viasna on patreon

Допыт па "справе Бухеля", падатковыя праверкі: хроніка палітычныга пераследу 29 красавіка Дапоўнена

2021 2021-04-29T11:50:33+0300 2021-04-30T11:23:50+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/lapcevich-kiscianiou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу. Грамадзянаў забіраюць з дома, безпадстаўна затрымліваюць, адбываюцца вобшукі і допыты. Журналістаў выклікаюць на допыт у Следчы камітэт. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Магілёў

Магілёўскага журналіста Уладзіміра Лапцэвіча 29 красавіка выклікалі ў Следчы камітэт, паведамляе Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў".  Паводле слоў  Лапцэвіча, следчы ўпраўлення СК па Магілёўскай вобласці Андрэй Шацько патлумачыў яму, што выклікаюць у якасці сведкі “па справе Бухеля”, маючы, відаць, на ўвазе крымінальную справу супраць Праваабарончага цэнтра "Вясна".

Уладзімір Лапцэвіч. Фота mspring.online


Журналіст Аляксандр Буракоў-старэйшы паведаміў службе маніторынгу ГА “БАЖ”, што ўчора атрымаў паведамленне з падаткавай інспекцыі Ленінскага раёна Магілёва. Падаткавікі патрабуюць ад журналіста цягам месяца прадаставіць тлумачэнні, чаму ў яго атрымалася перавышэнне расходаў над даходамі на працягу шасці гадоў — з 2011 па 2016 гг.

Аляксандр Буракоў, які працуе ў якасці фрылансера, рэгулярна справаздачыўся ў падаткавай інспекцыі пра свае грашовыя даходы. Паводле журналіста, зараз падаткавікі, падлічыўшы выдаткі, чамусьці вырашылі, што ў далёкіх ужо 2011–2016 гг. ён перавысіў свае расходы над даходамі на 6311,01 рублёў.


Мінск

У Мінску ў рамках крымінальнай справы затрымалі 24-гадовага супрацоўніка БДУ Уладзіслава Аўласава. Ён асістэнт кафедры дыскрэтнай матэматыкі і алгарытмікі факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі.

Адвакату паведамілі, што Уладзіслава затрымалі для допыту ў якасці падазраванага па крымінальнай справе па артыкуле 342 (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Яе завялі на хлопца пасля 1 лістапада — тады пасля маршу ў Курапаты больш за 200 чалавек сталі фігурантамі крымінальнай справы, піша "Наша Ніва".


У Мінску сёння была затрыманая Юлія Кулагіна. Яе да суда змясцілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. Прычыны затрымання пакуль невядомыя.

Учора сілавікі прыйшлі ла жыхара Новай Баравой Аляксея Кудзько. Пачалі ламаць дзверы ў кватэры,  калі гаспадар адчыніў – яго забралі і звезлі. Прычына пакуль невядомая.

Затрыманы Аляксандр Фурс. У РУУС сказалі, што затрыманы ў момант нанясення малюнкаў і надпісаў.

Паведамляецца таксама пра затрыманне Алены Курганавай.


У рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унеслі тэлеграм-канал «PALCHYS», які раней вёў блогер Эдуард Пальчыс, паведамляе "Наша Ніва".
Зроблена гэта паводле рашэння суда Партызанскага раёна Мінска ад 20 красавіка — яно падлягае неадкладнаму выкананню.


Разгляд судом крымінальнай справы ў дачыненні да сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца, а таксама актывістаў грамадзянскай кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Дзмітрыя Казлова, Максіма Вінярскага і Андрэя Войніча пройдзе ў закрытым рэжыме, паведамілі ў Магілёўскім абласным судзе. Пачатак працэсу запланаваны 12 траўня. „Крымінальная справа будзе разглядацца ў закрытым судовым пасяджэнні ў сувязі з тым, што матэрыялы адносяцца да таямніцы, якую ахоўвае закон”, — паведаміла супрацоўніца абласнога суда.


Суд над студэнтамі-актывістамі пачнецца ў Мінску 14 траўня. Разглядаць справу будзе суд Кастрычніцкага раёна Мінска.

Абвінавачаныя па артыкуле 342 (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак): Вікторыя Граноўская, Анастасія Булыбенка, Марыя Каленік, Ксенія Сырамалот, Кася Будзько, Яна Арабейка, Ягор Канецкі, Глеб Фінцер, Ілля Трахтэнберг, Алана Гебрэмарыям.

Таксама па гэтай справе ідзе былая выкладчыца БДУІР Вольга Філатчанкова, паведамляе тг-канал Еўрарадыё. Усе яны прызнаныя палітвязнямі.


Тэлеграм-канал «Чорная кніга Беларусі» і аналагічныя рэгіянальныя каналы прызнаныя экстрэмісцкімі Такое рашэнне сёння вынес суд Чыгуначнага раёна Гомеля па матэрыялах абласнога ўпраўлення ГУБАЗіК.

Акрамя асноўнай «Кнігі», у спіс забароненых трапілі «ЧКБ Віцебск і вобласць», «ЧКБ Магілёў і вобласць», «ЧКБ Гомель і вобласць», «ЧКБ Брэст і вобласць», «ЧКБ Гродна і вобласць», паведамляе "Наша Ніва".


Баранавічы

Інтэрв'ю Святланы Ціханоўскай газеце Intex-press прызналі экстрэмісцкім матэрыялам. Верагодна, гэта першы ў краіне выпадак, калі экстрэмізмам прызналі тэкст інтэрв'ю. Раней галоўнага рэдактара Intex-press Уладзіміра Янукевіча за інтэрв'ю з Ціханоўскай аштрафавалі на 580 рублёў, паведамляе Еўрарадыё.

Карэспандэнт баранавіцкай газеты Intex-press Людміла Сцяцко была апытаная ў Баранавіцкім ГАУС па факце публікацыі інтэрв'ю з экс-кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2020 года Святланай Ціханоўскай.


Інфармацыя будзе дапаўняцца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства