"Вясне" ўручылі прэмію АБСЭ "Абаронца дэмакратыі" Фота Відэа
Цырымонія ўручэння Праваабарончаму цэнтру «Вясна» прэміі АБСЭ «Абаронца дэмакратыі» прайшла ў Мінску 28 красавіка.
Прэмію з рук амбасадара Швецыі ў АБСЭ Ульрыкі Фунэрэд атрымаў кіраўнік арганізацыі Алесь Бяляцкі.
Гэтай прэміяй Праваабарончы цэнтр “Вясна” ўзнагародзілі яшчэ ў сакавіку 2020 года, але з-за пандэміі каранавірусу ўручылі толькі цяпер.
Вельмі добра, што перанос прэміі адбыўся цяпер, у драматычныя для Беларусі часы, адзначыў Алесь Бяляцкі:
“Для нас гэта вельмі важная маральная падтрымка. Думаю, асабліва гэта будзе вельмі прыемна для тых, хто знаходзіцца ў зняволенні і сядзіць у турме”.
Пад час уганаравання Алесь Бяляцкі распавёў пра гісторыю ўзнікнення «Вясны» пасля разгону Чарнобыльскага шляху 1996:
«Мы і думаць не маглі, што праз 25 гадоў усё яшчэ будзем мусіць працягваць барацьбу за правы чалавека. Ніхто не чакаў таго маштабу рэпрэсіяў, якія абрынуліся на беларускую грамадзянскую супольнасць. У краіне фактычна існуе неабвешчанае ваеннае становішча. Улады пакрываюць злачынствы сілавікоў. Забароненая любая грамадзянская актыўнасць. Год таму ў Беларусі было трое палітвязняў, сёння — больш як 350. Чацьвёра калег з „Вясны“ за кратамі. Існуе пагроза, што многія з нас бліжэйшым часам апынуцца ў турме.
У Беларусі адбываецца цывілізацыйная гуманітарная катастрофа. Мы заклікаем дэмакратычныя краіны дапамагчы беларускаму народу, прымусіць беларускі рэжым пачаць дыялог з грамадзянскай супольнасцю», — сказаў Бяляцкі ў сваёй прамове і завяршыў свой выступ словамі: "Жыве Беларусь!," - цытуе ягоныя словы Радыё Свабода.
Як адзначыла місія АБСЕ ў сваім твітары, “Вясна” атрымала прэмію за сваю місію па абароне правоў чалавека ў Беларусі і пабудове справядлівага і дэмакратычнага грамадства для ўсіх грамадзянаў.
Прэмію «Абаронца дэмакратыі» прысуджаюць з 2016 году за выключны ўнёсак у справу дэмакратыі і абароны правоў чалавека.
Раней прэмію атрымлівалі расійскі рух «Голас», сэрбская няўрадавая арганізацыя «Цэнтр даследаванняў, празрыстасці і справаздачнасці» (CRTA), украінская актывістка Аляксандра Матвійчук.