60 грамаў рыбы з галавой замест 100 грамаў і без: Як змяніліся нормы харчавання ў месцах несвабоды
30 сакавіка 2021 года на партале parvo.by была апублікаваная пастанова Савета міністраў "Аб устанаўленні нормаў харчавання і нормаў забеспячэння сродкамі асабістай гігіены асобных катэгорый грамадзян".
У дакументы вылучаныя нормы харчавання для:
- асуджаных, якія адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях, турмах, арыштных дамах, і грамадзян, якія знаходзяцца ў лячэбна-працоўных прафілакторыях;
- асобаў, якія ўтрымліваюцца пад вартай у следчых ізалятарах і турмах, і асобаў, якія ўтрымліваюцца ў ізалятарах часовага ўтрымання і цэнтрах ізаляцыі правапарушальнікаў;
- асуджаных, якія адбываюць пакаранне ў выхаваўчых калоніях;
- асобаў, для якіх устанаўліваюцца павышаныя нормы харчавання (асуджаных, якія знаходзяцца на лячэнні ў медчастках у няволі або якія маюць пэўныя захворванні).
Юрыст "Вясны" Павел Сапелка параўнаў новую пастанову Саўміна з папярэднім дакументам ад 21 лістапада 2006 года і адзначае, што вялікіх зменаў, якія маглі б якасна паўплываць на арганізацыю харчавання зняволеных, цяперашняя пастанова не ўтрымлівае.
"Па-ранейшаму гэта проста прыкладны пералік і колькасць прадуктаў, якія выкарыстоўваюцца пры гатаванні ежы, прычым гаворка ідзе пра колькасць "сырых" прадуктаў, а не гатовай ежы. Варта мець на ўвазе, што спецыяльнай нормай прадугледжана таксама замена адных прадуктаў на іншыя ў пэўнай прапорцыі.
Ці сталі нормы забеспячэння прадуктамі іншымі? Практычна няма. Звяртае на сябе ўвагу рэзкае зніжэнне колькасці рыбы - з 90-100 г да 55-60 г. І ў норме ўжо - рыба з галавой, тады як раней – без. Але наўзамен з'явіліся мікраскапічныя 25 грамаў курыцы і 15-20 грамаў каўбасы. Трохі знізілася норма хлеба", - падкрэслівае праваабаронца.
Калі раней зняволенаму належыла 250 г гародніны, то зараз у дакуменце распісана грамоўка тых самых 250 г асобна для капусты (120 г), буракоў (40 г), морквы (30 г), цыбулі (40 г), агуркоў/таматаў, карэнняў і зеляніны (20 г). Таксама асобным радком указана, што кожнаму чалавеку ў перыяд з 1 лістапада па 31 сакавіка прадугледжана 5 г часныку ў суткі, а замест 0,2 г гарчычнага парашку цяпер выдзяляюць 0,5 г універсальнай прыправы.
Павел Сапелка звяртае ўвагу, што па абноўленай пастанове асуджаныя да абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу пры адсутнасці ў іх уласных сродкаў забяспечваюцца наборам прадуктаў з наступным вяртаннем яго кошту па той жа норме, што і асобы, якія ўтрымліваюцца пад вартай у следчых ізалятарах і турмах (не прыцягваюцца да работ).
Аднак, па-ранейшаму, не вырашана праблема забеспячэнне зняволеных рознымі тыпамі харчавання - без свініны, без ялавічыны, без глютэна, вегетарыянскімі стравамі і іншымі відамі дыетаў.