viasna on patreon

Сфабрыкаваныя пераклады і ілжывыя абвінавачванні. Што пішуць японскія СМІ пра затрыманых грамадзян у Беларусі

2025 2025-01-09T11:28:53+0300 2025-01-09T12:41:25+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/3nakanisi_belarus.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На дадзены момант за кратамі паводле палітычных матываў утрымліваюцца два грамадзяніна Японіі. Іх абодвух затрымалі за здымку чыгункі і абвінавачваюць у "агентурнай дзейнасці". Інфармацыі пра абставіны іх пераслед бракуе. Пра афіцыйнае абвінавачванне выкладчыку Наканісі Масатосі, над якім ужо заўтра распачнецца суд, паведамляла толькі дзяржаўнае тэлебачанне. "Вясна" папрасіла адваката Кена Сібата з Японіі распавесці, што пішуць пра затрыманых японскія выданні. 

Наканісі Масатосі
Наканісі Масатосі

Што вядома пра затрыманых?

10 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе распачнецца суд над палітзняволеным грамадзянінам Японіі і выкладчыкам Наканісі Масатосі. Яго затрымалі яшчэ ў ліпені 2024 года, але падрабязнасці яго пераследу распавялі ў сюжэце БТ толькі ў верасні. Сцвярджалася, што мужчына нібыта «ажыццяўляў збор і перадачу на адрас японскай спецслужбы разведвальнай інфармацыі вайсковага характару». Цяпер яго абвінавачваюць паводле арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасць). Працэс прызначана весці суддзя Анжэла Касцюкевіч. Грамадзяніну Японіі пагражае да 7 гадоў калоніі.

"Гэта парушае правы чалавека". Што вядома па справе затрыманага японца ў Беларусі

Адразу пасля выхаду сюжэту на БТ Токіа заявіла пратэст у МЗС Беларусі.

У снежні стала вядома пра затрыманне другога японца ў Беларусі. Гэта пацвердзіла амбасада Японіі. Як піша The Asahi Shimbun, амбасада звярнулася за пацвярджэннем інфармацыі ў МЗС Беларусі. 16 снежня ведамства апавясціла амбасаду аб затрыманні грамадзяніна Японіі.

Нагадаем, паводле інфармацыі Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі, раніцай 1 снежня на станцыі «Калінкавічы Заходнія» машыніст заўважыў чалавека, які здымае пуцеправод. Работнікі ваенізаванай аховы сумесна з супрацоўнікамі РАУС затрымалі мужчыну — грамадзяніна Японіі. Яго прозвішча на дадзены момант невядома. Пазней у СМІ паведамлялася, што гэта можа быць трэвэл-блогер, аўтар блогу «Этэру», які падарожнічаў па свеце і распавядаў аб мясцовым транспарце і інфраструктуры. У апісанні блога пазначана, што «Этэру» захапляецца японскай поштай і чыгункамі за мяжой.

Што пішуць японскія выданні?

Адвакат Кен Сібата адзначае, што цяпер японскае грамадства засяроджана на лёсы затрыманых у Беларусі японцаў.

Пасля таго, як стала вядома аб арышце Наканісі, японскія СМІ адразу пачалі паведамляць аб гэтым. Напрыклад, адна з японскіх буйных газет Sankei shimbun паведаміла аб яго арышце з такім загалоўкам: "Затрыманы ў Беларусі японец сказаў "Я шкадую" ў дзяржаўным телебачэнні. Але невядома, ці гэта адлюстроўвае праўду".

На наступны дзень галоўны сакратар кабінета міністраў Японіі Хаясі Ёсімаса заявіў у NHK:

"Мы неадкладна выказалі пратэст беларускаму міністэрству замежных спраў Рэспублікі Беларусь. У любым выпадку, урад акажа максімальную падтрымку з пункту гледжання абароны японскага грамажаніна".

Шмат сумневаў выклікае прапагандысцкі сюжэт аб “злачынстве” японца ў Беларусі, адзначае адвакат. Напрыклад, на ТБ паказалі ў якасці доказаў урыўкі з японскай сацсеткі "LINE", у якіх Наканісі і яго знаёмы на японскай мове перапісваліся. У іх яны размаўлялі аб перспектывах бізнесу ў Беларусі. Але на тэлебачанні паказалі памылковы ці сфабрыкаваныя пераклад урывак на расейскую мову, які зусім не адпавядае арыгінальнаму тэксту па-японску. Аб гэтым сцвярджала 4 кастрычніка нават найбуйнейшая японская газета Yomiuri Shimbun:

"Пераклады ўрыўка з LINE, якія паказалі на ТБ у якасці доказаў таго, што Наканісі даў інфармацыю “куратару”, былі сфабрыкаваныя. Напрыклад, фраза на японскай мове "Кампаніі складана пачаць бізнес у Беларусі" была перакладзеная як "У любым выпадку Украіна стала марыянеткай ЗША".

Грамадзянін Японіі, брат былой жонкі Наканісі, якога назвалі “куратарам” на беларускім ТБ, адказаў 19 верасня ў інтэрв'ю Daily Shincho наступным чынам:

"Ні як кампанія, ні як прыватная асоба я не звязаны са спецслужбамі, як сцвярджае улада Рэспублікі Беларусь. І ўвогуле не маю да іх ніякага дачынення". "Я думаю, што ён проста фатаграфаваў у якасці хобі. Ведаю, што спадар Наканісі не такі чалавек, які займаецца шпіянажам. Ён сапраўды нармальны чалавек".

У японскіх выданнях таксама пісалі пра пачатак суда над Наканісі. Нядаўна ў японскай прэсе з'явіліся паведамленні аб арышце яшчэ аднаго грамадзяніна Японіі ў Беларусі, але да гэтага часу не паведамляецца яго прозвішча. Акрамя таго, у японскамоўным інтэрнэце многія звяртаюць увагу на арышты грамадзян Японіі ў Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства