viasna on patreon

За слова "ўзурпатар" у адрас Лукашэнкі жыхара Баранавічаў асудзілі на 2 гады "хатняй хіміі"

2021 2021-05-31T18:58:26+0300 2024-11-04T13:00:33+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kniga-zhalob.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

31 траўня суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы асудзіў 47-гадовага Вячаслава Кульбу паводле абвінавачвання ў публічнай абразе прэзідэнта (ч. 1 арт. 368 КК) на два гады "хатняй хіміі". Судовае пасяджэнне доўжылася адну гадзіну.

Справу вяла суддзя Юльяна Шчэрба. Бок дзяржабвінавачання прадстаўляла Картыш.

Абвінавачаны адмовіўся ад паслуг адваката, абараняў сябе сам.

Паводле абвінавачвання, Вячаслаў Кульба 20 лістапада 2020 года ў перыяд часу з 22.15 да 22.25 хвілін, "знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення на АЗС "Беларусьнефть" у прысутнасці аператараў АЗС Чычкан і Фурс, наўмысна, маючы мэту на публічную абразу дзейнага прэзідэнта А. Р. Лукашэнкі, усведамляючы зневажальны характар свайго выказвання, разлічваючы на тое, што ў наступным запіс стане даступны нявызначанаму колу асобаў, у кнізе заўваг і прапаноў АЗС уласнаручна пісьмова ўчыніў запіс, які змяшчае інфармацыю абразлівага характару: "Скаргаў няма. Не разумею калектыў вашай АЗС, які падтрымлівае рэжым узурпатара Лукашэнкі".

Згодна з заключэннем эксперта судова-лінгвістычнай экспертызы, запіс у кнізе скаргаў мае выказванне, якім негатыўна ацэньваецца асоба, пазначаная з дапамогай намінацыі "Лукашэнка", тым самым абвінавачаны "публічна прынізіў гонар і годнасць асобы дзеючага прэзідэнта, у сувязі з ажыццяўленнем ім сваіх паўнамоцтваў, выказанае ў непрыстойнай форме". На думку абвінавачання, сваімі дзеяннямі Вячаслаў Кульба здзейсніў злачынства па ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.

Вячаслаў Кульба сваю віну прызнаў цалкам.

Абвінавачаны растлумачыў, што 20 лістапада выпіваў з прыяцелем, за ім заехала сястра, яны паехалі да маці і па дарозе заехалі на АЗС заправіцца. Калі запраўляў машыну, падалося, што "пах бензіну нейкі не такі". Вячаслаў пайшоў за цыгарэтамі і пакінуў запіс у кнізе заўваг і прапаноў. Кажа, што паводзіў сябе адэкватна, проста падышоў і папрасіў кнігу скаргаў, вусных прэтэнзій не прад'яўляў. Таксама ён растлумачыў, што да гэтага запраўляўся ў Расіі, дзе працуе, і пераблытаў запраўкі, было вельмі дрэннай якасці паліва, пасля чаго давялося рабіць дарагі рамонт працоўнай машыны. Таму на запраўцы "Беларусьнефть" ў Расеі ён спытаў, хто кіраўнік сеткі АЗС і адказны за якасць паліва. Яму там адказалі: "Лукашэнка", мабыць, пажартавалі. Менавіта таму 20 лістапада, адчуўшы пах няякаснага бензіну, мужчына напісаў фразу ў кнізе скаргаў і прапаноў.

"З майго пункту гледжання, дзеючы прэзідэнт такі добры гаспадарнік, што, магчыма, ён мог бы пракантраляваць якасць бензіну. Не магу нават сказаць, чаму менавіта такое словазлучэнне падабраў", - адзначыў абвінавачаны.

У той момант не разумеў, што абражае прэзідэнта. У зробленым раскайваецца.

У судзе дапыталі сведак. Аператарка АЗС Вікторыя Чычкан знаходзілася ў той дзень на дзяжурстве. Вячаслаў Кульба заходзіў адзін, здзяйсняў куплю, але не можа ўспомніць якую менавіта. Па першым патрабаванні перадала кнігу скаргаў і прапаноў абвінавачанаму, удакладніўшы, ці ёсць нейкія скаргі адносна яе працы аператарам. Мужчына сказаў, што скаргаў няма. Пасля гэтага Вікторыя перадала інфармацыю кіраўніцтву па ўстаноўленым рэгламенце - цалкам перанесла змесціва скаргі і свае тлумачэнні ў спецыяльны бланк. Ці быў абвінавачаны ў стане алкагольнага ап'янення - не можа сказаць, бо працуе ў масцы, а паміж ёй і спажыўцамі знаходзіцца ахоўны экран. Таксама патлумачыла, што не можа ведаць, у чый  менавіта адрас было пакінута выказванне і не ў праве даваць маральную ацэнку запісу.

Наступнай выступіла яшчэ адна аператарка АЗС Таццяна Фурс, якая прысутнічала на працы, займалася іншымі справамі. Кажа, што абвінавачаны паводзіў сябе адэкватна, прыйшоў і заплаціў за паліва, Стаў камунікаваць з яе калегай, а пасля чаго гучна сказаў: "Дайце кнігу скаргаў". Агрэсіўна сябе не паводзіў. Што пісаў і чаму прасіў кнігу скаргаў - не ведае. Пасля таго, як абвінавачаны сышоў, прачытала пакінуты запіс, была здзіўленая, а Вікторыя Чычкан запоўніла бланк. Да каго быў адрасаваны дадзены запіс, і як яна яго разумела - не можа сказаць; патлумачыла, што іх справа была перапісаць і адправіць бланк кіраўніцтву.

Сястра абвінавачанага Ірына Кульба растлумачыла суду, што бачыла, як брат нешта піша, але не ўдакладняла ў яго дэталяў, не абмярковалі нічога з гэтай нагоды. Пра запіс і яго змесціва даведалася на допыце ў следчага. Прычыны ўчынку брата растлумачыць не можа, але ўзгадвае гісторыю з няякасным бензінам у Расіі, якую распавядаў Вячаслаў.

На аўтазапраўцы ёсць відэакамеры, пра што маюцца адпаведныя інфармацыйныя паведамленні. У судзе прагледзелі відэазапісы з іх.

У спрэчках бакоў дзяржабвінаваўца прасіла суд прызнаць Вячаслава Кульбу вінаватым у здзейсненым злачынстве па ч. 1 арт. 368 КК і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе двух гадоў «хатняй хіміі».

Увесь судовы працэс заняў адзін гадзіну.

У выніку суд прызнаў Вячаслава Кульбу вінаватым у абразе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін два гады.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» з дапамогай валанцёраў адсочваў гэты судовы працэс.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства