viasna on patreon

Вольга Залатар з "Валадаркі": Негледзячы на высокія сцены і краты, я адчуваю сябе свабоднай Фота

2021 2021-03-31T21:48:00+0300 2021-10-01T15:11:37+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/volontery_okrestino_20200708_bur_tutby_phsl-6810.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

37-гадовую маці пецярых дзяцей Вольгу Залатар са Ждановіч затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа 18 сакавіка. Дома правялі ператрус, пасля якога забралі і саму Вольгу. У той жа вечар каля 23:00 затрымалі яе мужа Сяргея Ганкевіча, калі яго выклікалі ў міліцыю на «допыт». На наступны дзень у межах крымінальнай справы Вольгу змясцілі ў СІЗА-1, а Сяргея арыштавалі па арт. 24.23 КаАП на 10 сутак нібыта за вывешаны сцяг на акне. Прэс-служба УУС Мінаблвыканкама паведаміла, што жанчыну затрымалі «за актыўную пратэсную дзейнасць». 29 сакавіка Вользе прад'явілі абвінавачванне — "стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо кіраўніцтва такім фарміраваннем або ўваходзячым у яго структурным падраздзяленнем" (артыкул 361-1 КК).  Гэты артыкул Крымінальнага кодэксу прадугледжвае пазбаўленне волі да сямі гадоў. 31 сакавіка суд Партызанскага раёна адхіліў скаргу адваката Вольгі на пастанову аб ужыванні меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Яна застаецца ў мінскім СІЗА №1 на Валадарскага. Вольга не прызнае сваёй віны і адмаўляецца супрацоўнічаць са следствам. Жанчына не губляе аптымізму, піша сваім дзецям і маці вялікія лісты на беларускай мове, у якіх распавядае пра быт у камеры, пра свае планы на Вялікдзень і дзеліцца сваім партрэтам з турмы аўтарства палітзняволенай студэнткі Касі Будзько. “Вясна” публікуе вытрымкі з лістоў Вольгі Залатар.  

У жніўні 2020-га Вольга Залатар валанцёрыла ў лагеры ля ізалятараў на Акрэсціна. Фота: Дар'я Буракіна, TUT.BY
У жніўні 2020-га Вольга Залатар валанцёрыла ў лагеры ля ізалятараў на Акрэсціна. Фота: Дар'я Буракіна, TUT.BY

Нагадваем храналогію пераследу сям'і Ганкевіча і Залатар:

  • 18 сакавіка раніцай у доме сямʼі Сяргея Ганкевіча і Вольгі Залатар каля дзесяці супрацоўнікаў ГУБАЗіКа правялі ператрус.
  • Вольгу Залатар затрымалі. У доме засталася адна 10-гадовая дачка.
  • Сяргей Ганкевіч прыехаў дадому каля 14:30, але на яго склалі пратакол, што ён а 13:50 вывесіў у вакне бел-чырвона-белы сцяг, чым правёў пікетаванне.
  • А 23-й гадзіне Ганкевіча выклікалі на допыт у РУУС і там затрымалі.
  • 19 сакавіка Сяргея арыштавалі па арт. 24.23 КаАП у судзе Мінскага раёну на 10 сутак.
  • 19 сакавіка Вольгу змясцілі ў СІЗА-1 на Валадарскага ў межах крымінальнай справе.
  • 21 сакавіка міліцыя паведаміла, што жанчыну затрымалі «за актыўную пратэсную дзейнасць», але артыкул, у межах якога затрымалі Вольгу, так і не назвалі.
  • 22 сакавіка стала вядома, што Вольга Залатар з'яўляецца падазраванай па арт. 361 Крымінальнага кодэкса.
  • 28 сакавіка з «сутак» выйшаў Сяргей Ганкевіч.
  • 29 сакавіка Вользе прад'явілі абвінавачванне — "стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо кіраўніцтва такім фарміраваннем або ўваходзячым у яго структурным падраздзяленнем" (артыкул 361-1 КК).
  • 31 сакавіка суд Партызанскага раёна адхіліў скаргу адваката Вольгі на пастанову аб ужыванні меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Яна пакідаюць у СІЗА №1.


Вольга Залатар нумаруе свае лісты і падпісвае, на колькі аркушаў яе ліст. Маці і дзеці Вольгі атрымалі ад яе некалькі лістоў. Яна распавядае, што сядзіць у камеры з пяццю жанчынамі.

“Адвакат – вельмі дарагі псіхатэрапеўт”

“Але ўсё можа змяніцца ў любы момант. Тут трэба ўсведамляць, што няма нічога пастаяннага, што могуць перавесці ці цябе, ці кагосьці з дзяўчат”, – удакладняе Вольга.

У лістах жанчына апісвае свой быт з сукамерніцамі:

“Нам цэлымі днямі з 6:00 да 22:00 круцяць «Русское радио» па дынаміку з вуліцы. Здараецца, круцяць і добрыя песні, пад якія можна патанчыць.

Сёння [24 сакавіка] мы наводзілі парадак, усё памылі чысценька, чай заварылі і п’ем з пячэнькамі і сушкамі.

Зраніцы прыходзіў адвакат. Як жартуюць дзяўчынкі, адвакат – вельмі дарагі псіхатэрапеўт”.

Запрасіла святара ў СІЗА

Праз чатыры дні Вольга распавяла, што ў камеры жанчыны святкавалі Вербную нядзелю:

“Сёння [28 сакавіка] мы святкавалі Вербную нядзелю. Накрылі салодкі стол, прачыталі малітву. Гарэшкі [прысмакі з перадач знаёмых Вольгі] выклікалі фурор!”

Вольга распавяла, што напісала заяву на запрашэнне святара ў СІЗА. Сапраўды, такое права ёсць у абвінавачаных. 

“Мне вельмі цяжка ад думкі, што я не буду з вамі [з сям'ёй] святкаваць Вялікдзень, не буду пячы кулічы, мы не пойдзем разам да касцёла. Я напісала заявы, каб запрасілі святара для правядзення набажэнства. Я вельмі спадзяюся, што маю просьбу задаволяць, улічваючы, што тут ёсць пакой святара і Чырвоны касцёл побач”.

Вольга — пра першыя тэлеграмы: “Агромністая энэргія падтрымкі ў некалькіх словах!”

У першых лістах распавяла Вольга і пра першыя весткі з волі:

“Я атрымала дзве тэлеграмы: адну ад ліцэістаў, а другую – ад кагосьці блізкага. На жаль, адправіцелі мне невядомыя. Трэба падпісваць у тэксце тэлеграмы. Яны былі мне перададзены праз тры дні пасля адпраўлення. І іх можна адпрўляць з гарадскога тэлефона, не выходзячы з дома (я толькі нумар тэлефона не памятаю). Тэлеграмы мяне вельмі парадавалі. Гэта былі першыя вестачкі з волі, агромністая энэргія падтрымкі ў некалькіх словах!” 

“Я атрымліваю ўнікальны досвед, сустракаю выбітных людзей”

Пры ўсёй складанасці сітуацыі Вольга застаецца мужнай і не губляе аптымізм:

“Я веру, што ўсё будзе добра і ў нашай сям’і, і ў нашай краіне. Я атрымліваю ўнікальны досвед, сустракаю выбітных людзей. Паколькі распавядаць пра сваіх сукамернікаў нельга, я толькі напішу, што адна жанчына паказала практыкаванне, як зрабіць прыгожымі попку і рукі. На прагулцы пасля 15-хвіліннай прабежкі і размінкі мы з Касяй робім гэты комплекс. Фізічныя практыкаванні дапамагаюць спраўляцца з думкамі. Двары для прагулак вам бы не спадабаліся – гэта невялікія пляцоўкі прамавугольнай ці квадратнай формы з высокімі грубымі, шэршавымі, бетоннымі, вільготнымі сценамі, а зверху – рашотка ці сетка. Нават у такіх умовах радасна выйсці на свежае паветра, у ідэале – злавіць сонейка ці дробны дожджык”.

"Адвакат кажа, што шмат людзей вас падтрымлівае і дапамагае" 

Ліст Вольгі Залатар
Ліст Вольгі Залатар

“Ва мне шмат любові, якая разыходзіцца ад мяне хвалямі” 

“Я злавіла сёння дзіўнае адчуванне: негледзячы на высокія сцены і краты, я адчуваю сябе свабоднай. У мяне чыстае сумленне, я рабіла і раблю добрыя справы, у мяне ёсць вы, мае цудоўныя дзеці, у мяне самы лепшы муж і заботлівая мама, дзесяткі людзей, якія моляцца за мяне і падтрымліваюць. Я адчуваю бязмерную ўдзячнасць да Бога і да людзей, ва мне шмат любові, якая разыходзіцца ад мяне хвалямі. Я не адчуваю злосці да тых людзей, якія здзейснілі злачынства супраць мяне і маёй сям’і, мне іх шкада. Мяне ўразілі словы Віктара Марціновіча, якія я прачытала ў газеце “Новы Час”: “Свабода – гэта права не рабіць іншаму кепска тады, калі ты яму спачуваеш”. Я малюся, каб Бог адкрыў сэрцы і вочы тых людзей, каб яны ўсвядомілі свае злачынствы і павярнуліся”. 

Ліст Вольгі Залатар
Ліст Вольгі Залатар

“Кася кажа: “Мы ж у турме!”

Вольга даслала свой партрэт, які намалявала Кася:

“Мой партрэт намалявала мая сукамерніца, юная, светлая Кася, якая не перастае мяне здзіўляць сваімі поглядамі і разважаннямі. На партрэце я вельмі сур’ёзная, бо Кася кажа: “Мы ж у турме!”

Партрэт Вольгі Залатар аўтарства палітзняволенай Касі Будзько
Партрэт Вольгі Залатар у СІЗА-1 аўтарства палітзняволенай Касі Будзько

Падтрымаць Вольгу лістамі салідарнасці, тэлеграмамі, грашовымі пераводамі можна па адрасе:

СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030

Вольге Віктараўне Залатар (07.07.1983)

У Мінску супраць маці пецярых дзяцей узбудзілі крымінальную справу за "заклікі да захопу ўлады"

“Вясна” сабрала ўсё, што вядома па гэтай справе: хто такая Вольга Залатар, як судзілі яе мужа Сяргея Ганкевіча і як пракаментавала затрыманне жанчыны міліцыя.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства