viasna on patreon

"Ён закаханы хлапчук, а не падрыхтовец паўстанняў". 20-гадовага расейца абвінавачваюць у арганізацыі пратэстаў у Мінску Дапоўнена

2021 2021-05-29T09:00:00+0300 2021-06-02T08:01:16+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/egor_90_v.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

20-гадовага грамадзяніна Расейскай Федэрацыі Ягора Дуднікава затрымалі 5 траўня ў Мінску, на здымнай кватэры правялі ператрус і змясцілі ў СІЗА КДБ. Хлопцу прад'явілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), па якой яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Да Ягора ўжо два тыдні не пускаюць адваката. Усё, што ведаюць блізкія хлопца аб ягонай сітуацыі, — першапачатковая інфармацыя пасля затрымання ад дзяжурнага адваката. Мама Ягора Юлія распавяла «Вясне» аб пераездзе сына ў Беларусь, яго затрыманні і пераслед беларускімі ўладамі.

Ягор Дуднікаў. Фота з сямейнага архіва
Ягор Дуднікаў. Фота з сямейнага архіва

"Ён сустракаўся з дзяўчынай, яны будавалі планы"

Ягор Дуднікаў жыве ў Мінску ўжо каля года. Як распавядае яго маці, прычынай пераезду яе сына ў іншую краіну сталі рамантычныя стасункі з беларускай, з якой пазнаёміўся яшчэ ў 16 гадоў. У Расіі хлопец скончыў навучанне на кухара і з'ехаў у Мінск. У беларускай сталіцы ён здымаў кватэру, будаваў адносіны з дзяўчынай і зарабляў на жыццё на розных працах.

"На жаль, працаваць кухарам у яго не атрымалася ў Мінску. І так як у яго вельмі прыгожы голас, то ён стаў агучваць мультфільмы, анімэ, гульні, рэкламныя ролікі. Вось так ён зарабляў голасам. Таксама ён апрацоўваў тэксты, падпрацоўваў рэдактарам, а часам і грузчыкам. Асноўнай мэтай гэтага было знаходжанне ў Мінску, бо ён сустракаўся з дзяўчынай, яны будавалі планы", — распавядае гісторыю пераезду сына Юлія.

"Не думала, што наяўнасць мікрафона можа быць падставай для затрымання"

5 траўня Ягор Дуднікаў правёў дзяўчыну да дома і вяртаўся на здымную кватэру. Па дарозе ён патэлефанаваў маці і сказаў, што ён побач з домам і пазней ператэлефануе ёй. Але пасля гэтага ён знік з сеткі. Маці, не дачакаўшыся званка, спрабавала датэлефанавацца да яго ўсю ноч. На наступны дзень яна даведалася, што Ягора затрымалі каля дома, а ў яго пакоі на здымнай кватэры правялі ператрус. Па словах маці хлопца, пасля ператрусу ў яго канфіскавалі толькі мікрафон.

"Калі шчыра, я не думала, што наяўнасць мікрафона можа быць дастатковай падставай для затрымання. Асабліва, улічваючы, што чалавек займаецца апрацоўкай аўдыё", — кажа маці Ягора.

Па словах Юліі, двое сутак яна і дзяўчына Ягора нічога пра яго не ведалі: ні месцазнаходжанне, ні прычыны затрымання. Ва ўсіх РУУС ім адказвалі, што чалавека з прозвішчам Дуднікаў у іх няма. Тады мама Ягора вырашыла сама прыляцець у Мінск. Дзяжурны адвакат Ягора паведаміў ёй, што яе сына трымаюць у СІЗА КДБ і яму прад'яўляюць абвінавачанне па ч. 1 арт. 342 КК — арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, што пацягнула парушэнне працы транспарту і прадпрыемстваў.

Ягор Дуднікаў. Фота з сямейнага архіва
Ягор Дуднікаў. Фота з сямейнага архіва

"Усё працята нейкім адчаем, што ўсё зруйнавалася на пустым месцы"

Як распавядае Юлія, да Ягора не пускаюць адваката ўжо два тыдні.

"Я да гэтага часу не ведаю дакладна, што яму прад'яўляюць, якія доказы ёсць супраць яго... Нічога не ведаю. Толькі адзін ліст прыйшоў ад яго, хоць мы яму ўжо, напэўна, дзясятак адправілі. Ён піша, як сумуе па нам і як шкадуе, што даставіў нам столькі засмучэнняў. Таму што ён рэальна разумее, што мы ўсе тут з розуму сходзім ад перажывання за яго. Дзяўчыне ён піша, што сумуе і кахае яе. Ён спадзяецца, што далейшыя планы будуць у іх усё-такі сумесныя... Ён піша, але ўсё прасякнута нейкім адчаем, нявыкрутка ад таго, што ўсё зруйнавалася на пустым месцы", — адзначае Юлія.

"Ён закаханы 20-гадовы хлапчук, але ніяк не арганізатар, не падрыхтовец паўстанняў"

Маме Ягора вядома, што за гэты час яго дапытвалі і здымалі на відэакамеру. Яна асцерагаецца, што з-за ціску ў КДБ і пры следчых дзеяннях без адваката, хлопец можа "нагаварыць лішняга" супраць сябе:

"Ягору ўсяго толькі 20 гадоў. Гэта хлапчук, які прыехаў у Мінск, для таго каб будаваць адносіны з дзяўчынай. У яго каханне і рамантычныя стасункі. І тое, што цяпер адбываецца, па сутнасці, можа перакрэсліць яго ўсё далейшае жыццё.

Ён кухар, займаўся аматарскай (не прафесійнай) агучка мульцікаў. Ён закаханы 20-гадовы хлапчук, але ніяк не арганізатар, не падрыхтовец паўстанняў.

Амаль месяц Ягор незаконна і несправядліва знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Да яго не пускаюць адваката і нічога не паведамляюць нават сваякам. Камунікуемся толькі праз лісты, якія даходзяць да яго праз раз. Цяпер яго неабгрунтавана абвінавачваюць па артыкуле 342 КК, па якой пагражае тэрмін да трох гадоў".

Ягор Дуднікаў. Фота з сямейнага архіва
Ягор Дуднікаў. Фота з сямейнага архіва

Ягора Дуднікава затрымлівалі ў кастрычніку мінулага года. Як распавядае ягоная мама, тады ён заступіўся за дзіця, якога хацелі затрымаць. Па словах Юліі, яе сыну "атрымалася пазбегнуць арышту, бо, калі яго сталі біць [супрацоўнікі], яму стала дрэнна з сэрцам". Ягора адвезлі ў бальніцу.

"Тады ён абышоўся сінякамі і нервовым стрэсам", — дадае маці хлопца.

Дапоўнена. Адвакат Ягора Антон Гашынскі растлумачыў "Рускай службе BBC", што крымінальную справу супраць Дуднікава ўзбудзілі з-за таго, што ён агучваў ролікі для беларускай апазіцыі. Аб якіх канкрэтна роліках ідзе гаворка, адвакат ня ведае. І высветліць пакуль не можа — Гашынскі ўступіў у справу яшчэ 14 траўня, але да Дуднікава яго дагэтуль не пускаюць. 

Па словах адваката, малады чалавек ужо даў прызнальныя паказанні. Адвакат Гашынскі настойвае на абсурднасці абвінавачванняў:

"Гэта тое ж самае, што пасадзіць у турму таксіста за тое, што ён падвёз апазіцыянера. Ён чыста тэхнічны работнік, займаўся агучкай ролікаў, якія рабіла апазіцыя пасля жнівеньскіх пратэстаў 2020 года".


Нагадаем, у СІЗА КДБ па падазрэнні ў арганізацыя масавых беспарадкаў і групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 293 і ч. 1 арт. 342 КК), распальванні варожасці (арт. 130 КК) таксама ўтрымліваецца 23-гадовая грамадзянка Расійскай Федэрацыі Сафія Сапега. Яе затрымалі 23 траўня ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск" пасля таго, як самалёт авіякампаніі Ryanair прымусілі здзейсніць пасадку ў Мінску. Дзяўчыну затрымалі разам з блогерам Раманам Пратасевічам. Іх прызналі палітвязнямі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства