viasna on patreon

Справа Аляксандра Пыльчанкі: прамовы адвакатаў

2020 2020-12-30T15:00:00+0300 2020-12-30T20:23:48+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/dmitrii_laevskii.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

23-24 снежня ў судзе Маскоўскага раёна Менска прайшло асноўнае пасяджэнне па разглядзе скаргі абаронцы палітвязняў Марыі Калеснікавай і Віктара Бабарыкі Аляксандра Пыльчанкі, ліцэнзію на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці якога Мінюст спыніў 16 кастрычніка. Суд адмовіўся задаволіць скаргу, пакінуўшы рашэнне Мінюста ў сіле.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" сачыў за пасяджэннем і прапануе яго падрабязны агляд.

Суд адмовіўся задаволіць скаргу Аляксандра Пыльчанкі, якога пазбавілі ліцэнзіі адваката

Нагадаем, што ў судзе разглядалася скарга на рашэнне Мінюста, прынятае ў сувязі з інтэрв'ю А. Пыльчанка.

У гэтым матэрыяле – выступленні ўдзельнікаў працэсу ў спрэчках.

Выступ падчас судовай спрэчкі Аляксандра Пыльчанка:

“Я хацеў бы сказаць коратка пра наступнае.

Інтэрв’ю медыа-рэсурсу TUT.BY я даў, сыходзячы са свайго разумення годнасці і гонару адваката. І ролі адваката ў грамадстве. Як бы высока гэта ні гучала, гэта дакладна так. З 9 па 14 жніўня мы, грамадзяне Беларусі, назіралі жудаснае. Толькі па відэасюжэтах мы бачылі непрапарцыянальны гвалт на вуліцах, злзачынны гвалт у дзяржаўных установах (РАУС, ЦІП, ІЧУ). Адвакаты маёй роднай калегіі — МДКА — неслі варту на Акрэсціна ўдзень і ўначы, і напісалі сотні заяў пра гвалт на тэрыторыі дзяржаўных устаноў па заявах грамадзян. Усе гэтыя заявы маюцца, і маніторынг ідзе і дагэтуль.

Грамадства проста ў жаху ад падзей.

Гвалт, а таксама маўчанне з боку праваабарончых органаў выклікала жах і неразуменне ў большасці грамадзян. Журналіст, які звярнуўся да мяне, не ведаў, як патлумачыць аўдыторыі, што адбываецца, хто і што павінен і, галоўнае, можа рабіць у гэтай сітуацыі.

Я распавёў, якія паўнамоцтвы маюцца ў службовых асоб праваабарончых органаў. Распавёў, як яны, на мой погляд, маюць права і павінны дзейнічаць, калі служаць закону. Больш нічога. У астатнім параіў журналісту пацікавіцца ў кіраўнікоў праваабарончых органаў, што яны прадпрымаюць у гэтай сітуацыі.

Мяне, без словаў, можна абвінаваціць у нелаяльнасці да органаў улады, да органаў МУС, іншым сілавым структурам. Я бы не спрачаўся. Але, абвінавачваць у некампетэнтнасці — гэта занадта.

Усе мае выказванні заснаваны на нормах права, пра што казалі мае прадстаўнікі і што адлюстравана ў дадатках да скаргі.

Няма ніводнага выказвання, якое бы па сваёй сутнасці не адпавядала закону. Таму прэтэнзіі Мінюста пра некампетэнтнасць неабаснаваныя і выдуманыя. Таму рашэнне пра спыненне дзеяння ліцэнзіі прашу прызнаць неправамерным і абавязаць Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ліквідаваць дапушчанае парушэнне шляхам прыняцця рашэння пра аднаўленне дзеяння ліцэнзіі.

Канешне, можна засунуць галаву ў пясок, калі страшна, як гэта робяць страусы. Я асабіста не збіраюся так рабіць, паколькі патуранне і пакрывальніцтва супрацьпраўных дзеянняў вядзе краіну да знішчэння. Сёння мы жывем па Оруэлу і сямімільнымі крокамі набліжаемся да Паўночнай Карэі. Дакладна да яе. Культ аднаго чалавека, страх жывёл перад ім, страх думаць. Гэта прывядзе ўсіх у лагеры і прыгонніцтва. Я не збіраюся так жыць і таму кажу праўду. Мне за сябе не сорамна. Дзякую за ўвагу”.

Прамова адваката Яўгена Пыльчанка

«Высокі суд! Я пачну і паспрабую патлумачыць, якія абставіны мы імкнуліся даказаць, і якое яны маюць значэнне для разглядання дадзенай скаргі.

Па гэтай справе мы аспрэчваем рашэнне Міністэрства юстыцыі. Гэта рашэнне павінна адпавядаць двум самым агульным крытэрыям: яно павінна быць абаснаваным і законным — і суд правярае, ці адпавядае  яно гэтым крытэрыям. Падчас аналізу гэтага рашэння, мы са свайго боку ўбачылі, што ніводны з гэтых крытэрыяў не выконваецца: яно незаконнае і неабаснаванае.

У непацверджанасці кожнага з гэтых крытэрыяў ёсць доказы, якія мы прадставілі. Учора мы гэта рабілі на працягу дня. І зараз я патлумачу, што з таго, што мы дадалі да справы або паведамілі суду ў сваіх тлумачэннях сцвярджае адсутнасць абаснаванасці і адсутнасць законнасці прынятага рашэння.

Што тычыцца абаснаванасці прынятага рашэння. Мы бачылі само рашэнне. У асаблівасці адносна Аляксандра Пыльчанка яно прадстаўляе сабой адзін абзац, які складаецца з цытавання толькі прававых нормаў — нормаў Палажэння пра ліцэнзіраванне. Калі прааналізіраваць гэтыя нормы, мы ўбачым, што вынік пра тое, што трэба спыніць дзеянне ліцэнзіі, заснаваны на тым, што адвакат Пыльчанка зрабіў быццам бы правіннасць, несумяшчальны са званнем адваката, а дакладна — зрабіў дзеянні, якія дыскрэдытыруюць пасаду адваката і адвакатуру.

Ці бачым мы нейкія дзеянні на падставе рашэння, або па якіх крытэрыях вызначаны гэтыя дзеянні? Не. У рашэнні не названыя не самі дзеянні, што зрабіў адвакат Пыльчанка, не тое, якім чынам Міністэрства юстыцыі прыйшло да вынікаў, што гэтыя дзеянні дыскрэдытыруюць пасаду адваката і адвакатуру. То бок з тэскта рашэння мы не бачым, на чым яно заснавана.

Такім чынам рашэнне ўжо з’яўляецца неабаснаваным, але ў ім ёсць і прававая норма, якая адсылае нас да таго, што дадзенае рашэнне прымаецца на падставе заключэння Кваліфікацыйнай камісіі. Само заключэнне у рашэнне таксама не названа, то бок мы ў прынцыпе не ведаем, якое заключэнне, але паколькі яно ў дачыненні да адваката выносілася адно і напярэданні, мы можам дапусціць, што гэта заключэнне ад 15.10.2020. Таму, калі мы аналізаруем наколькі абаснавана рашэнне, у нас няма ніякіх доказаў яго абаснаванасці, акрамя спасылкі праз норму права на гэта заключэнне Кваліфікацыйнай камісіі. Значыцца, заключэнне Кваліфікацыйнай камісіі можа сцвердзіць або не сцвердзіць  абаснаванасць рашэння. Ніякіх іншых пацверджанняў, ніякіх іншых доказаў у самім рашэнні не названа, і падчас судовага паседжання прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі не паведамілі, якімі яшчэ доказамі можа быць пацверджана абаснаванасць рашэння, яны робяць спасылку выключна на заключэнне Кваліфікацыйнай камісіі. Хаця і кажуць, што яно не абавязкова. Але тым не менш, паколькі нічога іншага не прыведзена, мы аналізіруем адзіны прадстаўлены доказ абаснаванасці рашэння — заключэнне Кваліфікацыйнай камісіі.

Калі заключэнне Кваліфікацыйнай камісіі — гэта доказ, мы павінны ацаніць яго па ўсіх правілах, якія скарыстоўваюцца для доказаў. І калі мы звярнемся да тэксту заключэння, дык убачым, што яно патрабаванням да доказаў не адпавядае.

Па-першае, яно з’яўляецца недапушчальным доказам. Артыкул 27 Канстытуцыі кажа пра тое, што доказы, якія атрыманы з парушэннем закона, з’яўляюцца недапушчальнымі і не могуць выкарыстоўвацца для доказу.

Мы звярталі ўвагу, што заключэнне Кваліфікацыйнай камісіі прымалася з парушэннем права на атрыманне юрыдычнай дапамогі, якое прадугледжана артыкулам 62 Канстытуцыі. Гэта норма прадугледжвае, што любы грамадзянін, у любы час, у любых дзяржаўных органах, арганізацыях і любых іншых месцах можа карыстацца юрыдычнай дапамогай без абмежаванняў.

Такая ж норма ёсць у Законе аб адвакатуры. У ёй таксама гаворыцца, што дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі не могуць адмовіць грамадзяніну ў тым, каб яму аказваў юрыдычную дапамогу адвакат, калі гэта не прадугледжана заканадаўствам. Заканадаўства ў нас не прадугледжвае магчымасці адмовіць ліцэнзіяту у атрыманні юрыдычнай дапамогі адваката, у тым ліку на паседжанні Кваліфікацыйнай камісіі. Прадстаўнікі міністэрства юстыцыі рабілі спасылку на норму Палажэння аб ліцэнзіраванні, у якім гаворыцца, што на паседжанні можа прысутнічаць або ліцэнзіят, або яго прадстаўнік. Але дадзеная норма кажа пра тое, што калі ліцэнзіят сам не можа з’явіцца, яго можа замяняць прадстаўнік. Аднак гэта норма не забараняе ліцэнзіяту карыстацца юрыдычнай дапамогай на паседжанні. Яна ніяк не абмяжоўвае права, прадугледжанае артыкулам 62 Канстытуцыі і ў прынцыпе не можа абмяжоўваць.

Таму, калі Кваліфікацыйная камісія не дапусціла адвакатаў Аляксандра Пыльчанка да прадстаўлення яго зацікаўленнасці, аказання яму юрыдычнай дапамогі падчас паседжання, Кваліфікацыйная камісія парушыла норму артыкула 62 Канстытуцыі.

Факт недопуску адвакатаў пацверджваецца і словамі саміх прадстаўнікоў Міністэрства юстыцыі, якія ўваходзілі ў тым ліку і ў кваліфікацыйную камісію; пацверджваецца тлумачэннямі заяўшчыка; пацверджваецца прадстаўленай заявай. Мы маем факт, мы маем норму, якая парушана, і мы можам гаварыць пра тое, што заключэнне Кваліфікацыйнай камісіі з’яўляецца недапушчальным доказам.

Гэта ўжо адна з падстаў, чаму мы не можам узяць заключэнне Кваліфікацыйнай камісіі ў аснову рашэння Мінстэрства юстыцыі. А я нагадваю, што гэта адзіны доказ, які быў прадстаўлены ў абаснаванне гэтага рашэння.

Але ёсць і іншыя моманты, якія тычацца заключэння Кваліфікацыйнай камісіі, якія таксама паказваюць на тое, што гэты доказ не можа служыць абаснаваннем рашэння Міністэрства юстыцыі.

Калі мы звернемся да тэксту заключэння Кваліфікацыйнай камісіі і паспрабуем адшукаць у ім дзеянні, якія сталі высновай для вынікаў пра тое, што Аляксандра Пыльчанка неабходна пазбавіць права займацца адвакацкай дзейнасцю, мы зноў не знойдзем гэтых дзеянняў і ў самім заключэнні. Не паказана, якія гэта былі дзеянні. Калі зроблена спасылка да канкрэтнага інтэрв’ю, мяркуецца пра тое, што адвакат Пыльчанка дапусціў выказванні, якія Кваліфікацыйная камісія лічыць «некампетэнтнымі», «уводзячымі ў памылковасць» і «заклікаюць да супрацьпраўных дзеянняў». Але самі гэтыя выказванні не прыводзяцца. Таксама не прыводзяцца крытэрыі, па якіх гэтыя выказванні прызнаныя «некампетэнтнымі», «уводзячымі ў памылковасць» і «заклікаюць да супрацьпраўных дзеянняў». Зноў жа, мы з заключэнняне ведаем, што зроблена, і чаму гэта прызнана падствай для выніка аб неабходнасці спыніць дзеянне ліцэнзіі.

Сам па сабе такі доказ таксама не можа пацвердзіць рашэнне Міністэрства юстыцыі. Заключэнне без якіх-небудзь каментарыяў абсалютна не інфарматыўна і не мае даказальнага значэння у дадзенай сітуацыі. Мы бачым, што рашэнне Міністэрства юстыцыі на падставе гэтага заключэння неабаснавана.

Толькі ў судовым паседжанні было намаганне з боку прадстаўнікоў Міністэрства юстыцыі абаснаваць прынятае рашэнне шляхам дачы тлумачэнняў адносна таго, якімі матывамі карысталася Кваліфікацыйная камісія падчас прыняцця заключэння. І ўжо ў судовым паседжанні атрымана інфармацыя пра тое, што ёсць чатыры выказванні, якія Кваліфікацыйная камісія палічыла «некампетэнтнымі», «уводзячымі ў памылковасць» і «заклікаюць да супрацьпраўных дзеянняў».

Што можна сказаць наконт такога спосабу доказу як прадстаўленне толькі ў судзе тлумачэнняў наконт прынятага акту? Такія тлумачэнні не маюць даказальнага значэння для пацверджання зместу заключэння Кваліфікацыйнай камісіі. Мы не можам сказаць, што гэтыя тлумачэнні з дакладнасцю адлюстроўваюць ход паседжання Кваліфікацыйнай камісіі, адлюстроўваюць тое, якім чынам адбывалася галасаванне па пастаўленным пытанні, якімі крытэрыямі карысталася Кваліфікацыйнай камісіі і яе члены. Мы ведаем, што пратакола паседжання Кваліфікацыйнай камісііне вялося, іншых пісьмовых доказаў, якія сцвярджаюць, што дакладна такі сэнс быў закладзены ў заключэнне, як нам патлумачылі на судовым паседжанні прадстаўнікі Мінюсту, няма. Члены Кваліфікацыйнай камісіі не былі дапрошаныя па абставінах прыняцця рашэння, хаця мы яшчэ ў папярэднім судовым паседжанні хадатайствавалі аб іх дапросе, каб высветліць падставы прыняцця заключэння. Але яны не былі дапрошаныя, і ў нас няма доказаў у выглядзе іх паказанняў, якія маглі б пацвердзіць тлумачэнні прадстаўнікоў Міністэрства юстыцыі або абвергнуць іх. Самі прадстаўнікі Мінюсту, якія выступалі ў судовым паседжанні, таксама не здолелі патлумачыць, як праходзіла паседжанне Кваліфікацыйнай камісіі. Прадстаўнікі не могуць сказаць, якімі канкрэтна крытэрыямі карысталіся, як галасаваў кожны член камісіі і адпаведна, на чым заснавана заключэнне.

Гэта ўчора падчас допыту высветлілася, калі адвакат Лаеўскі спрабаваў высветліць, як галасаваў кожны член Кваліфікацыйнай камісіі. То бок у нас няма ніякіх доказаў таго, што Кваліфікацыйная камісія абгрунтавана прыняла сваё заключэнне. Пры гэтым я хачу звярнуць увагу на тое, што Кваліфікацыйная камісія не з’яўляецца дзяржаўным органам або арганізацыяй, у яе не можа быць якога-небудзь паўнамоцнага прадстаўніка, які можа ў судзе выступаць ад яе імя і перадаць пазіцыю, якая б лічылася праўдзівай і законнай. Нам для высвятлення таго, якімі крытэрыямі кіравалася Кваліфікацыйная камісія, неабходна было б мець або дэталізаванае заключэнне, падпісанае членамі Кваліфікацыйнай камісіі, або дапытаць кожнага члена Кваліфікацыйнай камісіі. Нічога з гэтага няма, заключэнне ў нас даволі абстрактнае, таму мы бачым, што дадзенае заключэнне нічога не даказвае, і прыведзеныя ў судзе тлумачэнні прадстаўнікоў Міністэрства юстыцыі не могуць даказаць абгрунтаванасць дадзенага заключэння. 

І ў прынцыпе на гэтым этапе можна было б спыніцца, паколькі мы бачым, што доказ абгрунтаванасці рашэння Міністэрства юстыцыі не вытрымлівае крытыкі. То бок ён не пацвярджае само рашэнне Міністэрства юстыцыі, мы яго праўдзівым доказам прызнаць не можам, а значыць і рашэнне Міністэрства юстыцыі беспадстаўнае. 

І ўсё ж мы прааналізуем і тое, што сказана прадстаўнікамі Міністэрства юстыцыі ў абгрунтаванне заключэння, і спынімся на тым, як абгрунтоўваецца гэта заключэнне, зыходзячы з прыкметаў выказванняў, якія ў ім прыводзяцца.

Кваліфікацыйная камісія палічыла, што выказванні адваката Пыльчанка з’яўляліся “некампетэнтнымі” ў выніку таго, што яны былі “няпоўнымі”. Як мы высветлілі ў судовым паседжанні, ніякіх нормаў заканадаўства, якія прадугледжваюць аб’ём выказванняў адваката ў сродках масавай інфармацыі, не існуе. Ніякага абавязку выказвацца тым або іншым чынам, таксама не прадугледжана. Нормаў, якія ўвогуле тычыліся б гэтага аспекту адвакацкай дзейнасці – выказванняў у СМІ – не прыведзена. У той жа час, учора была далучаная заява, якая зробленая Беларускай рэспубліканскай калегіяй адвакатаў на старонцы – гэта значыць афіцыйная заява – у якой таксама як і ў інтэрв’ю Аляксандра Пыльчанка, можна знайсці прыкметы так званай “няпоўнасці” (якія мы такімі не лічым). Дадзеная заява БРКА пацвярджае, што такіх крытэрыяў няма, і адвакат сам вызначае той аб’ём, у якім ён хоча выказацца. Мы з гэтым згодныя, у дадзеным выпадку мы салідарныя з пазіцыяй БРКА, якая гэтаксама вызначае, як хоча выказвацца і ў якім аб’ёме. Таму мы лічым, што довад пра тое, што выказванне адваката можа быць няпоўным, – абсалютна надуманы і беспадстаўны.

У заключэнні змяшчаюцца высновы пра тое, што нейкія выказванні адваката Пыльчанка заклікалі да супрацьпраўных дзеянняў. Тут адразу два аспекты: ці з’яўляюцца якія-небудзь выказванні заклікамі, і ці заклікі гэта да супрацьпраўных дзеянняў. Адносна заклікаў прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі не маглі сказаць, якім чынам вызначана, што гэта заклікі, на падставе якіх прыкметаў яны аднеслі выказванні да заклікаў, ці кіраваліся яны нейкімі адмысловымі ведамі пры гэтым. Дакладней, яны патлумачылі, што не кіраваліся, то бок гэта нейкая абсалютна свавольная трактоўка гэтых выказванняў. У той жа час, з нашага боку было пададзена меркаванне спецыялістаў, якія на падставе адмысловых ведаў даказалі, што ніводнае з выказванняў, што прыведзеныя ў інтэрв’ю, не з’яўляюцца заклікам па сваёй сутнасці. Адпаведна довад пра тое, што Аляксандр Пыльчанка кагосьці да чагосьці заклікаў, не пацверджаны і зняпраўджаны. Па-другое, мы так і не даведаліся, якія ж дзеянні супрацьпраўныя з тых, якія названыя ў інтэрв’ю. Учора падчас допыту мы спрабавалі высветліць, ці з’яўляюцца дзеянні проста не прадугледжанымі заканадаўствам – або супрацьпраўнымі. Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі патлумачыла, што гэтыя дзеянні не прадугледжаны заканадаўствам – гэта значыць ужо зняпраўджана сцверджанне аб тым, што дзеянні супрацьпраўныя. А ў частцы супрацьпраўнасці не змагла патлумачыць, якой нормай забаронены такія дзеянні, якой норме яны супярэчаць. Гэта значыць прадстаўнік Міністэрства юстыцыі не змагла патлумачыць, чаму нейкія дзеянні, што ўзгадваюцца ў інтэрв’ю, з’яўляюцца супрацьпраўнымі. Такім чынам, мы бачым, што заклікі да супрацьпраўных дзеянняў не ўстаноўлены. Ні заклікаў, ні супрацьпраўных дзеянняў.

У прынцыпе паняцці “некампетэнтныя” і “што ўводзяць у зман” шчыльна звязаныя, і ў дадзенай частцы мы прывялі свае довады, якія грунтуюцца на нормах права. Мы зрабілі аналіз заканадаўства, з якога відаць, што нейкіх некампетэнтных, гэта значыць выказванняў, якія супярэчаць заканадаўству і не адпавядаюць яму, або выказванняў, якія б ўводзілі ў зман, называлі якія-небудзь паўнамоцтвы, нічым не прадугледжаныя, не было. Усе выказванні знаходзяцца ў межах заканадаўства, яны адлюстроўваюць рэальна існуючыя паўнамоцтвы, рэальна існуючыя прававыя працэдуры, і такім чынам пададзеныя намі довады абвяргаюць сцверджанні пра некампетэнтнасць выказванняў і выснову пра тое, што гэтыя выказванні ўводзяць кагосьці ў зман.

Пры гэтым мы таксама прывялі доказы таго, што падставы ў выказванняў, якія прыводзяцца ў інтэрв’ю, былі. Фактычныя падставы: сітуацыя, што адбывалася ў краіне і патрабавала нейкага прававога рэагавання, пра якое і даў інтэрв’ю Аляксандр Пыльчанка. Пададзена мноства сведчанняў таго, што здзяйсняліся супрацьпраўныя дзеянні, на якія маглі адрэагаваць дзяржаўныя органы – Генеральная пракуратура, Следчы камітэт, Вярхоўны суд.

Была такая заўвага ад прадстаўніка Міністэрства юстыцыі ўчора пасля абвяшчэння сведчанняў ужывання гвалту да грамадзян – была заўвага пра тое, што неабходна трымацца ў рамках заканадаўства і не дапускаць нейкіх эмацыйных ацэнак. Хацелася б адзначыць, што эмацыйных ацэнак у інтэрв’ю не дапушчана. Эмацыйная ацэнка была б такая – і вы яе можаце пачуць ад многіх грамадзян Рэспублікі Беларусь – што з тымі, хто ўжыў гвалт, трэба зрабіць тое ж самае. Вось гэта эмацыйная ацэнка. Але не прававая. А Аляксандр Пыльчанка казаў менавіта пра прававое рэагаванне на тыя факты, якія былі прыведзены, на факты гвалту. Таму гэта абсалютна правамерны каментар да сітуацыі, што склалася.

Такім чынам, мы бачым, што тыя довады, якія прывялі ў абгрунтаванне сваёй пазіцыі ўжо ў судовым паседжанні прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі, якія змяшчаюцца ў заключэнні Кваліфікацыйнай камісіі, таксама не вытрымліваюць крытыкі і зняпраўджваюцца прыведзенымі доказамі або з’яўляюцца недаказанымі ў іншых выпадках, не пацверджанымі з боку прадстаўнікоў Міністэрства юстыцыі. І нават калі б усяго, што я да гэтага казаў, не было, то хаця б на падставе абвяржэння гэтых довадаў мы можам зноў казаць, што рашэнне Міністэрства юстыцыі з’яўляецца беспадстаўным і падлягае адмене.  

Я б хацеў звярнуць увагу на той факт, што ў заключэнні Кваліфікацыйнай камісіі кажацца пра тое, што дзеянні, якія дыскрэдытуюць адвакатуру, якія нібыта здзейсніў Аляксандр Пыльчанка, – гэта выказванні, што адпавядаюць прыкметам: “некампетэнтныя”, “што ўводзяць у зман”, “што заклікаюць да супрацьпраўных дзеянняў”. Гэта значыць падставай для заключэння кваліфікацыйнай камісіі з’яўляецца нейкая сукупнасць фактаў – выказванні і іх характарыстыкі. І пры адсутнасці якога-небудзь з гэтых фактаў гэта сукупнасць парушаецца, і падстава, якая стала прычынай для спынення ліцэнзіі, адсутнічае.  Адпаведна, нават непацверджанасць нейкага аднаго з іх ужо сведчыць аб адсутнасці падставаў для прыняцця рашэння ў цэлым.

У частцы беспадстаўнасці я скончыў, але рашэнне таксама з’яўляецца і незаконным. І незаконнае яно ў выніку таго, што паза прадугледжанымі законам абмежаваннямі яно фактычна парушыла права на свабоду выказвання меркавання, яно незаконнае таму, што гэта рашэнне прынята ў парушэнне прынцыпу незалежнасці адвакатуры. Пра тыя абставіны, якія пацвярджаюць незаконнасць рашэння, я перадам слова маім калегам”. 

Прамова адваката Дзмітрыя Лаеўскага:

dmitrii_laevskii.jpg
Дзмітрый Лаеўскі. Фота: TUT.BY

“Высокі суд!”

Я працягну выкладанне пазіцыі, можна нават сказаць, абароны, а не заяўніка, таму што гэта справа пра тое, як адвакат абараняецца ад прэтэнзій дзяржавы – дзяржаўнага органа.

І задача суда тут – ацэньваць законнасць і абгрунтаванасць дзеянняў дзяржаўнага органа.

Дзяржаўныя органы – гэта суб’екты, на якія ўскладзена вельмі вялікая адказнасць. Адсюль рэзонна да іх прад’яўляць больш высокія патрабаванні, чым да грамадзян.

Незаконнасць рашэння Міністэрства юстыцыі…Чаму яно не толькі з’яўляецца беспадстаўным, але і незаконным?

Яно прынята з прычыны нейкіх дзеянняў, якія расцэнены як дыскрэдытуючыя адваката і адвакатуру. І ў якасці такіх дзеянняў, як ужо суд ведае, названы выказванні – чатыры выразы.

Строга кажучы, Высокі суд, я не ведаю такіх прафесій, права на ажыццяўленне якіх маглі б забраць за чатыры выразы. 

Чатыры выразы.

Калі б прадстаўнікоў іншых юрыдычных прафесій, напрыклад, прадстаўнікі судовай сістэмы – а пасада суддзі нашмат больш адказная, чым місія адваката – маглі б пазбаўляць права на прафесію за чатыры выразы, нават не ведаю, як гэта дазволіла б забяспечыць існаванне ўсёй сістэмы ў цэлым.

То бок, сэнс у чым? Чатыры выразы павінны быць нейкімі незвычайнымі, што парушаюць відавочна нейкія правілы, эталоны, стандарты, для таго, каб яны маглі паслужыць прычынай пазбавіць права на прафесію чалавека, які 30 год гэтай прафесіі прысвяціў.  

Ці ёсць па дадзенай справе якія-небудзь сведчанні таго, што выказванні Пыльчанка сапраўды такія, што настолькі парушаюць нейкія эталоны, стандарты, нормы, каб іх можна было прызнаць выказваннямі, якія дыскрэдытуюць адваката і адвакатуру?

Я мяркую, Высокі суд, па дадзенай справе такіх фактаў не было агучана.

Як высветлілася ў судовым паседжанні, заканадаўства не прадугледжвае, якія дзеянні адваката могуць быць прызнаныя дыскрэдытуючымі як адваката, так і адвакатуру ў цэлым. 

Так атрымалася, што ў заканадаўстве адсутнічае пералік такіх дзеянняў. І ў заканадаўстве адсутнічаюць крытэрыі для вызначэння такіх дзеянняў.

Гэтых пераліку і крытэрыяў не прагучала. І нормаў, якія б фіксавалі такога кшталту крытэрыі, Вам, Высокі суд, не прыведзена. Вельмі простая прычына, чаму іх не прыведзена. Гэта прычына ў тым, што такіх нормаў не існуе. Калі мы кажам пра прымяненне права, а не пра падмену права нейкімі жаданнямі.

Але самае цікавае, Высокі суд, у тым, што па такой катэгорыі спраў, як абскарджанне дзеянняў дзяржорганаў, як правіла, пры выкладанні сваёй пазіцыі дзяржорганы, найперш, спрабуюць абгрунтаваць наяўнасць у іх кампетэнцыі, г.зн. паўнамоцтваў на тое, каб рабіць тыя ці іншыя высновы.

Як ужо неаднаразова адзначаў мой калега, адзіным доказам, які прыведзены Міністэрствам юстыцыі, з’яўляецца заключэнне Кваліфікацыйнай камісіі.

Калі, Высокі суд, мы звернемся да пярэчанняў Міністэрства юстыцыі ад 18 лістапада 2020 года, якія былі пададзены суду ў адказ на нашу скаргу, то Вы пабачыце там, што нормаў, якія б замацоўвалі за Кваліфікацыйнай камісіяй такое паўнамоцтва, як устанаўленне дзеянняў, што дыскрэдытуюць адваката і адвакатуру, у гэтых пярэчаннях не прыведзена. Не з’явілася такой нормы і ў далейшым з боку Мінюста.

Мінюст у сваіх пярэчаннях кажа пра тое, што ў Палажэнні аб ліцэнзаванні пункт 107 адносіць да паўнамоцтваў Кваліфікацыйнай камісіі “разгляд матэрыялаў аб спыненні дзеяння ліцэнзіі”. Так, Высокі суд, “разгляд матэрыялаў”, але не “устанаўленне дзеянняў, што дыскрэдытуюць адваката і адвакатуру”.

Таму што, Высокі суд, мы нездарма прывялі Вам пункт 4 артыкула 69 Закона “Аб нарматыўных прававых актах”, які чорным па белым абвяшчае, я нагадаю, што “не дапускаецца адвольнае тлумачэнне нарматыўных прававых актаў пры іх ужыванні”.

З фразы “разгляд матэрыялаў пра спыненне дзеяння ліцэнзіі”, можна вывесці толькі тое, што Кваліфікацыйная камісія, атрымаўшы набор дакументаў, якія ўстанаўліваюць нейкія факты, робіць высновы, але тут не гаворыцца пра паўнамоцтвы ўстанаўліваць дзеянні, што дыскрэдытуюць адваката і адвакатуру.

Калі мы паглядзім Палажэнне аб Кваліфікацыйнай камісіі, якое зацверджана пастановай Міністэрства юстыцыі № 105 ад 30 лістапада 2010 года, там ёсць цэлы пункт 4, які апісвае, што робіць Кваліфікацыйная камісія. І ў ім Вы таксама, Высокі суд, не знойдзеце такога паўнамоцтва Камісіі, як “устанаўліваць дзеянні, што дыскрэдытуюць адваката і адвакатуру”. Так ужо выйшла, што такога паўнамоцтва там не замацавана. Насамрэч прычына простая: устанаўленне дзеянняў, што дыскрэдытуюць адваката і адвакатуру, — гэта прэрагатыва адвакацкай супольнасці. Як відаць на момант стварэння гэтых нарматыўных прававых актаў, заканадавец для сябе выразна разумеў і ўжываў гэты стандарт. Па якой прычыне сёння зроблены спробы спарадзіць нейкае іншае тлумачэнне гэтых нормаў, невядома, але ўсе гэтыя спробы павінны быць аддадзены крытыцы, як мінімум, на той падставе, што ёсць простая норма, што забараняе адвольнае тлумачэнне прававых актаў.

Калі ўлічыць, што гэта заключэнне Кваліфікацыйнай камісіі — адзіны довад, пададзены Мінюстам, то на гэтым можна было б і скончыць.

Але мы працягнем, таму што ёсць довады, якія не менш значныя для высновы аб адсутнасці законных падстаў канстатаваць за словамі Пыльчанкі нейкую дыскрэдытацыю прафесіі.

Паглядзім на паўнамоцтвы Мінюста. Там таксама, Высокі суд, Вы не знойдзеце такога як устанаўленне дзеянняў, што дыскрэдытуюць адваката і адвакатуру. Спробы ўбачыць гэта паўнамоцтва ўтоеным недзе сярод іншых — гэта ні што іншае, як адвольнае тлумачэнне. Па той простай прычыне, што калі хутка дзеянні, што дыскрэдытуюць адваката і адвакатуру, — гэта правіна, несумяшчальная з прафесіяй, якая фактычна аўтаматам мае вынікам пазбаўленне ліцэнзіі, то відавочна, такое значнае паўнамоцтва павінна быць названа ў заканадаўстве нейкім пэўным чынам. Але гэтага няма.

Такім чынам, Высокі суд, у Кваліфікацыйнай камісіі, якая разглядала матэрыялы, не было паўнамоцтваў устанаўліваць дзеянні, што дыскрэдытуюць адваката і адвакатуру, а ў Міністэрства юстыцыі на падставе гэтага заключэння Кваліфікацыйнай камісіі, якое дэталёва цяпер было прааналізавана маім калегам як недапушчальны і няпэўны довад, не было паўнамоцтваў рабіць выснову пра здзяйсненне Аляксандрам Пыльчанкам дзеянняў, што дыскрэдытуюць адваката і адвакатуру.

Але і гэта яшчэ не ўсё, Высокі суд.

Паколькі ў дадзеным выпадку мы разглядаем такі ўчынак, як выказванне, а не нейкае іншае дзеянне, то патрэбна разгледзець, якія правамерныя абмежаванні ўжываюцца наогул для выказванняў — для таго каб гэтыя выказванні можна было паспрабаваць расцаніць на прадмет іх дыскрэдытуючага характару.

І ў адносінах да выказванняў сітуацыя вельмі спецыфічная тым, што выказванне — гэта выражэнне погляду, а права на выражэнне погляду ў якасці самастойнага права названа ў Канстытуцыі. І гэта акалічнасць ператварае ацэнку, якую мы тут робім, у абцяжараную патрэбай уважліва шукаць, а ці ёсць нейкія нормы ў заканадаўстве, якія маглі б абмежаваць канстытуцыйнае права?

Бо разумееце, Высокі суд, прававая сістэма будуецца па вертыкалі, нас гэтаму вучылі з першага курса ўніверсітэта, і мы ведаем, што на чале ўсяго стаіць Асноўны закон — Канстытуцыя, якая, як мінімум, на сённяшні дзень, мае больш высокую юрыдычную сілу, чым указы прэзідэнта і іншыя нарматыўныя прававыя акты. То бок каб нейкім чынам павузіць правы, дадзеныя чалавеку канстытуцыйнай нормай, трэба знайсці нейкую іншую канстытуцыйную норму. І такая канстытуцыйная норма ёсць — гэта артыкул 23 Канстытуцыі. Менавіта гэты артыкул вызначае правамерныя абмежаванні права на выражэнне погляду.

То бок можна ўявіць сабе нейкае выказванне, якое пры нейкіх акалічнасцях магло б ацэньвацца як дыскрэдытуючае адвакатуру, але гэта трэба прасяваць праз сіта 23-га артыкула Канстытуцыі, таму што толькі яна звужае дзеянне артыкула 33 Канстытуцыі пра права на выражэнне погляду.

Што гаворыцца ў 23-м артыкуле Канстытуцыі? Там гаворыцца, што права на выражэнне погляду можа быць абмежавана, КАЛІ — і дзве ўмовы ўстаноўлены.

Першая ўмова: канкрэтнае абмежаванне павінна быць устаноўлена законам. Ні пастановай Мінюста, ні ўказам прэзідэнта, ні дэкрэтам, ні нейкім іншым актам. Законам.

У гэтай сувязі можна прывесці прыклады і ў іншых краінах, і ў нас, калі законам абмежавана права казаць тыя ці іншыя рэчы. У некаторых краінах, напрыклад, адмаўленне Халакосту проста забаронена, таму што той народ, які ўстанавіў такое абмежаванне права на выражэнне погляду, палічыў, што ёсць падахоўнае дабро, якое можа пацярпець, калі людзі будуць выказвацца так — адмаўляць існаванне Халакосту. Гэта зразумела.

Калі вярнуцца назад да нашай тэматыкі, то дзе тое канкрэтнае абмежаванне ў законе, проста прадугледжанае законам, якое не дазваляла Аляксандру Пыльчанку сказаць тое, што ён сказаў? Вам, Высокі суд, Міністэрства юстыцыі такой нормы закона не прадставіла. Хоць гэта менавіта іх абавязак зыходзячы з размеркавання цяжару доваду па дадзенай катэгорыі спраў. Дзе тая норма, якая абмяжоўвае? Яе не названа. Значыць, ужо на гэтым этапе мы бачым, што правамернасці абмежавання права на выражэнне погляду не даказана.

Другая ўмова: гэтыя абмежаванні (калі б яны былі ўстаноўлены і названы Мінюстам) павінны былі б устанаўлівацца ў нейкіх мэтах. Ну вось у тым прыкладзе, які я прывёў, - для абароны нацыянальнай памяці, дапусцім. І канкрэтны характар пагрозы падахоўным мэтам павінен быць прадэманстраваны, то бок у дадзеным выпадку Мінюст павінен быў прадэманстраваць суду. І яшчэ быць неабходным і адпаведным.

Пра гэта пра ўсё сказаў не толькі Камітэт па правах чалавека ААН, але і Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь — мы ўжо абвяшчалі адпаведныя тлумачэнні.

Але, Высокі суд, ці прывёў Вам Мінюст (які не прывёў канкрэтных абмежаванняў, вызначаных законам) характар пагрозы? Каму пагражалі выказванні Пыльчанкі? Мы такіх звестак у працэсе не пачулі.

А ведаеце, што мы пачулі? Мы пачулі адкрыты адказ Міністэрства юстыцыі на пытанне адваката Наталлі Мацкевіч пра тое, што Міністэрства юстыцыі зусім артыкула 23-га Канстытуцыі не ўжывала, прымаючы рашэнне аб спыненні ліцэнзіі Пыльчанкі.

То бок не устаноўлена наяўнасць абмежаванняў на выражэнне погляду. Яны не былі ўстаноўлены ні тады, калі ліцэнзію спынялі, не знойдзены і не прадэманстраваны Вам, Высокі суд, зараз. Таму, паколькі ў нас Міністэрства юстыцыі — гэта той орган, які павінен заканадаўствам валодаць і валодае, я думаю, то можна казаць пра тое, што гэта свядома незаконнае рашэнне аб ўстанаўленні дзеянняў, што дыскрэдытуюць адвакатуру. Таму што гэта рашэнне прынята ў адсутнасць канкрэтнай нормы закона, што абмяжоўвае свабоду выражэння погляду, у адсутнасць прадэманстраванага характару пагрозы.

Бо гэта, Высокі суд, не проста нейкія фантазіі. Гэта канстытуцыйная норма, і гаворка ж ідзе пра тое, што чалавек пазбаўлены права. Уявіце сабе, калі б суд у крымінальных справах ці адміністрацыйных справах, пазбываючы чалавека нейкага адмысловага права, не быў звязаны ніякімі крытэрамі. Захацеў — сказаў: добра, не будзеш ты, чалавек, ажыццяўляць нейкую дзейнасць. Такога ж няма, і складана ўявіць! Таму што вось гэтыя вось неабмежаваныя дыскрэцыйныя паўнамоцтвы, пра недапушчальнасць якіх мы таксама казалі ў судовым паседжанні, гэта вельмі небяспечная з'ява. Таму і прыдумана, што дзяржаўны орган у сваіх рашэннях, якія датычацца правоў грамадзян, павінен быць звязаны рамкамі. І вось гэтыя самыя рамкі ў дадзеным выпадку мы бачым у 23-м артыкуле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Таму, рэзюмуючы сказанае, я хачу паўтарыцца, што нормаў, якія б абавязвалі Аляксандра Пыльчанку як адваката паведамляць той ці іншы аб'ём інфармацыі, нейкія так званыя “істотныя ўмовы”, імкнуцца да нейкай міфічнай поўнасці, пра якую ніхто ніколі не чуў і якая для кожнага чалавека можа быць розная — такіх нормаў не існуе. Пра гэта ўжо сказаў мой калега, які выступаў перада мной. Нормаў закона, якія б абмяжоўвалі свабоду выказванняў так, як гэта ўяўляецца Мінюсту, не прадэманстравана і не існуе. Таму выказванні Аляксандра Пыльчанкі не парушылі ніякіх нарматыўных праўных абмежаванняў.

І ведаеце, Высокі суд, кажучы пра характар пагрозы ад выказванняў Пыльчанкі, які не прадэманстраваны Міністэрствам юстыцыі, я хачу ў які раз нагадаць, што ніякім падахоўным дабротам грамадскім выказванне Аляксандра Пыльчанкі не перашкодзіла, не нашкодзіла, а якраз ткі наадварот — гэтыя выказванні былі пра спосабы абароны правоў грамадзян, якія пацярпелі ад незаконнага гвалту. Уявіце сабе чалавека, у якога рукі ў сцяжках, які не можа нават затуліцца ад удараў, і якога збіваюць некалькі супрацоўнікаў так званых праваахоўных органаў... Гэта бачыла ўся краіна. Аляксандр Пыльчанка выказаўся пра паўнамоцтвы найвышэйшых службовых асоб, якія і без Аляксандра Пыльчанкі ў першыя хвіліны, калі ўся гэта інфармацыя стала з'яўляцца, абавязаны былі стаяць пад сценамі Акрэсціна. Што зрабіў Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь замест гэтага? Мы ведаем — ён узбудзіў крымінальныя справы ў дачыненні да тых, хто пратэставаў. Што зрабіў міністр унутраных спраў? Таксама ведаем. Высокі суд, з усіх крымінальных спраў, якія ўзбуджаны за апошнія месяцы, няма ніводнай справы пра катаванні, здзекванні, згвалтаванні ў дачыненні да пратэстоўцаў. Што зрабіў Аляксандр Пыльчанка – адказваючы на пытанне журналіста, нагадаў беларускаму грамадству пра паўнамоцтвы найвышэйшых службовых асоб, чый абавязак — абараніць гэты народ. І за гэта адваката з 30-гадовым стажам пазбавілі ліцэнзіі, як ужо было прадэманстравана мной і калегамі, без законных падстаў, у адсутнасць крытэраў, у адсутнасць паўнамоцтваў — то бок, Высокі суд, адвольна.

Пра тое, што выказванні Пыльчанкі не насілі эмацыйнага характару, а пераследавалі прававыя мэты, сказаў мой калега. І па гэтай самай прычыне пададзеныя намі Высокаму суду дакументы — лісты міжнародных юрыдычных, адвакацкіх і праваабарончых арганізацый — вельмі істотныя з таго пункту гледжання, што яны адлюстроўваюць незаангажаваны погляд з боку прафесійнай супольнасці, якая, па-першае, не бачыць у словах Пыльчанкі (а гэтыя словы даступныя, яны ж на tut.by — кожны чалавек можа з кожнай кропкі свету зайсці і прачытаць), гэтыя словы Пыльчанкі нікім не расцэнены як непрымальныя для адваката, больш за тое, расцэнены (і гэта абвяшчалася ў судовым паседжанні) як неабходныя і карысныя для грамадства. І, што самае важнае, наступствы ў выглядзе рашэння Мінюста расцэнены як пераслед адваката за яго прафесійную дзейнасць. Як пераслед, які парушае Асноўныя прынцыпы пра ролю юрыстаў — адзін з найважнейшых стандартаў, якія рэгулююць нашу дзейнасць.

Разумееце, Высокі суд, сэнс адваката і адвакатуры ў тым, што адвакат павінен мець магчымасць выказацца супраць нейкіх дзеянняў, што здзяйсняюцца ўладамі. У адваката складаная задача ў гэтым сэнсе: з аднаго боку — дзяржаўная машына з яе рэпрэсіўным апаратам, з іншага боку — чалавек, які не надзелены ніякімі паўнамоцтвамі і можа толькі заклікаць да нейкага парадку, справядлівасці і закону, што і было зроблена ў інтэрв'ю Пыльчанкі. І таму права выражаць прафесійны погляд публічна і вусна — гэта асноватворнае для юрыста кожнай краіны, у тым ліку Рэспублікі Беларусь, асабліва юрыста, які бароніць правы грамадзян.

Таму рашэнне Міністэрства юстыцыі з'яўляецца незаконным, бо ў парушэнне артыкула 23-га Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь без прадугледжаных законам падстаў парушыла канстытуцыйнае права Пыльчанкі на свабоду выражэння погляду— канстытуцыйнае права, прадугледжанае артыкулам 33, канстытуцыйнае права, што належыць кожнаму грамадзяніну гэтай краіны пакуль што яшчэ ад нараджэння, незалежна ад прафесійнай прыналежнасці, расы, полу і гэтак далей. 

Высокі суд, падыходзячы да канца таго, што я хацеў Вам сказаць, я хачу звярнуць увагу, што рашэнне Міністэрства юстыцыі, якое адбылося ў дачыненні да Пыльчанкі, якое мы просім адмяніць, яно небяспечна тым, што ставіць магчымасць ажыццяўлення адвакатамі сваёй дзейнасці ў залежнасць нават не ад меркавання, а ад настрою міністэрства. Таму што атрымліваецца, што міністэрства адмаўляе звязанасць сябе якімі-небудзь абмежаваннямі: усё што заўгодна можна прызнаць дыскрэдытуючымі дзеяннямі — вось гэта пасыл, які мы бачым. Але на мой погляд гэты пасыл ніяк не можа быць сумяшчальны з прынцыпам незалежнасці адваката як абаронцы і грамадскага дзеяча. Таму калі задавацца пытаннем — А што ўвогуле можа дыскрэдытаваць адвакатуру? — у мяне перш за ўсё гэтае пытанне ўзнікае адносна дадзенага рашэння Міністэрства юстыцыі, якое мы цяпер тут абскардзім. Таму што менавіта такое рашэнне, прынятае насуперак артыкулу 23 і артыкулу 33 Канстытуцыі, яно дыскрэдытуе прафесію адваката, выстаўляючы адваката ў вачах грамадскасці як асобу залежную ад волі дзяржаўнага органа, і пазбаўляе грамадзян упэўненасці ў тым, што яны могуць атрымаць дапамогу абранага імі адваката, асабліва калі, Высокі суд, неад'емным элементам гэтай дапамогі павінна быць крытыка і аспрэчванне дзеянняў дзяржаўных органаў.

Таму, прымаючы пад увагу, што рашэнне Міністэрства юстыцыі ад 16 кастрычніка 2020 года з'яўляецца незаконным і неабгрунтаваным, мы просім яго адмяніць. І працягне нашу пазіцыю калега Наталля Мацкевіч".

Прамова адвакаткі Наталлі Мацкевіч

Наталля Мацкевіч. Фота humanrightshouse.org
Наталля Мацкевіч. Фота humanrightshouse.org

"Высокі суд, паважаныя калегі, я б хацела ўспомніць той факт, што гісторыя ўзаемаадносін дзяржавы і адвакатуры Беларусі ведае ўжо больш раннія прыклады, калі высокакваліфікаваныя і паспяховыя адвакаты пазбавіліся свайго статусу імкліва і нечакана па рашэнні дзяржаўнага органа – Міністэрства юстыцыі. І гэта, як мы памятаем, дзіўным чынам супадала з перыядамі, калі гэтыя адвакаты вялі рэзанансныя справы, з так званым "палітычным падтэкстам". Такое было ў 2011 годзе, так здарылася з [адвакатам] Ганнай Бахцінай у 2017 годзе. І 16 кастрычніка 2020 года сітуацыя паўтарылася ў дачыненні да бачнага і вядомага, як гэта тут было прызнана, адваката Аляксандра Пыльчанкі. Але што ў гэтай сітуацыі гучыць упершыню, — гэта тое, што ўпершыню адвакат быў пазбаўлены ліцэнзіі выключна і непрыкрыта за публічнае выказванне свайго меркавання ў прафесійнай якасці. Прычым гэта меркаванне было выказана ім як праваабаронцам у сувязі з парушэннямі правоў чалавека, пра што сведчанні прадстаўленыя суду ў поўнай меры.

Складана ў гэтай сітуацыі не зразумець, што гэта досыць дэманстратыўны крок, які паказвае, што нягледзячы на прафесійны аўтарытэт і грамадскае прызнанне дзейнасці, прафесійны лёс адваката можа залежаць ад рашэння намесніка міністра юстыцыі, старшыні Кваліфікацыйнай камісіі, як нам тут растлумачылі, які па сваім уласным меркаванні, ніяк не матывуючы сваё рашэнне, можа вынесці пытанне аб спыненні дзеяння ліцэнзіі на пасяджэнне Кваліфікацыйнай камісіі, і на працягу 10 дзён гэтае пытанне будзе вырашацца на кваліфікацыйнай камісіі пры Міністэрстве юстыцыі, якая ў сваёй большасці складаецца з прадстаўнікоў дзяржавы, члены якой па ўнутраным перакананні разглядаюць і ацэньваюць выкананне адвакатам этычных стандартаў прафесіі адваката. А затым калегія Міністэрства, якая цалкам складаецца з прадстаўнікоў гэтага дзяржаўнага органа, будзе вырашаць пытанне аб прафесійнай кваліфікацыі, дыскрэдытацыі і захавання этычных стандартаў адваката. Таму, як ужо гаварылася, разгляданая сітуацыя і рашэнне, якое абскарджваецца, дэманструе на дадзены момант залежнасць адвакатаў ад дзеянняў і рашэнняў дзяржаўных органаў.

Менавіта гэтая паўтаральная і занадта відавочная практыка выклікае абурэнне як адвакацкай карпарацыі Беларусі, так і міжнародных адвакацкіх прафесійных аб'яднанняў і замежных адвакатаў і іх аб'яднанняў, таму што ўжо вельмі практыка відавочная, і для таго, каб даць ёй ацэнку, не патрэбныя спецыяльныя веды ўнутранай прававой сістэмы, таму што ўсе бачаць дзеянні і выказванні адваката, якія ні ў каго не выклікаюць, акрамя Міністэрства юстыцыі, абурэння і бачаць вынік: адвакат, паспяховы, вядомы, дасведчаны з больш чым трыццацігадовым стажам пазбаўлены статусу на працягу дзесяці дзён, нягледзячы на тое, што ў гэты час ён ажыццяўляе абарону па многіх справах, многія кліенты на яго ўскладаюць надзею. Хто ведае асаблівасць адвакацкай прафесіі: адваката вельмі складана замяніць у справе — гэта датычыцца і прафесійных дзеянняў, і, што вельмі важна, — даверу і спакою кліента.

З іншага боку, дадзеная сітуацыя дала нам магчымасць паставіць перад судовай уладай, перад судом, шэраг пытанняў, якія маюць грамадскае значэнне, якія хвалююць, як учора было сказана, і грамадзянская супольнасць, людзей, для якіх важна, ці могуць яны разлічваць наогул у Рэспубліцы Беларусь на юрыдычную дапамогу, якая будзе аказвацца эфектыўна, без страху і пагроз для юрыстаў, якія такую дапамогу прадстаўляюць.

Гэтыя пытанні таксама хвалююць прафесійную супольнасць адвакатаў, а адвакатура — гэта важная частка грамадзянскай супольнасці. Гэта прафесійная група, якая грае адну з вызначальных роляў у ажыццяўленні правасуддзя. Таму што адвакаты — гэта пасярэднікі паміж грамадзянамі і правасуддзем. І давер да правасуддзя, дарэчы сказаць, у вялікай ступені залежыць ад таго, у якіх умовах працуюць адвакаты, і ад чаго залежыць іх прафесійны статус.

Таму тут пытанне, вядома, і аднаго адваката, але і ўсёй адвакатуры сёння. І акрамя тых пытанняў, якія паставілі мае калегі — пра відавочную неабгрунтаванасць абскарджанага рашэння аб спыненні дзеяння ліцэнзіі адваката Аляксандра Пыльчанкі, — перад судом мы ставім наступныя пытанні, і судовая ўлада ў вашай асобе павінна вырашыць іх пры прыняцці рашэння: гэта пытанне прымянення прынцыпу незалежнасці адвакатуры і адвакатаў, гэта пытанне працэдуры прымянення санкцый у дачыненні да адвакатаў, і гэта пытанне свабоды выказвання меркавання, у тым ліку адвакатаў (тое, пра што казаў мой калега).

Адносна прымянення прынцыпу незалежнасці адваката і адвакатуры ў дадзеным працэсе мы абгрунтавалі, што гэты прынцып з'яўляецца не проста нормай Закона аб адвакатуры, але і агульнапрызнаным прынцыпам міжнароднага права і канстытуцыйным прынцыпам, таму суд павінен у сучаснасці справе ўжываць гэты прынцып як абагульняючую норму, якая мае больш высокую прававую сілу, чым тыя нормы заканадаўства, на якія спасылаецца Міністэрства юстыцыі.

У адпаведнасці з гэтым прынцыпам, пытанні ацэнкі правілаў прафесійнай этыкі адвакатаў, маецца на ўвазе ўнутраных правілаў і этычных стандартаў, павінны вырашацца незалежным органам, якія складаюцца з адвакатаў, а не дзяржаўным органам, і ў прыватнасці, — камісіяй пры дзяржаўным органе, якая не складаецца з адвакатаў, ці ў якой адвакаты прадстаўлены ў меншасці, таму ў ёй не можа ўлічвацца іх меркаванне як вырашальнае.

Трэба сказаць, што бо адвакаты не ўдзельнічаюць у кваліфікацыйнай калегіі суддзяў, адвакаты не ўдзельнічаюць у атэстацыйнай камісіі пракурораў, не кажучы ўжо пра тое, што ніякага ўдзелу не прымаюць пры ацэнцы дзеянняў у сэнсе этычнасці або неэтычнасці супрацоўнікаў Мінюста.

Чамусьці ў дачыненні да адвакатаў іншы падыход. Але адвакацкая карпарацыя дастаткова сталая, і адвакаты самі ў стане даць ацэнку дзеянням сваіх калегаў, тым больш, на прадмет іх адпаведнасці правілам прафесійнай этыкі, як гэта і ўстаноўлена законам «Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь».

Таму калі падысці да справы з прымяненнем прынцыпу незалежнасці адвакатуры і адвакатаў, то становіцца відавочным, што ў дадзеным выпадку гэты прынцып парушаны. і рашэнне, якое прымалася дзяржаўным органам у парушэнне дадзенага прынцыпу, не можа быць правамерным.

Але калі такая сітуацыя стала магчымая, як паказвае Міністэрства юстыцыі, у адпаведнасці з тым, што пэўныя паўнамоцтвы, як тлумачыцца Міністэрствам юстыцыі, ім належаць на падставе нарматыўна-прававога акту, прынятага прэзідэнтам — Палажэння аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці — то гэта кажа толькі аб тым, што ў дадзенай сітуацыі мы выявілі ў працэсе разгляду канкрэтнай справы нормы нарматыўна-прававога акту, якія не адпавядаюць Канстытуцыі.

Такая сітуацыя сустракаецца ў правапрымяненні, калі сачыць за практыкай Канстытуцыйнага суда, нічога ў гэтым экстраардынарнага няма, але ў гэтым выпадку гэтыя нормы альбо не павінны прымяняцца наогул, альбо яны павінны тлумачыцца пэўным чынам, як гэта выклаў мой калега, альбо, як мы высветлілі, у гэтым працэсе павінны прадпрымацца меры па ўсталяванай працэдуры для таго, каб гэтыя нормы былі выключаныя з заканадаўства.

Таму мы і звяртаемся да суду з просьбай прызнаць рашэнне Міністэрства юстыцыі аб спыненні дзеяння ліцэнзіі на права заняткі адвакацкай дзейнасцю Аляксандра Пыльчанкі неправамерным у сілу прыведзеных аргументаў і прыняць меры ў адпаведнасці з артыкулам 112 Канстытуцыі, артыкулам 7 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў.

І падкрэслю яшчэ адно вельмі важнае пытанне, якое ў агульным сведчыць аб выкананні, альбо з'яўляецца індыкатарам, калі можна так сказаць, выканання або невыканання дзяржавай сваіх абавязацельстваў перад грамадзянамі па Канстытуцыі і сваіх міжнародна-прававых абавязацельстваў, — гэта пытанне свабоды выказвання меркавання.

Я магла б і не задаваць (прадстаўніку Мінюста — заўв.) пытанне аб тым, ці ўжываўся артыкул 23 Канстытуцыі ў дадзенай канкрэтнай справе, таму што відавочна, што яна не ўжывалася, і гэта відавочна з рашэння Міністэрства юстыцыі і заключэння Кваліфікацыйнай камісіі. Гэта значыць, у дадзенай справе не ўжытая норма права, якая падлягае прымяненню, і пытанне аб тым, што яна парушаная ці не парушаная, ужо становіцца залішнім, таму што тыя крытэрыі, па якіх можа быць абмежаваная свабода выказвання меркавання, а санкцыя за выказванне меркавання з'яўляецца, безумоўна, абмежаваннем гэтай свабоды, гэтыя крытэрыі не ўжываліся наогул. Ужо на адной гэтай падставе можна было завяршыць нашу дыскусію.

Але мы б хацелі яшчэ і для іншых грамадска-карысных мэтаў усё ж такі паставіць пытанне аб некастытуцыйнасці нарматыўна-прававога акту, які дае дзяржаўнаму органу магчымасць і права даваць ацэнку дзеянням адваката на прадмет іх адпаведнасці правілам прафесійнай этыкі, і тым самым ліквідаваць гэтыя пытанні з разгляду па справядлівай дысцыплінарнай працэдуры, якая прадугледжана Законам «аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці».

Пасля вымаўленых прамоваў адвакатаў слова было прадастаўлена прадстаўніку Міністэрства юстыцыі:

"Высокі суд, Міністэрства юстыцыі ў адпаведнасці з прадстаўленымі па ўказе №450 паўнамоцтвамі ажыццяўляе ва ўстаноўленым парадку кантроль за выкананнем адвакатамі заканадаўства. Стварэнне неабходных умоў, у тым ліку для павышэння прэстыжу адвакатуры, з'яўляецца галоўнымі задачамі, якія стаяць перад Міністэрствам юстыцыі.

Для адваката асноўнымі задачамі ў адпаведнасці з законам з'яўляецца аказанне на прафесійнай аснове юрыдычнай дапамогі і, канечне , удзел у прававым выхаванні, у тым ліку праз сродкі масавай інфармацыі. Не абаснавана казаць аб тым, што Міністэрства юстыцыі абмяжоўвае свабоду выказвання меркавання адвакатаў. Безумоўна, адвакат можа і павінен мець зносіны са СМІ на любыя тэмы, якія хвалююць грамадства. Аднак, каментар не павінен быць некампетэнтным. Галоўнай задачай прававога выхавання з'яўляецца распаўсюджванне прававых ведаў сярод насельніцтва, для росту іх прававой культуры, для паважлівага павагі да права, да правасуддзя, да закона.

Правілы абавязваюць адвакатаў пры ўдзеле ў прававой асвеце і выхаванні пры прадстаўленні звестак у сродкі масавай інфармацыі ў мэтах падтрымання гонару і годнасці выкарыстоўваць толькі дакладную інфармацыю. Неабходна адзначыць, што ў адпаведнасці з заканадаўствам, Законам «Аб адвакатуры», у нашай краіне толькі адвакат мае права аказваць садзейнічанне ў разуменні, правільным выкарыстанні і прытрымкі заканадаўства. Што немалаважна, яны нясуць асаблівую адказнасць перад грамадствам. Таму адвакат павінен кіравацца нормамі права, сваю пазіцыю выкладаць дакладна і ясна ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Хачу адзначыць, што ў маі мінулага года Саветам Мінскай гарадской калегіі адвакатаў быў выпадак, калі адвакату Аляксандру Уладзіміравічу ўжо выказвалася патрабаванне аб няўхільным прытрымліванні дзелавога стылю зносін з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі, устаноўленых Прэзідыумам Мінскай гарадской калегіі адвакатаў. На прытрымліванне, растлумачу, пастановы, якую ён у той час, калі быў старшынёй Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, падпісваў. Тады падставай для прыняцця па гэтым факце паслужыла інтэрв'ю Аляксандра Уладзіміравіча, якое было апублікавана на Беларускім партызане, дзе ён неадназначна, некарэктна падаў матэрыял па пытаннях прымянення падатковага і крымінальнага заканадаўства. Апублікаванае ў жніўні бягучага года на тут.бай артыкул даў падставу ставіць пытанне аб яго некампетэнтнасці, гэта ж абмяркоўвалася на тэлеканале АНТ, таксама больш за сто каментароў на форуме грамадзян. Падобныя выказванні недапушчальныя і непрымальныя, паколькі не адказваюць задачам па прававым выхаванні, але і заклікаюць да супрацьпраўных дзеянняў, а роўна дыскрэдытуюць званне адваката. Такога роду заявы сведкі падзей, якія адбываюцца, не дасягаюць мэтаў прававой супольнасці, пра якую адвакату Аляксандру Пыльчанку было сказана на пасяджэнні Кваліфікацыйнай камісіі, а наадварот яшчэ больш напальваць і без таго складаную абстаноўку, якая існуе сёння.

Хацелася б адзначыць, што ў тым ліку па выступах адваката судзяць у цэлым аб адвакатуры, так як словы адваката, асабліва які мае вялікі прафесійны стаж, да якога адносяцца з даверам, магчыма меркаваць што прафесійна выказваецца выключна з пазіцый права.

Таму адвакат у сваёй прафесіі павінен садзейнічаць захаванню прэстыжу прафесіі, прэстыжу адвакатуры. Разам з тым, заявы Пыльчанкі, якія маюць вялікі грамадскі рэзананс, не стасуюцца з нормамі заканадаўства, чым уводзяць у зман адносна паўнамоцтваў дзяржаўных органаў і накіраваны на заклік асобных службовых асоб да дзеянняў, якія не прадугледжаны заканадаўствам.

Міністэрствам юстыцыі прадастаўлена дастаткова абгрунтаванняў, якія кажуць аб тым, што каментарый з'яўляецца некампетэнтным. Былі прыведзеныя нормы заканадаўства. Прадстаўнікамі было выказана меркаванне аб тым, што нідзе не замацавана паняцце паўнаты дачы інфармацыі пры прадастаўленні звестак у сродкі масавай інфармацыі. Аднак, калі гэтыя патрабаванні не замацаваныя, то гэта зусім не азначае, што адвакат можа казаць усё што заўгодна. Таксама быў папрок у адрас Міністэрства юстыцыі, што не замацаваны крытэрыі адносна ацэнкі дыскрэдытуючых дзеянняў, не раскрыта паняцце заклік, супрацьпраўныя дзеянні, аднак, вы самі прадстаўнікі ў прыватнасці ў мінулым судовым паседжанні, ўчора, не назвалі нормы заканадаўства, дзе было вызначанае паняцце «блакаванне воінскіх падраздзяленняў», «раззбраенне». Асабіста я гэтага не пачула. Як было сказана, гэта выцякае з агульных нормаў крымінальнага заканадаўства. Таксама і па іншых выказваннях. Такім чынам, спасылкі прадстаўнікі не пацвердзілі.

На нашу думку, таксама непрафесійна заяўляць, што камісія не мае права разглядаць пытанне аб спыненні дзеяння ліцэнзіі. Няправільна казаць аб тым,што большасць членаў гэтай камісіі не складае адвакацкую супольнасць. Наадварот, большасць членаў камісіі складае адвакацкая супольнасць. Не буду зараз прыводзіць гэтыя лічбы, вылічваць колькасць. Але хацелася б адзначыць, што ва ўсіх членаў камісіі, якія сёння ўваходзяць у склад, ва ўсіх адна задача. І працэдура, пры якой разглядаецца пытанне, у прыватнасці, аб спыненні дзеяння ліцэнзіі, прадугледжвае, што адвакат, які прысутнічае на паседжанні, атрымаў таксама інфармацыю, што яму вядома. Пры Аляксандру Уладзіміравічу былі разабраныя ўсе, не толькі адносна паўнамоцтваў Генеральнага пракурора.

Такім чынам, кваліфікацыйная камісія палічыла, што адвакат Пыльчанка здзейсніў дзеянні, якія дыскрэдытуюць званне адваката і адвакатуру, што з'яўляецца грубым парушэннем заканадаўства і ўжываецца як падстава для прыняцця адпаведнага рашэння. Хацела б падкрэсліць яшчэ раз, што рашэнне Кваліфікацыйнай камісіі прынята ў адпаведнасці з устаноўленай працэдурай, а Міністэрствам юстыцыі прынята рашэнне ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. Дзякуй, Высокі суд»

Справа Аляксандра Пыльчанкі: прамовы адвакатаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства