Палітвязні атрымаюць больш за 90 паштовак ад беларусаў Канады
Беларусы Канады падпісалі палітзняволеным больш за 90 паштовак, а валанцёрская служба ПЦ "Вясна" адправіла іх адрасатам.
"Дзякуй вам за тое, што дапамаглі перадаць паштоўкі канадыйскіх беларусаў нашым героям, каторыя адбываюць пакаранне за свае цвердыя пераканнані, прагу да свабоды і справядлівасці, — кажа Алена Лявончанка, старшыня Згуртавання беларусаў Канады. — Беларусы замежжа кожны дзень з болем у сэрцы сочаць за зверствамі лукашэнскаўга рэжыма. Мы спачуваем сем'ям загінулых і траўмаваных суайчыннікаў, мы падтрымліваем смелых страйкоўцаў і пратэстоўцаў свамі мітынгамі, медыя-кампаніямі, ціскам на палітыкаў і ўрады нашых краін, каб дамагчыся падтрымкі для дэмакратычнага руху Беларусі.
На адной з такіх акцыяў, што адбылася ў Таронта восьмага лістапада, дзеці і дарослыя падпісалі блізу 90 паштовак да палітвязняў. Гэта быў вельмі прыгожы, сонечны і цеплы восеньскі дзень, і нам усім хацелася даслаць кавалачак сонца, надзеі і гарачай веры ў перамогу беларускай рэвалюцыі кожнаму, хто адбывае несправядлівае пакаранне. Няхай нашыя словы падтрымкі і пажаданні моцы прынясуць хвілінку радасці кожнаму зняволенаму і ўмацуюць веру, што перамога ўжо зусім блізка. Ведайце, што вы не адны ў сваім змаганні, беларусы ўсяго свету захапляюцца вамі!"
На дадзены момант 145 чалавек прызнаныя палітвязнямі ў Беларусі. Адрасы, па каторых ім можна даслаць лісты, можна знайсці тут.
Amnesty International абвясціла "Марафон лістоў" у падтрымку Марфы Рабковай