У Гродне і Мінску ў выходныя затрымалі журналістаў. Хроніка палітычнага пераследу 29-30 траўня Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне ў выходныя 29 і 30 траўня. Грамадзян забіраюць з дома, затрымліваюць на працы і на вуліцы, адбываюцца ператрусы і допыты, заводзяцца новыя палітычна матываваныя крымінальныя справы. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
У Гродне днём 30 траўня затрымалі галоўнага рэдактара Hrodna.life Аляксея Шоту. Затрыманне адбылося ля дома журналіста, паведамляе БАЖ.
Як распавялі TUT.ВУ калегі Аляксея, ён быў з дзецьмі дома. Відавочцы бачылі, што да дома пад'ехаў таніраваны бусік, а з пад'езда вывелі Аляксея. Дзеці засталіся з бабуляй.
Дапоўнена: гродзенская міліцыя пракаментавала затрыманне Аляксея Шоты. Сілавікамі нібыта быў "выяўлены факт размяшчэння сайтам інфармацыйнай прадукцыі, прызнанай ва ўстаноўленым парадку экстрэмісцкай". Цяпер сілавікі праводзяць вобшук дома ў Аляксея Шоты, і забіраюць тэлефоны і камп'ютары для далейшага накіравання на экспертызы.
19 сакавіка Аляксей Шота ўжо быў аштрафаваны на 25 базавых велічынь, а выданне — на 400 базавых велічынь па арт. 19.11 КаАП "за распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі" на сайце.
Каля 18.30 Аляксея Шоту адпусцілі з міліцыі.
Увечары сілавікі прыйшлі да рэдактаркі спецпраектаў Hrodna.life Ірыны Новік.
Аб гэтым ёй паведаміў муж. Ірына цяпер у горадзе і збіраецца дадому. Ірына Новік таксама праходзіць па справе аб "экстрэмісцкіх матэрыялах", як і галоўны рэдактар Аляксей Шота.
Дапоўнена: супрацоўнікі міліцыі пабылі каля пад'езда рэдактаркі спецпраектаў Ірыны Новік і з'ехалі. Цяпер Ірына дома.
29 траўня ў Мінску была затрыманая студэнтка журфака і журналістка “Народнай Волі” Глафіра Жук. Яна паспела паведаміць бацькам, што яе вязуць у Маскоўскае РУУС за тое, што 14 траўня яна прыйшла да Дома Правасуддзя, дзе пачынаўся разгляд “Справы студэнтаў”, паведамляе тэлеграм-канал “Журфак без цензуры”. Глафіра была ў той дзень каля суда па працы, яе матэрыял выйшаў на сайце выдання.
Меркавана ў панядзелак над ёй адбудзецца суд. Дзяўчыну затрымалі за два дні да яе дня народзінаў.