viasna on patreon

“Беларусь будзе сапраўднай краінай для жыцця”. Фігуранты “справы Ціханоўскага” ў Гродне выступілі з апошнімі словамі ў судзе

2021 2021-05-31T14:42:35+0300 2021-08-27T17:34:04+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sud_grodno_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Кніга, Яўген Разнічэнка, Дзмітрый Фурманаў. Фота: spring96.org

Уладзімір Кніга, Яўген Разнічэнка, Дзмітрый Фурманаў. Фота: spring96.org

У Гродне амаль пяць месяцаў  судзяць траіх фігурантаў "справы Ціханоўскага": палітвязня Дзмітрыя Фурманава, Яўгена Разнічэнку і Уладзіміра Кнігу. Іх усіх абвінавачваюць у актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак 29 траўня ў Гродне (ч.1 арт. 342 КК). Акрамя гэтага, Разнічэнку і Кнігу абвінавачваюць у гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да міліцыянтаў (арт. 364 КК). Пацярпелымі па справе прызнаныя чатыры супрацоўнікі міліцыі, двое з якіх агулам запрасілі 10 тысяч рублёў маральнай шкоды. 17 траўня на судовых спрэчках пракурор Мікіта Мыслівец папрасіў суд пакараць Дзмітрыя Фурманава — двума гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, Яўгена Разнічэнку — трыма з паловай гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, Уладзіміра Кнігу — чатырма гадамі калоніі строгага рэжыму. Сёння, 31 траўня, фігуранты "справы Ціханоўскага", якія ўжо больш за год знаходзяцца ў ізалятарах, выступілі з апошнімі словамі. "Вясна" прыводзіць стэнаграму апошніх выступаў на судзе Дзмітрыя Фурманава, Яўгена Разнічэнкі і Уладзіміра Кнігі, на якіх яны прачыталі беларускі верш, прааналізавалі абвінавачванне і яшчэ раз выказалі сваю пазіцыю па справе.

Палітзняволены Дзмітрый Фурманаў: Гэты антыграмадскі рэжым пераменіцца і на ягонае месца прыйдуць файныя беларусы

Дзмітрый Фурманаў на судзе 18 студзеня. Фота: spring96.org
Дзмітрый Фурманаў на судзе 18 студзеня. Фота: spring96.org

Сёння стала вядома, што палітзняволенаму Дзмітрыю Фурманаву працягнулі тэрмін утрымання ў карцары да 8 чэрвеня. Агулам ён правядзе ў карцары 21 дзень. Таксама сёння ён прамовіў апошняе слова ў судзе на беларускай мове, якое пачаў з таго, што ў краіне наступіў прававы дэфолт:

“Паважаны высокі суд, шаноўнае спадарства, дарагія сябры, любыя матуля і татуля, каханая Воля! Мы ўсе жывём у час прававога дэфолту, калі міліцыя толькі чакае загаду, каб выкрасці грамадзян, якія збіраюць подпісы за кандыдата ў прэзідэнты краіны. Калі за дотык рукой да аўтамабіля, каб ён не задушыў людзей, грамадзяне атрымліваюць грашовыя спагнанні... Калі пацярпелыя міліцыянты закрываюць фуражкай агляд відэарэгістратара...Калі жанчын, якія задаюць правакацыйныя пытанні, з якіх усё і пачалося, не прыводзяць у суд у якасці сведак. Але відавочна, што ўсяму дрэннаму прыходзіць скананне. Так і гэты антыграмадскі рэжым пераменіцца, і на ягонае месца прыйдуць файныя беларусы, якія пачнуць адраджаць нацыянальныя каштоўнасці, павышэння ўзроўня жыцця грамадзян Рэспублікі Беларусь. Гэта будзе новы час, калі мы зноў будзем ганарыцца сваёй дзяржавай, міліцыяй, следчымі органамі, пракуратурай, судовымі ўстановамі, прафесійнымі хаўрусамі ды, нарэшце, сваёй беларускай мовай, гімнам, сцягам, гербам. Таму, якое бы не было прынята рашэнне ў адносінах да мяне і маіх сяброў, я ўпэўнены, што ў нас ва ўсіх абавязкова будзе добра. Але толькі дзякуючы такім неабыякавым людзям, якія нас падтрымліваюць у лістах і паштоўках. Няхай нашая Беларусь заўсёды застаецца сонечнай і квітнеючай, а ў будучыні будзе сапраўднай краінай для жыцця. Як кажа мой добры сябра Уладзімір Іванавіч [Кніга]: „Движ идёт“».

А напрыканцы свайго апошняга слова я хачу прывесці вельмі актуальны верш гісторыка Міколы Ермаловіча, які быў надрукаваны ў ягоных гутарках у 1976 годзе:

“Ты хочаш жыць для Беларусі,

Служыць за праўду ў барацьбе?

Тады, мой сябра, я звярнуся 

З наступным словам да цябе.

Прымай жа праўду ты без страху

(Як некалі прыняў Кастусь),

Няма цяжэйшага больш шляху,

Чым у змагара за Беларусь”.

Яўген Разнічэнка: Усе дзеянні лічу правакацыяй, віну не прызнаю, прашу мяне апраўдаць

Яўген Разнічэнка і Уладзімір Кніга. Фота: spring96.org
Яўген Разнічэнка і Уладзімір Кніга. Фота: spring96.org

Другім з апошнім словам выступіў абвінавачаны Яўген Разнічэнка:

"Дзякуй усім, хто ў гэтыя дні прысутнічае ў гэтай залі, падтрымлівае нас. Сёння ў гэтай залі вырашаецца лёс невінаватага чалавека. Доўгі час я не мог зразумець выраз, які быў напісаны шмат гадоў таму: "Хочаш сесці ў турму — едзь у Беларусь". Але, калі лёс прымусіў мяне вярнуцца на Радзіму, то я зразумеў сапраўднае яго значэнне.

29 траўня я не здзяйсняў ніякіх злачынстваў, ніколі ні з кім не дамовіўся аб здзяйсненні нейкіх злачынстваў. Многія з нас сёння ведаюць, што 29 траўня была відавочная правакацыя з боку жанчыны ў кепцы, якую відавочна ніхто затрымліваць не збіраўся. Аднак дапамога менавіта гэтай жанчынай пацярпеламу Казлоўскаму — відавочна не супадзенне. Відэарэгістратар ён спрабуе прыкрыць фуражкай не проста так. Я думаю, ён пераследуе іншую мэту. Пры гэтым, я асабіста не маю ніякага дачынення да ўжывання гвалту ні да Казлоўскага, ні да Хвалені.

Мяне ўсё жыццё вучылі ратаваць чалавечае жыццё. У маім жыцці было выратавана два чалавечыя жыцці. Але ніхто і ніколі мне не казаў пра тое, што за выратаванне чалавечага жыцця могуць пасадзіць у турму. А сёння выйшла вось так. Тое, што я нібыта дамаўляўся з кімсьці пра ўжыванне гвалту да супрацоўніка міліцыі, тое, што я нібыта мэтанакіравана ішоў да Казлоўскага — гэта не больш, чым фантазія дзяржабвінаваўцы. Напрыклад, звычайнаю сямейную размову аб планаванні адпачынку спрабуюць прадставіць як падрыхтоўку да нейкіх супрацьпраўных дзеянняў. Дзяржабвінаваўца мяркуе, што я мэтанакіравана ішоў па плошчы за Ціханоўскім. Але гэта здагадка, паколькі перасоўвацца я маю поўнае права, як палічу патрэбным, я свабодны чалавек. Гэтак жа дзяржабвінаваўца мяркуе, што я нібыта меў нейкі намер, здзяйсняў дзеянні з помсты да супрацоўнікаў міліцыі. Пры гэтым, дзяржабвінаваўца не валодае звесткамі аб тым, што ў маім асяроддзі такіх супрацоўнікаў вельмі шмат і з кожным з іх я падтрымліваю нармальныя адносіны. Я ніколі ў жыцці не пераследваў мэтай нікому адпомсціць, бо ў кожнага з нас свая праца. І ў выпадку неабходнасці я заўсёды магу звярнуцца да іх за дапамогай, як і супрацоўнікі міліцыі звяртаюцца за дапамогай да нас. І мы заўсёды прыходзім адзін аднаму на дапамогу. Так пра якую помсту мы сёння можам гаварыць?

Мой дзед да самай смерці служыў у ваенізаванай ахове [Яўген заплакаў на гэтым месцы], мой бацька таксама ў свой час служыў у ахове. Таму я ведаю не па чутках, што гэта за праца, а вы мне сёння кажаце пра гвалт. Не, грамадзяне, не то ў мяне выхаванне, каб каму-то помсціць. Вы сёння адпраўляеце мяне за краты, таму што хтосьці выказаў здагадку, што я нібыта магу схавацца толькі з-за таго, што я некалькі разоў выязджаў на адпачынак. Але ніхто з вас не падумаў пра тое, які ў мяне стан здароўя, як у гэты час жыве мая сям'я, дзіця, маці, сястра, на што яны будуць жыць наогул. На пенсію ў 350 рублёў або заробак у 600? Ніхто з вас сёння не ведае, як жыве мая маці... [Яўген зноў заплакаў] Яна мне ў лістах піша, што ў яе сёння ў доме няма вады. Яна вымушана кожны дзень таскаць па шэсць кілометраў бочкі з малаком, каб здаць іх дзяржаве...

Маю цікавасць да тэлеграм-каналаў таксама спрабуюць выставіць як злачынную матывацыйнасць, кажучы пра нейкія маніякальныя схільнасці. Але ўсе відэаролікі знаходзяцца ў адкрытым доступе, іх прагляд не забаронены. І тое, што дзяржабвінаваўца мяркуе аб маім знаёмстве з Фурманавым і Кнігай задоўга да падзей 29 траўня, — гэта таксама не больш, чым здагадка. Як вядома, абвінавачванне не можа будавацца на здагадках згодна часткі 4 артыкула 16 КПК. Следства не ўстанавіла датычных асоб, паказанні пацярпелых не адпавядае рэчаіснасці, бо знаходзячыся на другім паверсе будынка, размешчанага на вуліцы Кастрычніцкая, 4, яны не маглі назіраць за тым, што адбываецца на плошчы Савецкай, як адлегласць не менш за 100 метраў і паміж імі знаходзіцца сквер.

"Сітуацыя 29 траўня — гэта проста ланцуг падзеяў, справакаваных дамай у кепцы"

Як мы з Ціханоўскім ці яшчэ з кімсьці маглі дамовіцца аб прымяненні гвалту да каго-небудзь? Хіба мы ведалі, што на Савецкай плошчы будуць супрацоўнікі міліцыі, бо з 26 па 29 траўня на плошчы не было ніводнага супрацоўніка міліцыі? Хіба мы ведалі, што да Ціханоўскага будзе хтосьці прыставаць і правакаваць на канфлікт? Такога раней не было. Хіба мы ведалі, што Ціханоўскага хтосьці паспрабуе затрымаць? Здагадак аб гэтым не было ніякіх. Па сутнасці, сітуацыя 29 траўня — гэта проста ланцуг падзеяў, справакаваных дамай у кепцы. Мяне занесла за спіну Казлоўскага. Я не ведаю, хто яго цягнуў і ўдараў. Але дакладна ведаю, што я ніякага дачынення да гэтага не маю і сам гэтага нічога не рабіў. А тыя людзі, якія здзяйснялі гвалт над Казлоўскім, на сённяшні дзень не ўстаноўлены і не прадстаўлены перад судом. Ніякага парушэння грамадскага парадку я не планаваў і наогул за падзеі 29 траўня я атрымаў 7 дзён. На сённяшні момант складваецца адчуванне, што органы следства не выканалі ў поўным аб'ёме сваю працу, а справа цалкам сфабрыкаваная, а дзяржабвінаваўца, не маючы канкрэтных фактаў, спрабуе прадставіць да справы ўсё запар, абы невінаваты чалавек сядзеў. А вінаватых ужо шукаць і непатрэбна, бо ёсць я, на якога проста звалілі віну, бо так было зручна ўсім.

Усе дзеянні лічу правакацыяй, віну не прызнаю, прашу мяне апраўдаць".

Уладзімір Кніга: Падзеі 29 траўня — загадзя спланаваная правакацыя сілавымі ведамствамі

Уладзімір Кніга. Фота: spring96.org
Уладзімір Кніга. Фота: spring96.org

Трэцім выступіў з апошнім словам абвінавачаны Уладзімір Кніга. Яго выступ быў кароткі, але змястоўны:

"Скажу коратка, што падзеі 29 траўня 2020 года — загадзя спланаваная правакацыя сілавымі ведамствамі Рэспублікі Беларусь. Усе факты вы самі прыводзілі — ў матэрыялах справы, відэа. Удакладняць не буду, людзі самі зрабілі свае высновы, таму толькі ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!"

Прысуд будзе абвешчаны 2 чэрвеня.

Падрабязнасці пра суд:

Як у Гродне судзяць чатырох фігурантаў "справы Ціханоўскага". Фотарэпартаж

"Вясна" працягвае назіраць за гэтым працэсам. Распавядаем і паказваем, як у Гродне судзяць чатырох фігурантаў "справы Ціханоўскага".

Па "справе Ціханоўскага" дапыталі ўсіх пацярпелых міліцыянтаў. Што яны распавялі пра падзеі 29 траўня ў Гродне?

У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна працягваецца разгляд справы за інцыдэнт на выбарчым пікеце 29 траўня па так званай "справе Ціханоўскага". 

"Я працаваў у МУС, магу адрозніць правакацыю ад сапраўднай сітуацыі": у гродненскім судзе дапыталі Уладзіміра Кнігу

У судзе Кастрычніцкага раёну Горадні 20 красавіка па "справе Ціханоўскага" дапыталі абвінавачанага Уладзіміра Кнігу. 39-гадовага валанцёра каманды Ціханоўскай, былога сілавіка, судзяць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, (ч. 1 арт. 342 КК) і гвалце над міліцыянтамі (арт. 364 КК).

*Маніторынг гэтага судовага працэсу вёў праваабаронца Раман Юргель.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства