viasna on patreon

Палітзняволенай Рэнаце Смірновай прысудзілі два гады "хатняй хіміі"

2021 2021-01-29T10:57:28+0300 2021-01-29T11:16:11+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/smirnova_renata_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Рэната Смірнова ў судзе. Фота: "Белсат"

Рэната Смірнова ў судзе. Фота: "Белсат"

29 студзеня суд Заводзскага раёна горада Мінска вынес прысуд 19-гадовай палітзняволенай Рэнаце Смірновай. Яе прызналі вінаватай па арт. 342 Крымінальнага кодэкса і прысудзілі два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову — "хатняй хіміі".

Справу разгледзела суддзя Кацярына Мурашка. Дзяржабвінавачанне прадстаўляў пракурор Зубік. Абараняў дзяўчыну адвакат Станіслаў Абразей.

Рэната Смірнова была затрыманая разам з хлопцам першага лістапада на Маршы супраць тэрору ў Мінску. На яе завялі крымінальную справу і адпусцілі. Была затрыманая пры перасячэнні мяжы. Ёй змянілі меру стрымання і змясцілі пад варту да суда. Да затрымання дзяўчына працавала барыстай, збіралася паступаць у БДУ. 

Стаяла ў першым шэрагу счэпкі

Дзяўчыну абвінавацілі ў тым, што першага лістапада яна была на праспекце Незалежнасці ў групе асобаў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Менавіта — стаяла ў першым шэрагу счэпкі і блакіравала дарогу. Шкода Мінсктрансу — 10 689, 76 рублёў.

У аўтазак прыйшла сама — за хлопцам

Сведка — Іван Зубко (малады чалавек дзяўчыны), якому таксама прад'яўленае абвінавачанне па арт. 342. Ён таксама знаходзіцца пад вартай.

Іван распавёў, што яны прыехалі да завода "Луч", дзе ў тэлеграм-каналах была пазначаная кропка збору. Праз дзесяць хвілін яны рушылі ў бок перасячэння з Валгаградскай, у раёне дзіцячай чыгункі стаяў таніраваны транспарт і супрацоўнікі АМАП. Падчас паседжання прысутныя праглядзелі запіс з нагруднай камеры супрацоўніка АМАП: на ёй бачна, што Смірнова стаіць не ў першым шэрагу, без плакатаў і сімволікі. Калі супрацоўнікі АМАП накіравалі ў бок пратэстоўцаў зброю і запатрабавалі сыйсці з праезнай часткі, Смірнова "адразу ж падпарадкавалася". Аднак каля дома 101 па праспекце Незалежнасці пачаліся затрыманні, людзі сталі ў счэпку. Івана збівалі, душылі і павялі ў аўтазак — дзяўчына пайшла за ім і таксама папрасілася ў аўтазак. Спачатку яе спрабавалі накіраваць дадому, але потым забралі: у аўтазаку схапілі за валасы і паставілі на калені. 

Калі пракурор дапытваў Зубко, ён запытаўся, чаму дзяўчына пайшла ў аўтазак. 

Іван Зубко адказаў: "Высакароднасць, каханне..."

Зубкоў ведаў, што мерапрыемства несанкцыянаванае, на пытанне, чаму пры блакіроўцы не думалі пра іншых людзей у транспарце, адказаў, што ўсе іх падтрымлівалі.  

Палітзняволеная Рэната Смірнова пацвердзіла сведчанні Івана Зубко. Удакладніла, што згодная з тым, што парушыла закон, але гэтае правапарушэнне ніяк не "цяне" на крымінальны артыкул.

Пры вобшуку былі вынятыя адзенне, у каторым дзяўчына была на мітынгу, два ноўтбукі, відэакамера, два мабільных тэлефона, планшэт, фотаапарат, электронная кніга, жосткі дыск, флэшкі. 

Сведкі не пазналі Смірнову

Сведкамі абвінавачання выступаюць Аляксееў, Купарчук, Свірыдаў, Шэўчык і Назараў (усе засакрэчаныя). Чацвёра з іх казалі аднолькавыя рэчы, пяты — Шэўчык — не з'явіўся на паседжанне. Ніхто з іх не пазнаў Рэнату Смірнову. Свірыдаў сказаў, што дзяўчына выкрыквала "антыдзяржаўныя лозунгі", але не ўзгадаў, якія. 

Яшчэ адна сведка — прадстаўніца Мінсктранса — юрысконсульт Настасся Кузняцова сказала, што не памятае абставін пазова: яго падавала пракуратура. Дакументаў у яе з сабой не было.

Пракурор запрасіла для палітзняволенай Рэнаты Смірновай два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову — "хатняй хіміі", а таксама вызваліць яе з-пад варты пад заклад. Адвакат прапанаваў закрыць справу, таму што за адно правапарушэнне двойчы не прыцягваюць да адказнасці, а пра справе за першага лістапада Рэнату ўжо асудзілі па адміністрацыйнаму артыкулу.

Суддзя Кацярына Мурашка прысудзіла дзяўчыне два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову — "хатняй хіміі". Пазоў "Мінсктранса" будзе выдзелены ў асобную грамадзянскую вытворчасць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства