viasna on patreon

Затрыманні і ператрусы ў Беларусі: хроніка палітычнага пераследу 25 і 26 лютага Дапоўнена

2021 2021-02-26T15:43:00+0300 2021-02-28T13:59:42+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kuharchyk-02.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

25 і 26 лютага праваабаронцы "Вясны" працягваюць фіксаваць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволеннасць дзеяннямі ўладаў. 

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Пераслед 26 лютага

Раніца 26 лютага пачалася з ператрусу ў рэдактара сайта “Віртуальны Брэст” Андрэя Кухарчыка. Пакуль вядома, што ў журналіста забіраюць тэлефон і кампутар, паведамляе тэлеграм-канал Беларускай асацыяцыі журналістаў. Падрабязнасці высвятляюцца.

Пазней БАЖ паведаміў, што паводле папярэдняй інфармацыі, гаворка ідзе пра "карагодную" справу, шукаюць фота. У Кухарчыка забралі кампутар, тэлефон і некалькі старых вінчэстараў.

У жніўні мінулага года "Віртуальны Брэст" трапіў у спіс рэсурсаў, доступ да якіх па загадзе Міністэрства інфармацыі быў заблакаваны на тэрыторыі Беларусі.


Як паведамілі праваабаронцам "Вясны", сёння ў 10:45 у момант выхаду з электрычкі на станцыі Мінск-Паўночны была затрыманая група пенсіянераў. Затрымлівалі людзі ў цывільным. Па словах відавочцы, затрымалі не менш за 8 чалавек, яны ў электрычцы чыталі беларускія кнігі — акцыя ў падтрымку беларускай мовы. Затрыманых даставілі ў Заводскі і Партызанскі РУУС, а потым на Акрэсціна. Сярод затрыманых:

  1. Галіна Гуленкова
  2. Наталля Іванісава (1946 г.)
  3. Святлана Лазебнікава (1961 г.)
  4. Ірына Новік (1961 г.)
  5. Ніна Несцяровіч (1961 г.)
  6. Наталля Агейчык (1960 г.)
  7. Алена Васільева (1955 г.) - вызвалілі з ЦІП да суда
  8. Аксана Каратава (1954 г.)
  9. Таццяна Шыманская (1961)
  10. Раіса Алецкая - вызвалілі з ЦІП да суда
  11. Іна Жаковіч
  12. Алена Засценчык
  13. Любоў Кучынская
  14. Алена Лебядзінская
  15. Вера Паршак

Паведамляюць, што з ІЧУ на Акрэсціна выйшлі пенсіянеркі, якіх у пятніцу, 26 лютага, затрымалі на выхадзе з электравіка «Менск – Маладзечна». Сілавікі сустрэлі сталых людзей на платформе станцыі «Менск-Паўночны». У РУУС на іх склалі пратаколы паводле арт. 23.34. Падставай сталася чытанне ў цягніку кніг беларускіх пісьменнікаў. Сведкі казалі, што ў некаторых пенсіянерак былі з сабою бел-чырвона-белыя сцяжкі.

Пішуць, што затрымалі 26 асобаў. Міліцыянты зафіксавалі жанчын на відэа, а таксама далі зразумець, што побач з пенсіянеркамі быў ціхар. Некаторыя пенсіянеркі распавядаюць, што ў ІЧУ сядзелі ў камеры, дзе на 6 месцаў было 14 чалавек. 

Суды над жанчынамі прызначылі на 1 сакавіка.

Пераслед 25 лютага

Увечары 25 лютага былі затрыманыя каля 10 чалавек у Мінску на вуліцы Нёманскай, 42. Там збіралі подпісы пад зваротамі, якія тычыліся добраўпарадкавання горада, адкрыцця межаў Беларусі на выезд, прадастаўлення аб'ектыўнай статыстыкі на COVID-19, з нагоды ЦЭЦ і "Табакерак". Аб'яву аб зборы подпісаў размясцілі ў адкрытым чаце. Затрыманых даставілі ў Фрунзенскае РУУС, а потым на Акрэсціна. Вядома пра затрыманне:

  1. Марыя Баран
  2. Сяргей Барнюк
  3. Таццяна Зайцава 
  4. Віталь Зайцаў
  5. Алена Лабовіч 
  6. Валерый Халадзінскі
  7. Дар'я Шабан
  8. Алена Шумейка

Над імі чакаюцца суды.


Раніцай у Лебяжым у сябе дома былі затрыманыя муж і жонка Максім і Юлія Лакатковы. ГУБАЗіК паведаміў, што затрымаў дзяўчыну, якая паведамляла інфармацыю блогеру Антону Матольку. Яе, як і іншых, прымусілі пакаяцца на фоне чырвона-зялёнага сцяга. Юлія Лакаткова – адна з ключавых асобаў у беларускай экасістэме стартапаў. Яна кіруе некалькімі IT-бізнесамі. Яе аштрафавалі ў Цэнтральным судзе на 40 базавых велічын нібы за непадпарадкаванне і адпусцілі на волю. Максім затрыманы, над ім чакаецца суд.


У Маладэчне 25 лютага каля 11:30 з дому забралі адну з затрыманых раней лыжніц — Вольгу Квасаву. Пратрымалі яе ў РАУСе да 17:00, пасля чаго адвезлі ў СК — інкрымінуюць артыкул 188 КК (паклёп). 22 лютага ў яе быў ператрус, у выніку якога забралі ноўтбук.


У суботу быў затрыманы відэаблогер Руслан Ліннік (каля 90 тыс. падпісчыкаў на YouTube), у хаце яго бацькоў быў праведзены ператрус. 25 лютага прэс-служба МУС паведаміла, што ён затрыманы за "абразу службовых асоб МУС". 

"У кастрычніку мінулага года 38-гадовы жыхар Менска размясціў у сваім канале відэахостынгу ролік з абразамі прадстаўнікоў міліцэйскага ведамства. Пры гэтым мужчына доўгі час хаваўся. У лютым супрацоўнікі сталічнага ўпраўлення ГУУБ МУС затрымалі аўтара матэрыялу, нягледзячы на канспіратыўны лад жыцця і рэгулярную змену месца жыхарства.

Следчыя далі прававую ацэнку дзеянням блогера і распачалі крымінальную справу за абразу прадстаўніка ўлады. Фігурант раскаяўся ў зробленым і прызнаў сваю віну", — адзначаецца ў ведамстве.

Следчы камітэт паведаміў, што відэаблогер Руслан Ліннік заключаны пад варту.


Сілавікі прыйшлі з ператрусам у кватэру вядомага пластычнага хірурга Аляксея Дзюжага.

"Патэлефанаваў мне ўчора раніцай нейкі Лісіцкі і паведаміў, што ён з крымінальнага вышуку. Сказаў, што хоча са мной пабачыцца. Я яму патлумачыў, што ў Гомелі не жыву. Тады ён спытаў, хто жыве ў кватэры ў Гомелі. Там жыве бацька", — распавёў Аляксей выданню "Флагшток".

Учора ў абед да бацькі Аляксея прыйшлі з ператрусам: узялі панятых і агледзелі кватэру, у якой іх нічога не зацікавіла. Як паведаміў Аляксею яго бацька, ператрус звязаны са справай аб "масавых беспарадках 9-12 жніўня".

Вядома, што Аляксея затрымлівалі ў верасні падчас аднаго з маршаў у Мінску. У сацсетках ён адкрыта выказвае сваю грамадзянскую пазіцыю.

Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства