"У тэлеграм-канале абразіла міністра Кубракова". У Смалявічах судзяць шматдзетную маці
Суд Смалявіцкага раёна 9 лютага пачаў разгляд крымінальнай справы па абвінавачванні Кацярыны Сазонавай. Жанчыну вінавацяць у абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў (арт. 369 КК РБ).
Справу разглядае суддзя Людміла Якаўлева, дзяржабвінаваўца – пракурор Лаўкет.
Па матэрыялах следства, знаходзячыся па месцы свайго жыхарства ў г. Смалявічы, у публічным доступе ў сетцы Інтэрнэт, выкарыстоўваючы мабільны тэлефон, у адным з тэлеграм-каналаў, наўмысна, з мэтай публічнай абразы прадстаўніка ўлады, Сазонава размясціла непрыстойныя па форме і зневажальныя па накіраванасці тэкставыя паведамленні ў дачыненні да міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь генерал-маёра міліцыі Івана Кубракова.
Кацярына Сазонава - маці траіх дзяцей, двое з якіх непаўналетнія. Зараз знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку па догляду за дзіцём.
Адвакат абвінавачванай Болатава заявіла хадайніцтва аб правядзенні закрытага судовага пасяджэння. Суддзя адхіліла, паколькі пацярпелы Кубракоў такога хадайніцтва не вылучаў.
Кацярына Сазонава цалкам прызнае віну ў здейсненым.
Суд запатрабаваў дапытаць сведку, супрацоўніка міліцыі, які займаўся маніторынгам чата, дзе быў размешчаны абразлівы допіс.
Абвешчаны перапынак для выкліку сведкі да 12-00 17 лютага.