Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў асуджае адвольнае затрыманне і пераслед Леаніда Судаленкі і Таццяны Ласіцы
Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, партнёрская праграма FIDH і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), распаўсюдзіла заяву, у якой яна асуджае “адвольнае затрыманне і судовы пераслед Леаніда Судаленкі і Таццяны Ласіцы”, паколькі іх мэтай з’яўляецца “пакаранне за законную праваабарончую дзейнасць”.
Заява з’явілася ў адказ на прад’яўленне Леаніду Судаленку абвінавачванняў, якое адбылося 1 лютага. Яна адрасаваная ўладам Беларусі, у прыватнасці кіраўніцтву МУС і Генпракуратуры. Абсерваторыя таксама заклікае ўсіх неабыякавых людзей патрабаваць ад уладаў вызвалення праваабаронцаў ПЦ “Вясна”.
1 лютага юрысту гомельскага аддзялення «Вясны» Леаніду Судаленку прад'яўленае абвінавачанне па частках 1 і 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (“арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне такой дзейнасці”). Па гэтым артыкуле яму можа пагражаць да трох гадоў пазбаўлення волі. Спадар Судаленка застаецца пад вартай ў СІЗА №3 г. Гомеля.
21 студзеня ў аэрапорце Мінска пры спробе выехаць з Беларусі ў Літву супрацоўнікамі МУС была затрыманая валанцёрка “Вясны” Таццяна Ласіца, якая дапамагала Леаніду Судаленку ў яго працы. Таццяна застаецца ў статусе падазраванай па той жа крымінальнай справе. Яе таксама ўзялі пад варту ў СІЗА №3.
Абсерваторыя таксама нагадвае пра адвольны пераслед іншых беларускіх праваабаронцаў, у тым ліку каардынатаркі Валанцёрскай службы “Вясны” Марфы Рабковай, якая з 17 верасня ўтрымліваецца ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску і якой пагражае да трох гадоў калоніі паводле часткі 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса. Абвінавачванні безумоўна звязаныя з яе законнай праваабарончай дзейнасцю, падкрэслівае Абсерваторыя.
Абсерваторыя заклікае беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць адвольна затрыманых Леаніда Судаленку, Таццяну Ласіцу, Марфу Рабкову і ўсіх іншых праваабаронцаў і спыніць усе формы пераследу ў іх дачыненні.