Ва ўдзеле ў масавых беспарадках абвінавачваюць рэдактарку папулярнага ТГ-канала Ірыну Шчасную
Рэдактарцы канала «Мая краіна Беларусь» у ТГ Ірыне Шчаснай прад'явілі абвінавачанне па частцы 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (Удзел у масавых беспарадках). Яна застаецца пад вартай.
Ірыну Шчасную затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК 18 лістапада. Пасля 13 гадзін да яе прыйшлі пад выглядам жэсаўскіх работнікаў сілавікі і падманным шляхам уварваліся ў кватэру.
У яе дома на працягу дзвюх гадзін праводзіўся ператрус, канфіскаваныя ноўтбук, тэлефон, грашовыя сродкі.
Як распавяла “Нашай Ніве” сваячка Ірыны, яе затрымалі дома каля 13:50 супрацоўнікі сілавых структур і даставілі на допыт. Пасля гэтага ў кватэры жанчыны па вуліцы Валгаградскай на працягу дзвюх гадзін праводзілі ператрус. У выніку канфіскавалі ноўтбук, тэлефон, грашовыя сродкі.
Ірына паспела распавесці, што сёння да яе ў дзверы ўжо некалькі разоў грукалі, але яна не адкрывала. Жанчына не ведала, што яе маці збіраецца прыехаць, і не папярэдзіла яе.
— У мамы ёсць ключы ад Ірынай кватэры. Далей усё распавядаю са слоў мамы, — кажа сястра затрыманай Наталля. — Супрацоўнікі сілавога ведамства выглядалі як работнікі ЖЭСа. Калі мама заходзіла ў пад'езд дома Ірыны, «жэсаўцы» пацікавіліся, ці ёсць у кватэры гарачая вада. Мама адказала, што не пражывае тут і не можа адказаць на іх пытанне. Тады гэтыя супрацоўнікі зайшлі разам з ёй у пад'езд, а калі яна адчыняла дзверы кватэры, жорстка адштурхнулі яе — пенсіянерку 64 гадоў. Чалавек, які адштурхнуў маму, прадставіўся Паўлам Сідарчуком.
— Мама сказала, што сілавікі паводзілі сябе вельмі груба і бесцырымонна. Яны сказалі, што Іру вязуць на допыт «у аддзяленне КДБ побач з паркам Горкага», — дадае Наталля. — Мама цяпер у шокавым стане і не можа дакладна сказаць.
Паводле інфармацыіі МУС, жанчына з'яўляецца адміністратарам тэлеграм-каналаў «Мая Краiна Беларусь», «Беларусь 24», «Баста», «Беларусь Галаўнога Мозгу» і «Элехтарат».