Затрыманні і ператрусы працягваюцца. Пераслед за 9 лютага Дапоўнена
Дзявятага лютага праваабаронцы "Вясны" працягвае фіксаваць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Мінск
У кватэру былой супрацоўніцы БТ Таццяны Бойка прыйшоў ГУБАЗіК і правёў ператрус, напісала яна ў сваім Facebook. Пасля гэтага затрымалі яе мужа. Падрабязнасці высвятляюцца.
У Мінску затрыманы Іван Бардашэвіч. Невядомыя ўламіліся ў кватэру, дзе ён знаходзіўся, і звезлі ў невядомым накірунку.
Затрымалі 37-гадовую жанчыну з пасёлку Гатава, якая была адміністратарам мясцовага тэлеграм-чату, паведаміла прэс-служба МУС. На яе склалі адміністрацыйны пратакол за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў (арт. 23.34 КаАП). Таксама МУС адзначае, што выкрылі іншых адміністратараў (усяго іх было пяцёра). Паводле прэс-сакратаркі міністэрства Вольгі Чамаданавай, у чаце каардынаваліся мясцовыя пратэсты, акцыі ды перфомансы з БЧБ-сімволікаю.
Пазней стала вядома, што гутарка ідзе пра Алесю Сярэдзіч. Яе затрымалі 8 лютага, а сёння асудзілі на 20 базавых велічынь штрафу.
Актывістку Галіну Лагацкую затрымалі пасля суду над журналісткамі "Белсата". Пра гэта паведаміла яе сястра:
«Галю забралі ў Першамайскі РУУС, па якім пытанні, не ведаю. Яе ў пад'ездзе чакала жанчына і два ці адзін мужчына, у штацкім. Рэчы далі ўзяць. Можа для прафілактыкі ці з ціхушнікамі можа размаўляла, ці пра Лукашэнку што сказала».
Тэлеграм-канал "МотолькоПомоги" паведамляе, што раніцай быў затрыманы прафесар у бізнэс-школе ІПМ і выкладчыка БДУ Яраслаў Кот. У яго кватэры адбыўся ператрус.
Таксама паведамляецца пра затрыманне двух чалавек па вуліцы Караля, пасля чаго быў узламаны дваровы чат. Затрыманні адбыліся па вуліцы Пуліхава і праспекце Дзяржынскага.
Гродна
Сілавікі прыйшлі ў офіс IT-кампаніі Godel Technologies у Гродне. Як даведалася "Еўрарадыё", яны прыйшлі туды не з праверкай, а за адным з супрацоўнікаў.
Спачатку сілавікоў не пускалі без дакументаў. Але тыя прыгразілі, што будуць ламаць дзверы. Тады ім адчынілі.
Па інфармацыі Hrodna.life, супрацоўнік Godel Technologies Уладзімір Родчанка, які прасіў супрацоўнікаў міліцыі прадставіцца, а таксама тэлефанаваў адвакату і ўдакладняў, ці маюць яны права пранікаць у офіс без дакументаў, затрыманы. У дачыненні да яго таксама пачалі адміністрацыйны працэс па арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаванне міліцыі).
Гомель
Таксама тэлеграм-канал МУС паведаміў пра затрыманне супрацоўнікамі Гомельскага ўпраўлення ГУБАЗіК МУС 26-гадовага жыхара абласнога цэнтра. Ён падазраецца ў распальванні сацыяльнай варожасці. Прэс-служба МУС паведамляе, што ў канцы снежня мінулага года мужчына размясціў у адным з тэлеграм-каналаў некалькі пастоў, у якіх заклікаў да гвалту над міліцыянтамі і членамі іх сем'яў.
Па інфармацыі "Гомельскай Вясны", гутарка ідзе пра сына палітзняволенай актывісткі Таццяны Канеўскай 26-гадовага Дзмітрыя Канеўскага. Ён быў затрыманы яшчэ 28 студзеня. У адносінах да яго ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 130 Крымінальнага кодэкса - Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы.
У Гомелі знікла сувязь з валанцёркай шматдзетнай маці Таццянай Максімавай. Яна займаецца зборам дапамогі рэпрэсаваным людзям. Яе знаёмыя паведамляюць, што нібыта да яе прыйшлі міліцыянты, але яна не адчыніла ім дзверы.
Полацк
Пад Полацкам увечары транспартнай міліцыяй быў затрыманы Анатоль Каханчык. Полацкі РАУС адмаўляецца казаць пра яго месцазнаходжанне. Верагодна затрыманне звязана з бел-чырвона-белай афарбоўкай яго хаты.
Ліда
Па інфармацыі "БАЖ", сёння ў горадзе Бярозаўка Лідскага раёна ў кватэры журналіста-фрылансера Юрыя Дзяшука міліцыя правяла ператрус. Паводле тлумачэнняў сілавікоў, у межах крымінальнай справы, дзе журналіст фігуруе ў якасці сведкі. У выніку забралі камп’ютарную і іншую тэхніку, неабходную для прафесійнай журналісцкай дзейнасці. Раніцай 10 лютага Дзяшук мусіць явіцца на допыт.
Міліцыянты заявілі, што ператрус адбываўся ў межах крымінальнай справы за “наўмыснае псаванне транспартнага сродку альбо шляхоў злучэння” (ч.1 арт. 309 КК), а Юрый Дзяшук праходзіць па справе ў якасці сведкі.
У выніку ў Юрыя Дзяшука адабралі камп’ютар, дзве відэакамеры, ноўтбук, носьбіты флэш-памяці і мабільны тэлефон. Паводле слоў журналіста, міліцыянты паведамілі яму, што пакуль тэхніка вынятая тэрмінам на 10 дзён. Але калі ўзнікне неабходнасць правесці экспертызу, то тэрмін можа быць падоўжаны на дадатковыя 30 дзён.
Згодна з паведамленнем Следчага камітэта, крымінальная справа распачатая ў сувязі з перакрыццём 29 снежня 2020 года бетоннымі слупамі чыгункі ў Лідзе. Тады машыніст пасажырскага цягніка Гродна-Гомель заўважыў перашкоду на рэйках, аднак спыніць састаў не паспеў. Падчас здарэння ніхто з пасажыраў не пацярпеў, праз некаторы час цягнік пайшоў далей. Невядомымі аналагічным чынам яшчэ раз перакрывалася чыгунка ў Лідзе, але толькі ўжо ў гродзенскім напрамку.
Будзе дапаўняцца