viasna on patreon

Мінск: пачалі разглядаць справу палітвязня, абвінавачанага ва ўдзеле ў "масавых беспарадках"

2021 2021-03-31T11:26:24+0300 2021-03-31T12:02:48+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/20200810_222439.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Масавыя пратэсты каля ГЦ "Рыга" ў Мінску, 10 жніўня 2020 года / Еўрарадыё

Масавыя пратэсты каля ГЦ "Рыга" ў Мінску, 10 жніўня 2020 года / Еўрарадыё

30 сакавіка Заводзскі суд Менска пачаў разглядаць справу ў дачыненні да 26-гадовага палітвязня Ігара Рудчыка, якога абвінавачваюць паводле ч.2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу.

Справу разглядае суддзя Алена Капцэвіч, дзяржабвінавачанне падтрымлівае памочнік пракурора Заводзскага раёна Качанава. Адвакат абвінавачанага — Алена Майсеня.

У чым абвінавачваюць?

Ігара Рудчыка абвінавачваюць у тым, што дзясятага жніўня з 22.30 да 01.00 ён удзельнічаў у масавых беспарадках на перакрыжаванні вуліц Сурганава-Куйбышава-Бяды. Менавіта — майстраваў барыкады, разбіраў ходнікавую плітку, узыходзіў на верх барыкад, біў палкай па сметніку, залазіў на апору дарожнага знака. Таксама — нецэнзурна высказваўся і агаляўся: знімаў цішотку і махаў ёй на верху барыкад.

Што кажа абвінавачаны?

Ігар Рудчык часткова прызнаў віну. Ён папрасіў перакваліфікаваць артыкул з ч.2 арт.293 на арт. 342: гэтае пытанне будзе разгледжанае падчас вынясення рашэння. Таксама абвінавачаны хадайнічаў аб правядзенні суда ў закрытым рэжыме: у гэтым хадайніцтве адмоўлена, бо няма законных падстаў для гэтага. 

Ігар распавёў, што дзясятага жніўня ён сустрэўся з сябрам Пётрам Бондарам, яны выпілі піва і рушылі ад ст.м. Партызанская у бок цэнтра — праз цікаўнасць далучыліся да натоўпу. Калі яны дайшлі да ўніверсама "Рыга", там ужо былі барыкады са сметнікавых бакаў і агароджаў. Ігар згубіў сябра, і каб знайсці яго, залез на сметніцу. Вакол крычалі лозунгі, паддаўшыся эмоцыям, палітвязень узяў палку і пачаў грукаць, каб учыніць шум. Зараз ён раскайваецца ва ўчынках і лічыць, што разум павінен перамагаць эмоцыі. Далей ад незнаёмага чалавека ён даведаўся, што хутка прыедзе АМАП, і яны з сябрам вырашылі сыйсці. Недалёка ад "Рыгі" яны пачулі папярэджанні ад супрацоўнікаў міліцыі пра незаконнае мерапрыемства і патрабаванні разыйсціся, а таксама пачулі выбухі гранат. У сукупнасці ён правёў на "Рызе" не больш за паўгадзіны і быў дома ў 23.00-00.00. 

Што кажуць сведкі?

Пётр Бондар пацвердзіў сведчанні Ігара Рудчыка. Ён удакладніў, што каля "Рыгі" Рудчык не падыходзіў да людзей, якія накіроўвалі калону людзей па горадзе. 

Брат Ігара Мікалай пацвердзіў, што а 23-й ён ужо быў дома: праз тое, што ў братоў адзін ключ ад кватэры ён дакладна ведае час. Мікалай характарызуе Ігара як спагаднага, добрага, працавітага. Сказаў, што яны са шматдзетнай сям'і (у іх яшчэ ёсць двое братоў), усе з іх імкнуліся працаваць, ніколі не парушалі закона.

Яшчэ адзін брат Ігара — Алег — таксама характарызуе палітвязня са станоўчага боку, яны доўга жылі і працавалі разам. 

На судзе выступіла дзяўчына Ігара — Таццяна Дзімітрава. Яна распавяла, што другога снежня супрацоўнікі органаў затрымалі хлопца, вынулі ягоныя салатавыя гетры і паведамілі, што ёсць відэа з удзелам Ігара ў масавых беспарадках. Дзяўчына распавяла, што Рудчык — адказны, добры і працавіты. На пытанне абвінаваўцы, як Ігар паводзіць сябе ў стане алкагольнага ап'янення, Таццяна адзначыла, што ніколі не выяўляе агрэсіі.

Былі зачытаныя сведчанні лейтэнанта міліцыі, бо ён не змог з'явіцца ў суд праз службовую занятасць. Ён распавёў, што дзясятага жніўня палітвязень быў апрануты ў яркае прыкметнае адзенне. Праз комплекс мерапрыемстваў супрацоўнікі даведаліся, дзе ён жыве. Там Рудчыка затрымалі, пасля чаго хлопец прызнаўся ў сведчаннях. 

Разгляд справы працягнецца першага красавіка а 10.30. "Вясна" з дапамогай валанцёраў працягвае сачыць за працэсам.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства