Актывісты Маладога Фронту арганізавалі 23 лютага пікет каля амбасады Злучаных Штатаў Амерыкі ў Менску з мэтай прыцягнуць увагу афіцыйных асобаў ЗША да праблемы праяваў у Беларусі дзяржаўнага антысэмітызму (паводле Радыё Свабода).
Дзевяць актывістаў Маладога Фронту, а таксама прэзідэнт Сусьветнага згуртаваньня беларускіх габрэяў Якаў Гутман прыйшлі 23 лютага ўвечары да амбасады ЗША. У руках пікетоўцы трымалі плакат з надпісам: “Лукашэнка руйнуе помнікі ахвярам Халакосту. Прэзідэнт Буш, дапамажыце захаваць гістарычную спадчыну габрэйскага, беларускага і амерыканскага народаў!”
Маладафронтаўцы падрыхтавалі таксама зварот да прэзідэнта Злучаных Штатаў Джорджа Буша, які быў перададзены ў амбасаду ЗША. У звароце маладафронтаўцы зьвяртаюць увагу прэзідэнта Злучаных Штатаў на тое, што прапаганда ксенафобіі і руйнаваньне габрэйскіх помнікаў сталі ў Беларусі цягам апошніх 10 гадоў звычайнай практыкай. Яны просяць Джорджа Буша зрабіць усё магчымае, каб беларускія ўлады спынілі акты дзяржаўнага антысэмітызму.
Акцыя працягвалася некалькі хвілінаў, пасьля чаго да яе ўдзельнікаў падыйшлі міліцыянты і заявілі, што ўсе яны затрыманыя за правядзеньне несанкцыянаванага пікету.