viasna on patreon

Алег Мацкевіч: "Тры аргументы на карысць вызвалення Алеся Бяляцкага"

2025 2025-01-09T11:50:00+0300 2025-01-09T13:28:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mackevich-vilnia-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Алег Мацкевіч. Фота: spring96.org

Праваабаронца Алег Мацкевіч. Фота: spring96.org

Праваабаронца Алег Мацкевіч разважае пра неабходнасць хутчэйшага вызвалення Нобелеўскага лаўрэата міру Алеся Бяляцкага і прыводзіць аргументы, чаму гэта важна для ўсіх беларускіх палітвязняў.

Яшчэ год таму аб вызваленні “палітычных” казалі толькі як аб гіпатэтычнай падзеі. Пасля 2020 году былі спадзяванні, што вось-вось штосьці пераменіцца – унутры краіны, або за яе межамі – і рэжым будзе вымушаны змякчыцца, саступіць, пайсці насустрач беларускаму грамадству, або, прынамсі, дэмакратычнаму цывілізаванаму свету, і пачне выпускаць палітвязняў.

Час ішоў, але цуд не адбываўся. Наадварот, тое, што мы назіралі, сведчыла аб супрацьлеглым – устойлівым нежаданні ўлады пачынаць працэс грамадзянскага прымірэння. Рэпрэсіі не спыняліся ні на дзень, ні на гадзіну. З’яўляліся ўсё новыя адміністрацыйныя і крымінальныя справы, а ахвярамі рэжыму рабіліся ўсё новыя людзі.

Урэшце, праз чатыры гады ад пачатку масавага пераследу, палітвязняў пачалі вызваляць невялікімі партыямі праз указы А. Лукашэнкі аб памілаванні.

Тое, што адбывалася на працягу другой паловы 2024 году, калі за 8 хваляў памілаванняў на волю выйшла 227 палітвязняў, безумоўна, мае станоўчы характар і можа толькі вітацца. Але калі дэталёва разбірацца ў акалічнасцях, то відавочна, што вынікі працэсу вызвалення, ініцыяванага ўладай, мала карэлююць з канчатковымі лічбамі палітзняволеных, якія агучваюць праваабаронцы, а інакш кажучы – з паняццем поспеху.

Значная доля памілаваных выходзіла на свабоду не адбыўшы тэрмін у некалькі месяцаў, а бывала, нават тыдняў. Немалая частка іх выдалілася б са спісаў палітзняволеных крыху пазней з іншай цалкам аб’ектыўнай прычыны – па адбыцці ўсяго тэрміну пакарання. Разам з тым пералік рэпрэсаваных няспынна папаўняўся – проста таму, што рэпрэсіі працягваюцца.

Што ж далей? Ці было вызваленне палітвязняў толькі гульнёй улады, зрэжысаванай перад псеўдавыбарамі, або яно сталася ўстойлівым трэндам на бліжэйшую будучыню?

І, нарэшце, асноўнае. Ці павінны мы намагацца выцягнуць з-за кратаў канкрэтных асобаў, не адмаўляючыся ад патрабавання вызвалення ўсіх палітвязняў? На карысць такой думкі ёсць канкрэтнае імя і некалькі аргументаў.

Рацыянальны: вызваленне усіх праз вызваленне Алеся Бяляцкага

Бяляцкі – адзін з найбольш вядомых пратаганістаў Беларушчыны. Ён жа, бадай, самы “гучны”, самы прынцыповы, і самы паслядоўны антаганіст лукашэнкаўскага рэжыму, калі разглядаць апошні як з’яву глыбока антынародную, антыправавую і агуманную. Без цені сумневу можна казаць, што Алесь быў такім і да 7 кастрычніка 2022 году, калі Нарвежскі Нобелеўскі камітэт паведаміў аб яго узнагароджанні прэміяй міру.

Шматгадовая плённая дзейнасць на ніве беларускага Адраджэння і ў праваабарончым сектары, палітычны пераслед з боку савецкай, а потым і лукашэнкаўскай улады, бэкграўнд палітвязня па першай крымінальнай справе ў 2011 годзе, шырокая вядомасць і прызнанне як сярод беларусаў, так і далёка за межамі краіны – гэта ўсё Алесь. Міжнародная прэмія міру толькі ўзмацніла духоўны і чалавечы патэнцыял кіраўніка “Вясны”.

Патрабаванне вызвалення ўсіх палітзняволеных у сучасным кантэксце – без так званых “плюшак” – успрымаецца беларускай уладай як гульня з нулявой сумай, калі выйгрыш дэмакратычных сілаў (адсутнасць палітзняволеных) будзе роўны страце для рэжыму (знікае прадмет гандлю). Але вызваленне аднаго толькі Бяляцкага можа стаць для ўсіх бакоў класічнай сітуацыяй “win-win” – узаемнай выгады: рэжым дае ясны і адназначны сігнал аб гатоўнасці да перамоваў, пасля чаго з вялікай верагоднасцю з ім пачнуць размаўляць, а беларускія дэмакратычныя сілы атрымліваюць асобу, якая здольная наладжваць масты складанай камунікацыі.

Вызваленне кіраўніка "Вясны" створыць магутны імпульс для вызвалення ўсіх палітзняволеных. Набыўшы вялікую грамадска-палітычную вагу ў няволі, на свабодзе Бяляцкі зможа канвертаваць яе для выратавання ўсіх “палітычных”. Хто сумняецца ў патэнцыяле Алеся – не павінны забывацца на тое, што абодва разы ён патрапіў за краты праз нязломны характар і волю, і што ўвесь час ён дэманструе тое, што, па сутнасці, з’яўляецца хрысціянскім падзвіжніцтвам – калі чалавек ахвяруе сабой і сваім жыццём дзеля зацвярджэння самых высокіх ідэалаў гуманізму.

Аптымістычна-рэалістычны: будучыня Беларусі моцна залежыць ад наяўнасці  такіх людзей, як Алесь

Нягледзячы на тое, што Алесь не з’яўляецца палітыкам у класічным разуменні, ён здольны адыграць важную ролю ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі ў найбліжэйшай перспектыве. Тут ужо, мабыць, не абысціся без цытавання арыгінала: “Трэба пачаць шырокі грамадскі дыялог, накіраваны на нацыянальнае прымірэнне, як бы гэта цяжка не здавалася б камусьці пайсці на гэта… Досыць, трэба спыняць гэтую грамадзянскую вайну!” (цалкам з апошнім словам Бяляцкага на апошнім судзе можна азнаёміцца тут).

Прыхільнік вы дзеючай улады, або апазіцыянер, любіце вы Расію, або вам больш падабаецца еўраатлантычны выбар, размаўляеце вы па-беларуску, або карыстаецеся рускаю, – незалежна ад усяго мы павінны разумець, што адзіным слушным шляхам у будучыню з’яўляецца шлях нацыянальнага прымірэння. Не на словах, а на справе.

Ці можа стаць Алесь Бяляцкі для Беларусі тым, кім стаў Вацлаў Гавел для Чэхіі ў складаны перыяд гістарычнага часу, звязанага з трансфармацыяй і пераходам да дэмакратыі? Прадказаць гэта зараз немагчыма. У той жа момант вельмі важна, каб Беларусь будучыні была прадстаўлена людзьмі, якія прамаўляюць мовай нацыянальнай еднасці.

Рэтраспектыўны (эмацыйны)

Амаль стагоддзе мінула з тых падзей, якія сталі змрочным прадвесцем Другой сусветнай вайны. У 1938 годзе ў няволі пайшоў з жыцця Карл фон Асецкі – знакавая постаць, прынцыповы праціўнік гітлераўскага рэжыму, вялікі гуманіст і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру.

Людзям добрай волі не ўдалося выратаваць героя, які кінуў выклік нацызму. Услед за яго смерцю адбылася ганебная Мюнхенская змова, а ў яе працяг – вайна, Халакост і шматмільённыя смерці нявінных ахвяраў.

Як гэта ні прыкра ўсведамляць, але з вышыні сённяшняга дня ланцужок тых гістарычных падзей выглядае абсалютна лагічным і няўхільным у сваёй страшнай паслядоўнасці.

У трывожны час глабальных геапалітычных зрухаў і ваенных канфліктаў, якія ізноў пагражаюць перарасці ў крывавую сусветную бойню, людзі добрай волі могуць пачаць дзейнічаць і выратаваць жыццё Нобелеўскага лаўрэата. Перарваць няўмольны ланцужок магчымай жахлівай будучыні на самым яго пачатку.

* Адказнасць за змест тэкстаў і дакладнасць фактаў нясуць выключна аўтары блогаў.

У мэрыі Парыжу праваабаронца Алег Арлоў заклікаў дамагацца выхаду на волю Алеся Бяляцкага

Калі мы ўсе разам не здолеем дамагчыся яго выхаду на волю, то ён можа свой велізарны тэрмін не перажыць".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства