viasna on patreon

Мастаку з Брэста пры затрыманні зламалі нагу. Так яго ўтрымлівалі чатыры дні Дакумент

2020 2020-10-29T15:49:20+0300 2020-10-29T15:50:28+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/brest_art_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

42-гадовы мастак з Брэста Кірыл Ляшук быў затрыманы ўвечары 10 жніўня на цэнтральнай вуліцы горада. Калі сілавікі схапілі за руку ягоную жонку і яе сястру, ён ірвануў да іх у абарону. Але трое сілавікоў адразу заламалі Кірылу рукі за спіной і паклалі тварам на плітку. Так ён быў затрыманы. На волю Кірыла выпусцілі толькі праз чацвёра сутак са штрафам і зламанай нагой. Жонка Кірыла Вольга распавяла "Вясне", як яе муж сутыкнуўся з жорсткасцю сілавікоў, пра тое, як яна не магла знайсці яго пасля затрымання, і як праходзіў суд над ім.

Затрыманне Кірыла Ляшука трапіла ў кадр binkl.by
Затрыманне Кірыла Ляшука трапіла ў кадр binkl.by

"Калі б гэты сілавік быў немясцовы, ён бы не ведаў такіх падрабязнасцяў"

"Кірыла затрымалі ўвечары 10 жніўня на Савецкай вуліцы на маіх вачах. Ён нічога такога не зрабіў, ён нікому не нагрубіў, ён пабег у маю абарону, калі мяне за руку ўзялі супрацоўнікі. Кірыла завялі ў аўтазак. Нам з сястрой у грубай форме сілавікі, якія "зачышчалі" вуліцу, сказалі сыходзіць з Савецкай. Я прасілася да мужа, так як ён апынуўся ў аўтазаку з-за мяне. Але супрацоўнікі мне адказвалі: "Дзяўчына, Вас туды не пусцяць, шукайце яго ў Ленінскім РАУС, сёння ўсіх будуць везці туды". Калі я спытала, дзе яно наогул знаходзіцца, мне выразна адказалі: "У Паўночным". Калі б гэты сілавік быў немясцовы, ён бы не ведаў такіх падрабязнасцяў. Я мясцовая не ведала, дзе знаходзіцца гэтае РАУС.

"Больш быдлячага стаўлення, чым у Ленінскім РАУС Брэста, я не бачыла"

Праз паўгадзіны мы былі ўжо там. Каля РАУСа ўжо было, такіх як я, дзяўчат пяць. Адна прынесла перадачу мужу, які быў назіральнікам 9 жніўня на выбарах, а іншых затрымалі, гэтак жа як і Кірыла. Каля РАУС дзяжурыў міліцыянт у масцы. І ён нам усё казаў: "Я вам настойліва рэкамендую сыходзіць адсюль". Калі я яму сказала, што сюды павінны прывезці майго мужа і мне трэба даведацца інфармацыю пра яго, ён мне адказваў, гледзячы ў вочы: "Я вам шчыра кажу, што сёння ніхто нікога сюды везці не будзе. Іх павязуць у Жабінку, Бярозу, але тут нікога не будзе". Дзяўчаты, якія стаялі са мной, казалі яму: "Пяць хвілін таму сюды заязджала хуткая, аўтазак". Міліцыянт адказваў, што гэта яны "так прыязджалі". Потым ён яшчэ гаварыў нам разысціся. Калі мы ўсе крыху адышлі, у двор заязджалі аўтазакі і хуткая". 

Па словах жонкі Кірыла, яна цэлыя суткі не маглі атрымаць ніякай інфармацыі пра свайго мужа. Як і іншыя берасцейцы не маглі даведацца, дзе знаходзяцца іх зніклыя сваякі. Тэлефон у РАУС не падымалі, дзверы не адчынялі, а людзям, якія прыйшлі да РАУС, усё абяцалі даць інфармацыю пазней.

"Больш быдлячага стаўлення, чым у Ленінскім РАУС Брэста, я не бачыла. Адна дзяўчына, якая таксама шукала свайго мужа, пастукала ў браму, на што ёй з таго боку адказалі: "Хочаш сюды? Зараз арганізуем!" На наступны дзень, 11 жніўня, прыадчыніліся вароты і нам сказалі, што спісы затрыманых будуць каля 14 гадзін.

У гэты час мы паехалі ў пракуратуру, але там нам сказалі, што яны не займаюцца пошукам людзей. Але, калі мы так хочам, то нашы заявы аб знікненнях людзей пасля абеду і нарады, будуць перададзеныя ў Ленінскае РАУС.

Калі мы вярнуліся ў РАУС, я ўбачыла прозвішча свайго мужа ў спісах затрыманых. Але нам сказалі, што гэта не значыць, што затрыманыя знаходзяцца менавіта ў гэтым РАУСе. Гэта толькі пацвярджае, што ён затрыманы. Але дзе менавіта ён знаходзіцца і па якім артыкуле затрыманы – было невядома". 

"32 чалавекі ў камеры елі гэтыя пяць марожаных"

На другія суткі затрымання Кірыла яго жонцы ўдалося даведацца, што ён знаходзіцца ў брэсцкім СІЗА №7 і што ён затрыманы ў рамках адміністрацыйнай справы па артыкуле 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

«Нашы сябры перадалі яму перадачу: печыва, шакалад, сухафрукты і пяць пачкаў марожанага. Яны падумалі, што ў камеры жа звычайна столькі людзей змяшчаецца. Але потым аказалася, што 32 чалавекі ў камеры елі гэтыя пяць марожаных. Муж распавядаў, што ў камеры ўсе адзін аднаго вельмі падтрымлівалі. Адзін хлопец нават пасля суда не сышоў, застаўся з усімі.

"Заносілі чалавека, а з яго кроў капала"

Усіх затрыманых 10 жніўня трымалі адразу ў гаражах РАУСа, таму што месцаў не было. Як распавядае Кірыл, вялікія гаражы ўжо былі вызваленыя для іх. На бруднай зямляністай падлозе яны ляжалі не падымаючы галавы. Там было вельмі шмат людзей. Заносілі чалавека, а з яго кроў капала. Яго кінулі ў кут, ён быў увесь у крыві. Так яны і не даведаліся, што з гэтым чалавекам было потым. 

"Жывёлы ходзяць пад сябе"

Потым Кірыла і ўсіх астатніх перавялі ў спартыўную залу. Амаль суткі яны там ляжалі. У іх была адна бутэлька вады на чалавек сто затрыманых. У туалет адразу іх наогул не адпускалі. Калі людзі прасіліся, то ім казалі, што "жывёлы ходзяць пад сябе". Але потым, калі ў зале пайшоў пах, іх пачалі выводзіць па адным у туалет. Па словах Кірыла там былі розныя людзі: і пажылыя, і з эпілептычнымі прыпадкамі, і цяжарная жанчына.

"У каго былі пярсцёнкі на пальцах – таго біў дубінкай па руках"

Муж распавядаў, што ў гэтым спартзале збівалі ўсіх жудасна. Некаторыя сілавікі "адказвалі" за збіццё па пэўных прыкметах. Напрыклад, адзін збіваў "жанацікаў" – у каго былі пярсцёнкі на пальцах, таго біў дубінкай па руках. Каля Кірыла ляжаў малады хлопец, які спрабаваў сказаць, каб яго не білі, таму што ў яго тата міліцыянт. Але яго збівалі ў некалькі разоў больш, таму што "тата дрэнна выхаваў"

У мужа моцных сінякоў не было. Былі "калідоры" з сілавікоў, калі іх пераводзілі з гаража ў спартзалу. Вось там Кірыл атрымаў гематому на назе".

Пасля вызвалення Кірыл Ляшук звярнуўся ў бальніцу, дзе яму дыягнаставалі пералом правай ступні, пашкоджанні левага пляча і перадплечча, прававога сцягна. Некаторы час ён прабыў у гіпсе.

Справка Кирилла Ляшука
Медыцынская даведка Кірыла Ляшука

"Калі Кірылу зламалі нагу – ён дакладна не ведае. Ён кажа, што не памятае, у які менавіта момант у яго пачала балець нага, але гэта было з самага пачатку. Ці то яму на яе наступілі, ці то гэта адбылося "у калідоры". Але за чацвёра сутак ён змірыўся з тым, што ў яго баліць нага.

Калі іх перавялі ў СІЗА, то ў камеры сядзелі звычайныя "зэкі". І калі ў камеру завялі каля 30 чалавек, тыя былі ў шоку. А калі яны пачалі распранацца пасля таго, што з імі было, то "зэкі" з нар падскачылі ад жаху. Яны вызвалілі ім месца і сказалі, што за ўсё сваю жыццё такога не бачылі. Паміж сабой размаўлялі: "Хто іх так і за што?"

"Выкрыкваў антыўрадавыя лозунгі"

Судзілі Кірыла Ляшука толькі на чацвёртыя суткі, 14 верасня, у 18 вечара. Яго справу разглядаў суддзя суда Ленінскага раёна Брэста Андрэй Грушко.

"Участковы сведчыў на судзе аб тым, што Кірыл знаходзіўся ў людным месцы на Савецкай, сімволікі пры сабе не меў, але выкрыкваў антыўрадавыя лозунгі. Суддзя пытаўся, чаму жывучы ў іншым канцы горада, а цешча, да якой мы накіроўваўліся ў той вечар, жыве ў іншым канцы, ён апынуўся на Савецкай вуліцы. Мы адказвалі, што мы былі ў ЦУМе. Суддзя нам казаў: "Вы што, не бачылі, што там сход людзей, што там сімволіка, чаму вы там апынуліся?"

У выніку суддзя аштрафаваў Кірыла на 10 базавых велічыняў (270 рублёў), нягледзячы на тое, што ён ужо адбыў чацвёра сутак. Нават не трое! Абласны суд пакінуў пастанову без змены, нягледзячы на тое, што Кірыла ўтрымлівалі чацвёра сутак і зламалі нагу".

З пастановы суда Ленінскага раёна 14.08.2020 г. у дачыненні да Кірыла Ляшука

"З рапарту ўчастковага інспектара міліцыі ААПП МГБ АУС адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Брэста Бабрукевіча Д. Т. угледжваецца, што 10.08.2020 каля 20 гадзін ён нёс службу па ахове грамадскага парадку паблізу дома №12 па вул. Астроўскага ў г. Брэсце па спыненні масавых беспарадкаў, паблізу знаходзілася вялікая колькасць людзей, у натоўпе людзі выкрыквалі незадаволенасці ў дачыненні да дзеючай улады, дадзеныя выказванні насілі грамадска-палітычныя інтарэсы і крытыкавалі дзейную ўладу, у дадзенай натоўпе знаходзіўся і Ляшук К.А., які таксама крытычна выказваўся ў адрас дзеючай улады, на заўвагі супрацоўнікаў міліцыі разысціся Ляшук К.А. не рэагаваў, у далейшым ён быў затрыманы". 

"Пры вызначэнні штрафу суд улічвае тэрмін адміністрацыйнага затрымання Ляшука К. А. з 20 гадзін 10.08.2020 да 18 гадзін 54 хвілін 14.08.2020, а таксама яго матэрыяльнае становішча".

Кірыл Ляшук напісаў заяву па факце збіцця яго супрацоўнікамі міліцыі і з нагоды бесчалавечных умоваў утрымання, але праверку праводзяць ужо трэці месяц. Кірыла выклікалі на допыт да трох розных следчых, больш "зрухаў" па гэтай справе няма.

«Масавыя беспарадкі» на дзве гадзіны. Што вядома пра крымінальную справу за 10 жніўня ў Брэсце?

Што здарылася ў той вечар у Брэсце, што вядома пра крымінальную справу за 10-е жніўня, як вядомы спартсмен Брэста Дзяніс Марусевіч і студэнт Ілля Мігно сталі фігурантамі гэтай справы — чытайце ў матэрыяле "Вясны".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства