viasna on patreon

Першы крымінальны працэс за гвалт да супрацоўнікаў МУС пачаўся ў Віцебску

2020 2020-11-25T10:00:16+0300 2020-11-25T10:02:21+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/cimafeenka-vicebsk-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Цімафеенка. Фота: "Віцебская вясна".

Андрэй Цімафеенка. Фота: "Віцебская вясна".

Першы крымінальны працэс з ліку распачатых у дачыненні да ўдзельнікаў вулічных шэсцяў пачаўся 24 лістапада ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску. Віцябляніна Андрэя Цімафеенку вінавацяць у гвалце ў дачыненні да супрацоўніка МУС падчас «Маршу еднасці» 6 верасня. 

Паводле "Віцебскай вясны", 46-гадовага рамесніка Андрэя Цімафеенку ўзялі пад варту 30 верасня. Яго абвінавачваюць у злачынстве, якое прадугледжваецца ч.1 арт. 366 КК (Гвалт або пагроза ў дачыненні да службовай асобы). Віцябляніну пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Першае судовае паседжанне, якое адбылося 24 лістапада, доўжылася ўсяго каля чатырох хвілінаў. Андрэй Цімафеенка не пагадзіўся на замену свайго адваката, і суддзя Сняжана Кіндзеева абвесціла перапынак да пятніцы, 27 лістапада.

Па словах сяброўкі Андрэя Цімафеенкі Таццяны, 6 верасня яна на свае вочы бачыла той момант, які стаў падставай для завядзення крымінальнай справы.

«Шэраг вайскоўцаў перагарадзіў шлях і не дазваляў удзельнікам шэсця рухацца ў бок плошчы Перамогі. Людзі запатрабавалі, каб далі прайсці. Нічога супрацьпраўнага ніхто не рабіў. Андрэй выйшаў на праезную частку, каб абысці вайскоўцаў. Калона рушыла за ім. У гэты момант вайсковец хацеў схапіць чалавека ў белым адзенні. Андрэй убачыў гэта і левай рукой адсунуў вайскоўца. Не кулаком, проста далонню. І ўсё!» – расказала пасля судовага паседжання Таццяна.

 Яна сцвярджае, што чалавек у форме не падаў, ён быў апрануты ў латы і ніякай фізічнай болі адчуць не мог.

Віцебская праваабаронца Ірыны Траццякова распавяла, што палітычна матываваных крымінальных справаў у Віцебску і Віцебскай вобласці было заведзена шмат. Інфармацыя пра некаторыя з іх пакуль недаступная для праваабаронцаў, таму назваць дакладную лічбу немагчыма. У 6-ці справах, распачатых у Віцебску, праваабаронцы аказваюць прававую дапамогу.

«Мы разумеем, што прававое поле ў Беларусі на сёння адсутнічае, таму рабіць нейкія прагнозы ў дачыненні заведзеных крымінальных справаў проста не выпадае», – сказала Ірына Траццякова.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства