viasna on patreon

Заява аб прызнанні 15 новых палітычных зняволеных

2021 2021-05-28T16:39:30+0300 2021-05-28T16:39:31+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/berasce-pudzily-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява беларускіх праваабарончых арганізацый у сувязі з асуджэннем Яўгена Комбуля, Сяргея Сіліча, Максіма Сілюка, Максіма Пыцеля, Вольгі Сыраваткі, Наталлі Барынавай, Сяргея Красоўскага, Аліны Муратавай, Уладзіміра Кацюбкі, Марыны Сілёнак, Сяргея Богдана, Уладзіміра Ланкевіча, Віктара Іванцова, Сяргея Розума, Сяргея Шабуні і Паўла Федукевіча.

Мінск, 28 траўня 2021 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, з трывогай адзначаем бесперапынныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян у сувязі з пратэстамі супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і актаў катаванняў і жорсткасці з боку сілавых ведамстваў.

Так, прысудам суда Ленінскага раёна г. Брэста ад 18 траўня 2021 года былі асуджаныя:

  • Яўген Комбуль паводле ч. 1 арт. 309, ч. 1 і 2 арт. 339 КК да пазбаўлення волі тэрмінам на 5 гадоў у папраўчай калоніі (ПК) ва ўмовах агульнага рэжыму;
  • Сяргей Сіліч паводле ч. 1 арт. 309, ч. 2 арт. 339 КК да пазбаўлення волі тэрмінам на 4 гады ў ПК ва ўмовах агульнага рэжыму;
  • Максім Сілюк па ч. 1 ст. 309, ч. 2 арт. 339 КК да пазбаўлення волі тэрмінам на 2 гады 6 месяцаў ў ПК ва ўмовах агульнага рэжыму;
  • Максім Пыцель па ч. 2 арт. 339 КК да пазбаўлення волі тэрмінам на 3 гады ў ПК ва ўмовах агульнага рэжыму;
  • Сяргей Красоўскі па ч. 2 арт. 339 КК да пазбаўлення волі тэрмінам на 2 гады ў ПК ва ўмовах агульнага рэжыму;
  • Вольга Сыраватка па ч. 2 арт. 339 КК да пазбаўлення волі тэрмінам на 2 гады ў ПК ва ўмовах агульнага рэжыму;
  • Наталля Барынава па ч. 2 арт. 339 КК да пазбаўлення волі тэрмінам на 1 год у ПК ва ўмовах агульнага рэжыму;
  • Аліна Муратава па ч. 2 арт. 339 КК да пазбаўлення волі тэрмінам на 1 год у ПК ва ўмовах агульнага рэжыму;
  • Уладзімір Кацюбка па ч. 2 арт. 339 КК да пазбаўлення волі тэрмінам на 1 год 6 месяцаў у ПК ва ўмовах агульнага рэжыму;
  • Марына Сілёнак паводле ч. 2 арт. 339 КК да абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 1 год 6 месяцаў.

Е. Комбуль, А. Муратава, Н. Барынава, С. Красоўскі, В. Сыраватка, В. Кацюбка, М. Пыцель і М. Сілёнак асуджаныя за вывешванне манекена (лялькі-пудзіла) з надпісамі "АМАП" "у мэтах рэалізацыі пратэстнай акцыі з нагоды незадаволенасці вынікамі выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і дзеяннямі супрацоўнікаў праваахоўных органаў..." (паводле прысуду) у г. Брэсце.

Е. Комбуль, С. Сіліч і М. Пыцель таксама асуджаныя за размяшчэнне на праезнай частцы дарогі і падпал трох аўтамабільных колаў у начны час у тых жа мэтах.

М. Сілёнак таксама асуджаная за нанясенне на плот завода надпісу пратэстнага характару.

М. Сілёнак і М. Сілюк таксама асуджаныя за нанясенне надпісу пратэстнага характару на гандлёвы павільён.

Лічым усе пералічаныя дзеянні рознымі формамі выказвання меркавання, якія падпадаюць пад абарону арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах; пазбаўленне волі за здзяйсненне гэтых дзеянняў з'яўляецца відавочна непрапарцыйным, а таму недапушчальным абмежаваннем права, асабліва ў адсутнасці ў Беларусі ўмоў для легальнага пратэсту супраць любога парушэння палітычных правоў і правоў чалавека.

У сувязі з гэтым мы, у чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асоб, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (сумесную заяву ад 22 снежня 2020 г.) лічым пераслед і пазбаўленне волі Аліны Муратавай, Наталлі Барынавай, Сяргея Красоўскага, Вольгі Сыраваткі, Уладзіміра Кацюбкі, Максіма Пыцеля і Марыны Сілёнак палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены".

Е. Комбуль, В. Сыраватка, С. Сіліч таксама асуджаныя за пашкоджанне шкла ў памяшканні аддзялення міліцыі на суму 160 рублёў з той жа мэтай. Кваліфікацыя гэтых дзеянняў як хуліганства несумяшчальная з усталяванымі судом мэтамі і матывамі абвінавачаных; сімвалічны характар і памер нанесенай шкоды дазваляе нам не мяняць ацэнкі характару дзеянняў усіх абвінавачаных як негвалтоўнага ў цэлым.

Е. Комбуль, С. Сіліч і М. Сілюк таксама асуджаныя за ўстаноўку на чыгуначных шляхах металічнага провада, з прычыны чаго электрацягніку быў пададзены сігнал аб спыненні, якое ён з ужываннем службовага тармажэння зрабіў; пасля чаго ў ім быў адкрыты кран тармазной сістэмы, што затрымаў на некалькі хвілін далейшы рух электрацягніка. У выніку адхіленне ад графіка і шкода склалі адпаведна 16 хвілін і 270 рублёў.

Мы з трывогай адзначаем, што крымінальны закон адвольна ўжываецца для пазбаўлення волі людзей, якія па пратэстных матывах спынялі на кароткі час рух на чыгунцы, не ўжываючы разбурэнняў і не ставячы ў небяспеку пасажыраў і транспарт. Адсутнасць такой небяспекі неаднаразова пацвердзілі ў судовых пасяджэннях сведкі абвінавачвання. Справы гэтай катэгорыі прааналізаваны юрыстамі-праваабаронцамі.

Так, суд Баранавіцкага раёна 27 красавіка 2021 года прысудзіў Сяргея Богдана, Уладзіміра Ланкевіча і Віктара Іванцова да пазбаўлення волі. Першых двух прызналі вінаватымі па ч. 1 арт. 14 (замах) і арт. 309 Крымінальнага кодэкса і прысудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Віктара Іванцова прызналі вінаватым ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага арт. 309, і прызначылі два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

У судзе Пухавіцкага раёна 28 красавіка 2021 года вынесены прысуд па справе Сяргея Розума, узбуджанай па ч. 1 арт. 309 Крымінальнага кодэкса, якім ён пакараны двума гадамі пазбаўлення волі.

У судзе Маладзечанскага раёна 3 мая вынесены прысуд Сяргею Шабуню і Паўлу Фядукевічу. Іх прызналі вінаватымі паводле арт. 14 і арт. 309 Крымінальнага кодэкса і асудзілі кожнага на адзін год і дзевяць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Па сваёй сутнасці такія дзеянні ўсіх пералічаных фігурантаў спраў па арт. 309 КК ўтрымліваюць прыкметы блакавання транспартных камунікацый (шляхам стварэння перашкод, устаноўкі пастоў ці іншым спосабам), аднак для кваліфікацыі іх як крымінальнага злачынства неабходна наступленне пэўных наступстваў: прычынення шкоды ў асабліва буйным памеры (ч. 1 арт. 310 КК) або прычыненне цяжкага ці менш цяжкага цялеснага пашкоджання (ч. 2 арт. 310 КК), якія адсутнічаюць у пералічаных справах. Такім чынам, яны не могуць кваліфікавацца як крымінальна каральная дзея.

Важна адзначыць, што падкладанне на чыгуначныя шляхі прадметаў, якія могуць выклікаць парушэнне руху чыгуначнага транспарту, з'яўляецца толькі адміністрацыйным правапарушэннем.

Акрамя таго, усім абвінавачаным па арт. 309 КК неабгрунтавана прызначаныя максімальна жорсткія па выглядзе пакарання пры наяўнасці альтэрнатыўных на непрапарцыйна працяглы, аж да максімальнага, тэрмін.

Такім чынам, не аспрэчваючы супрацьпраўнага характару дзеянняў абвінавачаных, мы канстатуем цвёрдае перакананне ў іх палітычна матываваным пераследзе па пералічаных крымінальных справах па арт. 309 КК.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным таксама з'яўляецца асоба, пазбаўленая свабоды, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  • b) пазбаўленне волі было заснавана на фальсіфікацыі доказаў усьвядомленага правапарушэння або пры адсутнасці падзеі або складу правапарушэння альбо яго здзяйсненні іншай асобай;
  • c) працягласць або ўмовы пазбаўлення волі відавочна непрапарцыйна (неадэкватныя) правапарушэнню, у якім асоба падазраецца, абвінавачваецца альбо была прызнана вінаватым.

У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі Яўгена Комбуля, Сяргея Сіліча і Максіма Сілюка, Сяргея Богдана, Уладзіміра Ланкевіча, Віктара Іванцова, Сяргея Розума, Сяргея Шабуні і Паўла Фядукевіча палітычна матываваным, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.2 (b,c) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены".

Мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • неадкладна вызваліць палітвязняў Аліну Муратаву, Наталлю Барынаву, Сяргея Красоўскага, Вольгу Сыраватку, Уладзіміра Кацюбку, Максіма Пыцеля і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх;
  • перагляду прынятых у дачыненні да Яўгена Камбуля, Сяргея Сіліча і Максіма Сілюка, Сяргея Багдана, Уладзіміра Ланкевіча, Віктара Іванцова, Сяргея Розума, Сяргея Шабуні і Паўла Фядукевіча мер і судовых рашэнняў пры выкананні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на прысуд, іх вызвалення з ужываннем іншых мер стрымання, якія забяспечваюць яўку ў суд;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт";

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман канстанта";

"Ініцыятыва FORB";

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

РГА "Прававая ініцыятыва".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства