viasna on patreon

Хроніка палітычнага пераследу 11 лютага Дапоўнена

2021 2021-02-11T22:51:00+0300 2021-02-11T23:28:55+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zatrymanne_rechica.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Спецтранспарт міліцыі, які прыехаў пад дом Дзяніса Шылянка ў Рэчыцы. Фота "Палеская Вясна"

Спецтранспарт міліцыі, які прыехаў пад дом Дзяніса Шылянка ў Рэчыцы. Фота "Палеская Вясна"

11 лютага праваабаронцы "Вясны" працягвае фіксаваць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. 

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Мінск

Паведамляецца, што каля ст. м. Міхалова вечарам 11 лютага затрымалі некалькі чалавек.

"15 хвілін таму каля метро Міхалова стаяла каля 15-20 чалавек у ланцужку са сцягамі. Пад'ехала чатыры бусы з ціхарамі, людзі разбегліся. Затрымалі 3 або 4 чалавекі", - піша тэлеграм-канал "МотолькоПомоги".

Журналіст-фрылансер Ілля Дабратвор паведаміў БАЖ, што яго шукае міліцыя. Прыехалі дадому, "хочуць паразмаўляць". Яны стаяць з раніцы на пляцоўцы сёмага паверха і не сыходзяць аж да гэтага часу, перыядычна звоняць у дзверы. Ні жонка, ні дзеці Дабратвора праз гэта не могуць выйсці з кватэры. Сам журналіст не ўяўляе, з чым гэта можа быць звязана.

Таксама праваабаронцам вядома, што ў Мінску быў затрыманы Віктар Бягун

Згодна з інфармацыяй "Спісы Акрэсціна", затрыманыя Ксенія Рыжык (Фрунзенскае РУУС), Павел Падаляк (Цэнтральнае РУУС) і Сяргей Сцяпанаў (Ленінскае РУУС). 

У Маскоўскім раёне быў затрыманы Антон Нарбутовіч і дастаўлены ў РУУС гэтага ж раёна. Таксама затрыманы Уладзімір Пархамовіч.

Каля Ратушы затрымалі пажылога чалавека, які сустракаў аўтобусы з дэпутатамі "Усебеларускага народнага сходу" нацыянальным сцягам, піша Наша Ніва. 

Паведамляюць пра ператрус у журналісткі Таццяны Скапцовай-Пятроўскай.

"Новая Баравая. Нябесная 1/1, прыйшлі з ператрусам да журналісткі. Канфіскуюць усю тэхніку".

Паставы

Як паведамляе БАЖ, глыбоцкага журналіста-фрылансера Змітра Лупача каля 3 гадзін пратрымалі ў Пастаўскім раённым аддзеле міліцыі, куды яго выклікаў участковы інспектар Аляксандр Кішко.  

Зміцер Лупач адмовіўся даваць паказанні, спаслаўшыся на 27-мы артыкул Канстытуцыі, які дае права не сведчыць супраць сябе. Пасля гэтага капітан міліцыі Аляксандр Кішко ўручыу яму новую позву: 12 лютага Змітру трэба будзе зноў явіцца ў Пастаўскі РАУС, але ўжо ў якасці сведкі. Па якой справе выклікаюць, у позве не паведамляецца.

Як мяркуе журналіст, хутчэй за ўсё яна будзе тычыцца відэасюжэта пра мясцовага фітнес-трэнера і закрыццё яго трэніровачнай залы. Мужчына выклаў у Instagram фотаздымкі з журналістамі "Белсата", зробленыя, калі яны прыязджалі да яго ў Паставы.

Жлобін

У жлобінскай прадпрымальніцы 41-гадовай Любові Шведавай адбываецца вобшук, паведамляе "Гомельская Вясна". Верагодна вобшук звязаны з вялікай актыўнасцю і крэатыўнасцю жлобінскіх партызанаў. Канал “Свабодны Жлобін” паведамляе, што гэта не адзінкавы вобшук, а цэлая хваля. 

Таксама вобшук праходзіць і у Аркадзя Шаўчэнкі.

Многім актывістам на 12 лютага даслалі позвы ў міліцыю ў сувязі са справай аб абразе начальніка міліцыі Мельніка.

Ляхавічы

Чытачы паведамляюць Белсату, што ў Ляхавічах міліцыянты аб'язджаюць актывістаў і даюць позвы. Так, на 15 гадзін у мясцовы РУУС выклікаюць Пятра Кендыша

povestka_liahovichi.jpg

Салігорск

У Салігорску быў затрыманы стачкомавец Юры Корзун. Пра гэта выданню "Лідар-прэс" паведаміла яго жонка Кацярына. Паводле яе слоў, сёння ў 6:50 муж выйшаў з хаты, каб разагрэць машыну, але дадому так і не вярнуўся. Каля аўтамабіля Юрыя Корзуна заставаліся толькі сляды ад іншай машыны. Праз тры гадзіны ў міліцыі Кацярыне паведамілі, што Юрый затрыманы паводле часткі 1 артыкула 23.34 КаАП РБ і знаходзіцца ў ІЧУ Салігорскага РАУС.

Віцебск

У Віцебску затрымалі найстарэйшага апазіцыянера гораду – Барыса Хамайду, паведамляе Белсат.Затрыманне адбылося на вул. Леніна, мужчыну павезлі ў Чыгуначны РАУС для «прафілактычнай размовы».

Наваполацк

У Наваполацку быў затрыманы Сяргей Плігоўка. Мужчыну даставілі ў мясцовы ЦІП.

Рэчыца

У Рэчыцы міліцыянты ламаюць дзверы ў кватэру прадпрымальніка і актывіста Дзяніса Шылянка, паведамляе "Палеская Вясна".

Ад самай раніцы пад домам, у якім жыве прадпрымальнік, знаходзіліся міліцыянты. Яны патрабавалі ўпусціць іх у кватэру і пагражалі, што будуць рэзаць дзверы. Пры гэтым нейкіх уцямных падставаў для пранікнення ў жытло не прад’яўлялі.

Праваабаронцам стала вядома пра затрыманне і правядзенне ператрусу яшчэ ў адной жыхархі Рэчыцы - Алены Навуменка.

Магілёў

Як паведамляе телеграм-канал MAYDAY, затрыманая супрацоўніца Магілёўскага драмтэатра Вольга Семчанка. Яе забралі сёння раніцай прама з працоўнага месца. Дакладная прычына затрымання невядомая, аднак ёсць здагадка, што з-за выцінанак на вокнах.

Інфармацыя дапаўняецца

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства