў СМI вышэйшых службовых асоб i членаў урада. Гэта палiтыка, падкрэслiў беларускi лiдэр, праводзiцца так званымi апазiцыйнымi сiламi з мэтай "ачарнення" дзеючай улады напярэдаднi выбараў у мясцовыя саветы, а затым i ў парламент. Аляксандр Лукашэнка адзначыў неабходнасць прыцягнення да адказнасцi тых людзей, якiя, парушаючы дзеючае заканадаўства, наўмысна распаўсюджваюць скажоныя факты i свядома нагнятаюць абстаноўку ў грамадстве" (паведамленне Прэс-службы прэзідэнта, "Звязда", 20.08.2002). 31 ліпеня судовыя выканаўцы апісалі маёмасць адказнікаў.
"Наша свабода", якая выходзіць два разы на тыдзень па аўторках і пятніцах, не выйшла ўжо ў дзень судовага разгляду справы. Рашэнне ж суда можа прывесці да таго, што газета будзе зачыненая.