viasna on patreon

Мазыр: Судзяць падлеткаў, якія кінулі камяні ў аўтазак падчас жнівеньскіх пратэстаў

2020 2020-11-28T09:02:13+0300 2020-11-28T09:04:09+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mazyr-liagun-melchanka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Юрый Мельчанка і Сяргей Лягун з законнымі прадстаўнікамі ў судзе.

Юрый Мельчанка і Сяргей Лягун з законнымі прадстаўнікамі ў судзе.

У судзе Мазырскага раёна 27 лістапада пачаўся разгляд крымінальнай справы па арт 342 КК РБ - арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаных з непадпарадкаваннем патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі.

Справу разглядае суддзя Элеанора Ярмоленка. Дзяржаўны абвінаваўца - пракурор Мельнічонак. 

На лаве падсудных – двое непаўнагадовых жыхароў Мазыра Юрый Мельчанка і Сяргей Лягун.

Як развіваліся падзеі 11 жніўня?

"Палеская Вясна" паведамляе, што пад крымінальны пераслед трапілі двое сяброў 2003 года нараджэння, якія 11 жніўня на бульвары Юнацтва былі ў групе людзей, удзельнікі якой кінулі некалькі камянёў у бок службовага аўтамабіля МАЗ, які належыць вайскавой частцы 5525 унутраных войскаў. У выніку нейкі з камянёў трапіў у лабавое шкло МАЗа, якое атрымала расколіны ў выглядзе павуціння.

Сяргей Лягун і Юрый Мельчанка, як яны самі прызналіся ў судовым паседжанні, хацелі проста пабачыць як адбываюцца пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў. Хлопцы ведалі адзін аднаго яшчэ са школы, а ў той вечар каля 20-й гадзіны сустрэліся на плошчы Леніна, дзе падобныя пратэсты адбываліся два папярэднія вечары. Але 11 жніўня там нічога не адбывалася. Ім стала вядома, што нешта адбываецца каля ДК НПЗ альбо крамы «Еўраспар» і яны на аўтобусе паехалі туды.

Каля ДК НПЗ таксама было ціха але яны ўбачылі, як на вялікай хуткасці з мігалкамі некалькі міліцэскіх машынаў праехалі ў бок рынку «Істпал» таму яны, як і некалькі іншых людзей пайшлі туды. Крыху далей ад рынку, побач з крамай «Еўраспар» на супрацьлеглым баку вуліцы яны ўбачылі натоўп людзей. Паміж імі і натоўпам на праезнай частцы былі супрацоўнікі міліцыі.

Паводле сцвярджэнняў хлопцаў, у час іхняга знаходжання на бульвары Юнацтва ніхто з міліцыянтаў не папярэджваў, што сход людзей незаконны. Але яны ўбачылі, як міліцыянты пабеглі ў бок пратэстоўцаў і пачалі жорстка затрымліваць удзельнікаў.

Хлопцы пачалі ўцякаць. Яны адбеглі ў двары і там пачулі крыкі каля крамы «Апельсін», куды і рушылі.

Потым група людзей рушыла назад да «Еўраспару». Нехта ўбачыў кучу камянёў і прапанаваў на ўсялякі выпадак, «каб адбівацца ад мянтоў», узяць колькі камянёў з сабой. Сяргей Лягун, паводле ягонага прызнання, быў сярод тых, хто ўзяў тры камяні. Юрый Мельчанка там камяні не браў.

Зноў праз двары група выйшла на бульвар Юнацтва. У нейкі момант хтосьці заўважыў і крыкнуў, што да іх ужо едзе аўтазак.

Сяргей Лягун кінуў адзін невялікі камень у бок МАЗа. Разам з ягоным каменем ляцеў і нечый яшчэ камень. І тут ён пачуў гук разбітага шкла. У гэты момант з машыны пачалі выскокваць людзі ў нейкай форме, а група, у якой знаходзіліся падлеткі, кінулася на ўцёкі. Юрыю Мельчанку, як ён распавёў, нехта даў невялікі камень, каб ён яго кінуў. Ён кінуў, але адмыслова не прыкладаў намаганняў некуды трапіць, таму камень ударыўся аб левае пярэдняе кола і ўпаў на зямлю, а потым хлопец таксама кінуўся ўцякаць разам з іншымі.

У дварах бліжэйшых дамоў нейкі мужчына адчыніў уцекачам пад’езд і Сяргей, а таксама некалькі мужчын і жанчын, ускочылі ў гэты пад’езд. У Юрыя падчас бегу ўпаў заплечнік і ён крыху затрымаўся, каб яго падняць проста ля пад’езду, у якім схаваліся ўцекачы. Гэтага хапіла, каб Юрыя затрымалі.

Паказанні сведак, службоўцаў вайсковай часткі 5525

Сведкам у судзе выступіў камандзір батальёну вайсковай часткі 5525 Сяргей Гапанчук.

Ён распавёў, што ўласнаручна затрымаў Мельчанку, які ўцякаў разам з групай грамадзян, якія да таго кінулі камяні ў службовы аўтамабіль, на якім ён з падначаленымі прыехаў у гэтае месца. Пры гэтым Гапанчук адзначыў, што яму запомніліся агрэсіўныя паводзіны іншага чалавека – высокага, у майцы з доўгімі светлымі рукавамі. Але дагнаць яго не ўдалося. Калі ён вёў затрыманага Мельчанку да аўтамабіля, той на пытанне ці ён пабіў шкло, адказаў, што ён кідаў камень, але шкло пабіў нехта іншы.

Яшчэ адзін сведка – старшы тэхнік тае ж вайсковай часткі Віталь Самойленка адразу ж упэўнена сказаў, што добра запомніў, як ягоны камандзір прывёў да машыны менавіта Сяргея Лягуна. Ён сам сядзеў у кунгу машыны, адкуль пачуў адзін удар. Але ведае, што трапілі ў машыну два разы – адзін раз у кунг і адзін раз у шкло. Самойленка паказваў на Лягуна і казаў, што добра памятае, што яго затрымлівалі і ён быў у барвовай майцы і цёмных джынсах. Але Лягун у той вечар быў у светлай майцы і цёмных шортах.

 Калі дзяржабвінаваўца спытала ці дакладна гэта ён, Самойленка адказаў: «Я думаю – так! Быццам падобны. Так! Магу дакладна сказаць – быў у барвовай майцы і джынсах».

Выступы законных прадстаўнікоў непаўнагадовых

Яшчэ трое сведак, выкліканых бокам абвінавачвання, на суд не з’явіліся. Гэта таксама вайскоўцы часткі 5525, некаторыя з іх у жніўні праходзілі тэрміновую службу і ўжо звольніліся ў запас і жывуць у іншых месцах краіны.

Прадстаўніца Юрыя Мельчанкі, ягоная апякунка і цётка, пенсіянерка Ганна Булаўка распавяла, што, калі ёй паведамілі пра затрыманне пляменніка, яна пад’ехала да РАУС. Там выводзілі шмат людзей, але той грамадзянін, які выступаў першым сведкам жорстка вылаяўся на спадарыню Ганну, сказаўшы: «Ты выхавала скаціну!» Ужо пазней, калі яе запрашалі для прысутнасці на следчых дзеяннях, яна пабачыла свайго падапечнага, на якім былі сляды збіцця. Калі Юрый Мельчанка праз трое сутак быў вызвалены з ІЧУ пад хатні арышт, Ганна Булаўка пабачыла ягоны стан і жахнулася.

«Ён быў увесь сіні, аж чорны – і сцёгны, і ногі, і крумянцы, і спіна. Я некалькі дзён проста галасіла ад гэтага. Мая маці, бабуля Юры, калі сыходзіла з гэтага свету, казала мне: “Ганначка, ты толькі глядзі Юру”. А я вось не ўгледзела. А яго ж міліцыя вазіла ў лякарню для асведчвання на алкагольнае ап’яненне. Няўжо там дактары не бачылі, што дзіця ўсё пабітае?!», – сказала ў сваім выступе ў судзе Ганна Булаўка.

Сам Юрый Мельчанка, даючы тлумачэнні суддзі таксама заявіў пра тое, што яго падчас затрымання Гапанчук паваліў на зямлю і яго білі дручкамі, кулакамі і нагамі, аказваючы такім чынам ціск, каб ён прызнаўся, што ён кінуў той камень, які пабіў шкло. Але заяваў аб збіцці ў нейкія органы Юрый Мельчанка ці ягоная апякунка не падавалі.

Пракурор Мельнічонак.
Пракурор Мельнічонак. Фота "Палеская Вясна".

Пасля апытанняў удзельнікаў працэсу суддзя Элеанора Ярмоленка зачытала матэрыялы справы. Сярод іншых дакументаў звяртае на сябе ўвагу характарыстыка Юрыя Мельчанкі. Ён навучаецца ў Хойніцкім прафесійным ліцэі на кіроўцу і механіка. З месца навучання яго характарызуюць вельмі станоўча – не п’е спіртное, не паліць, не прыцягваўся ні да якой адказнасці, не знаходзіцца ні на якім уліку, удзельнічае ва многіх мерапрыемствах.

У Сяргея Лягуна характарыстыкі больш адмоўныя. Ён са шматдзетнай сям’і, у яго яшчэ трое братоў і сястра, сям’я зараз мае статус сацыяльна-небяспечнай. Сам Сяргей знаходзіўся на ўліку ў інспекцыі ў справах непаўнагадовых. Цяпер ён навучаецца ў прафесійным ліцэі ў Нароўлі, але паспяховасцю там не вызначаецца.

У пачатку паседжання пасля зачытвання абвінавачвання Сяргей Лягун і Юрый Мельчанка заявілі, што віну прызнаюць часткова – у пратэстах удзельнічалі, камяні кідалі, але ўрон не наносілі, бо іхнія камяні ў машыну міліцыі не патрапілі. Прыканцы паседжання адвакаты і абвінаваўцы давялі абвінавачаным, што яны дзейнічалі ў групе з іншымі нявысветленымі асобамі і шкода нанесеная іхнімі групавымі дзеяннямі. У выніку хлопцы прызналі сваю віну цалкам і сказалі ў апошнім слове, што больш такое не паўторыцца.

Дзяржаўны абвінаваўца Мельнічонак запрапанавала для абодвух абвінавачаных пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на два гады з адтэрміноўкай выканання прасуду для Лягуна на 1,5 года, а для Мельчанкі на 1 год.

Агалошванне прысуду адбудзецца 30 лістапада. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства