Тэкст — беларускі, а экспертыза — на падставе рускамоўных слоўнікаў. Таццяне Кашко вынеслі прысуд Аўдыё
На два гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія") асудзілі жыхарку Гродна Таццяну Кашко. Такі прысуд агучыла суддзя суда Ленінскага раёна горада Гродна Алена Пятрова 29 чэрвеня ў другой палове дня. А ў першай прайшлі спрэчкі бакоў і выступ эксперткі, якая рабіла экспертызу беларускамоўнага каментара ў адрас прапаршчыка міліцыі Стасюкевіча — за гэта Таццяну Кашко і прызналі вінаватай, а Стасюкевіча — пацярпелым. Яму ж, паводле прысуду, Таццяна павінна выплаціць 2 000 беларускіх рублёў маральнай кампенсацыі. "Вясна" распавядае пра тое, як прайшоў вырашальны дзень па гэтай крымінальнай справе.
Нагадаем, першае судовае пасяджэнне над Таццянай Кашко прайшло 22 чэрвеня. Там Таццяна запатрабавала весці працэс на беларускай мове — але суддзя яе праігнаравала і працягнула разглядаць справу на рускай. Таццяну абвінавачвалі ў тым, што яна ў тэлеграм-канале "Гродна 97%" назвала Стасюкевіча "адмарожанай мардай". Гэта кваліфікавалі як Абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага Кодэксу РБ). Пра тое, як прайшло першае паседжанне, "Вясна" распавядала тут:
“Гэта працэс не нада мной, а над беларускай мовай” — гарадзенку судзяць за абразу, а следства даказвае, наколькі добра яна валодае рускай
29 чэрвеня на працэсе выступіла Марына Гецэвіч — дзяржаўны судовы эксперт упраўлення тэхнічных экспертыз упраўлення Дзяржаўнага камітэта экспертыз па Гродзенскай вобласці. Менавіта яна рабіла экспертызу каментара са словамі "адмарожаная морда". Гецэвіч у сваёй экспертызе ўстанавіла, што ў гэтых двух словах ёсць негатыўная ацэнка (што і лягло ў абвінаваўчы прысуд). Абарона Таццяны паказала не некаторыя слабыя моманты ў экспертызе. У чым жа яны?
- Няма вопыту?
Марына Гецэвіч на сваёй пасадзе эксперта працуе 8 месяцаў. Яе спецыяльнасць — руская мова і літаратура, а не беларуская мова. Такую экспертызу (то бок беларускамоўнага тэксту, на якім будуецца абвінавачванне Таццяны) яна робіць упершыню.
- Пераклалі словы з беларускай на рускую — і там убачылі негатыўную ацэнку
Лексема "адмарожаная" ў слоўніках беларускай мовы ў актуальным значэнні не зафіксаваная, таму "ў адпаведнасці з нашай методыкай, калі выкарыстоўваецца лексема, не зафіксаваная ў слоўніках беларускай мовы, паколькі гэтая лексема адносіцца да субстандартнай лексікі —л ексікі, па якой на дадзены момант актуальных беларускіх слоўнікаў няма, то мы можам карыстацца рускімі слоўнікамі", — сказала Гецэвіч. А ў рускіх слоўніках гэтая лексема зафіксавана.
Такім чынам, экспертыза правялася не арыгінальнага тэксту, а — перакладзенага на рускую мову. А значыць экспертыза зыходзіла з разумення значэння слова на рускай мове, а не на беларускай, як адзначыла абарона.
"Гэта блізкароднасныя мовы [...]",— патлумачыла сваю пазіцыю Гецэвіч.
Абарона ж адзначыла, што экспертам сярод методык, выкарыстаных экспертам, была і расійская. Але яе аўтары самі ўказваюць на непрыдатнасць перакладу тэксту на іншыя мовы.
- Прамое значэнне ці пераноснае?
Лексема "морда" у прамым значэнні пазначае "лицо", то бок твар чалавека. А ў пераносным —асобу. Эксперт Гецэвіч лічыць, што слова выкарыстана ў пераносным значэнні — а значыць, як абвяшчае далей дзяржабвінавачанне, маецца негатыўная ацэнка асобы Стасюкевіча як прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў.
Аднак абарона лічыць: не выключана, што аўтар тэксту мог выкарыстаць гэтыя словы ў прамых значэннях. Напрыклад, слова "адмарожаны" — магло быць ўжыта аўтарам у значэнні беларускіх слоўнікаў, а згодна з ім "адмарожаны" — гэта "пашкоджаны марозам" (пашкоджаны марозам, то бок візуальнае апісанне асобы чалавека, яго знешнасці). Але экспертыза такую верагоднасць выключыла.
"Чаму вы не даследавалі прамыя значэння слова?” — спытала абарона.
"Выснова была б такой жа", — адазала экспертка.
"На падставе чаго вы зрабілі выснову, што гэтыя лексемы [у тэксце, які ставіцца ў віну Таццяне] выкарыстаны ў тых значэннях, якія яны маюць у рускай мове, а не ў тых прамых значэннях, якія ўтрымліваюцца ў беларускіх слоўніках?"
"З кантэксту [...]"
Таццяна Кашко задала экспертцы Гецэвіч пытанне, якое яна згадвала і на папярэднім судовым пасяджэнні: калі Лукашэнка не раз выкарыстаў словы "адмарожаны" ў дачыненні да розных груп, то ці значыць гэта... але суддзя рэзка паспяшалася зняць гэтае пытанне. Гэта выглядала вось так:
Viasna96 · Спроба Таццяны Кашко задаць на судзе пытанне пра Лукашэнка
Што ў выніку?
"У 2016 годзе ў Беларусі быў выдадзены актуалізаваны новы слоўнік "Тлумачальны слоўнік беларускай літаратуры", які змяшчае ўсе нашы спрэчныя лексемы, — звярнула ўвагу абарона на меркаванне эксперкі, што актуальных беларускіх слоўнікаў няма. — Ён змяшчае лексему "морда" у значэнні "груба аб твары чалавека". Але такое значэнне па нейкіх прычынах не задаволіла эксперта і яна вырашыла выйсці, на мой погляд, абсалютна самавольна за межы трактавання лексем і звярнуцца да рускіх слоўніках [...]. Дадзены слоўнік таксама змяшчае ацэнку слова "адмарожаны" — аддзеяслоўная форма ад слова "адмарозіць" , гэта значыць "моцная пашкодзіць на марозе якую-небудзь частку цела". Іншых пераканаўчых падстаў для таго, каб перайсці з беларускай мовы на рускую, экспертам не прыведзена[...]. Таксама экспертам не прыведзена абгрунтаванне таму, чаму пераклад зроблены менавіта на рускую мову [...]. Чаму яна не пераклала на нейкую іншую славянскую мову?"
Таму цалкам магчыма, што заключэнні эксперткі былі няправільнымі і памылковымі. Але ж менавіта яно былі ўзятыя следствам за аснову абвінавачвання Таццяны Кашко.
Абарона атрымала сваё заключэнне ад "Цэнтра даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі". Яно было праведзена кандыдаткай філалагічных навук, вядучым навуковым супрацоўнікам Эльвірай Ярмоленка:
"Словы "морда" і "адмарожаны" з'яўляюцца нарматыўнымі літаратурнымі словамі..."
Такім чынам, у гэтым тэксце (“адмарожаная морда”) выкарыстаныя словы беларускай мовы, якія зафіксаваныя ў сучасных беларускіх слоўніках. Да заключэння Ярмоленкі варта прыслухацца, бо яна кандыдат навук і ў яе больш вопыту (у параўнанні з Гецэвіч), адзначыла абарона. Таму абарона прапанавала правесці паўторную экспертызу. Аднак суд яму ў гэтым адмовіў.
Яшчэ раз аб спробах карыстацца роднай мовай
Задаючы пытанне экспертцы Гецэвіч, Таццяна Кашко прасіла адказваць ёй на беларускай, паколькі рускай мовы яна не разумее. Аднак Гецэвіч адмовілася, спаслаўшыся на наяўнасць дзвюх дзяржаўных моваў у краіне.
"Вашы словы мне потым перавядуць, а я тады буду задаваць проста пытанні", — сказала Таццяна на беларускай мове.
У спрэчках бакоў дзяржабвінаваўца Шчарбін, аргументуючы, які тэрмін варта даць Таццяне, адзначыла:
"Абвінавачаная адмовілася ад дачы паказанняў".
Аднак падчас судовага следства Таццяна ад дачы паказанняў не адмаўлялася — а патрабавала, каб працэс вёўся на беларускай мове. На ўсе пытанні суда (якія задаваліся выключна на рускай мове) яна адказвала: "Я не разумею".
“Следства і судовы працэс яскрава прадэманстравалі ганебныя адносіны дзяржаўных следчых да беларускай мовы ў цэлым, — прамовіла Таццяна Кашко падчас свайго апошняга слова. — Дзе яшчэ можна такое ўбачыць, каб следства поўгода займалася зборам доказаў, што падазраваны валодае расейскай мовай? І дзеля гэтага падымаліся ажно школьныя адзнакі. Добра яшчэ, што да дзіцячага садку не дабраліся. І заўважце: на разбор адной кароткай фразы і ацэнкі ўзроўня валодання мною расейскай мовай марнуюцца вялікія бюджэтныя сродкі: заробак следчага, аператыўных работнікаў, участковых міліцыянтаў, пракурораў. Поўгода следства тэрарызуе маё прадпрыемства [дзе Таццяна працуе—заўв.], нават пагражае спыніць вытворчасць, калі ім не будуць прадастаўлены хто-небудзь, хто камунікуе са мной. Акрамя таго мяне затрымліваюць як вялікага злачынцу — з тузін супрацоўнікаў АМАПу і міліцыянтаў. І ўсё гэта дзеля фразы, якая з’яўляецца літаратурнай і нарматыўнай”.
Акрамя гэтага, абарона Таццяны лічыць: ў следства не было дастаткова доказаў таго, што тэкст каментара "адмарожаная морда" ў дачыненні да Стасюкевіча напісала менавіта Кашко.