"Гэты працэс — таямніца за сям’ю замкамі". У гомельскім СІЗА працягваецца суд па "справе Ціханоўскага"
У будынку гомельскага СІЗА працягваецца ў закрытым рэжыме судовае разбіральніцтва па "справе Ціханоўскага". Адвакаты далі падпіску аб неразгалошванні, ім забаронена нешта казаць пра абставіны справы і ход суда. Вядома, што першапачатковы графік прадугледжвае, што слуханні працягнуцца да 30 ліпеня. Мяркуецца, што ў канцы ліпеня можа быць вынесены прысуд. У справе 177 тамоў. "Радыё Свабода" публікуе каментар Дар'і Лосік — жонкі адміністратара "Беларусь головного мозга" Ігара Лосіка, якая дзяжурыць пад сценамі СІЗА, а таксама сваімі ўражаннямі ад суда падзялілася адвакатка Сяргея Ціханоўскага Наталля Мацкевіч.
Адвакатка: Атмасфера спякотная ва ўсіх сэнсах
Па выніках паседжання 26 чэрвеня Наталля Мацкевіч, адвакатка Ціханоўскага, напісала ў сваім twitter:
«Гомель, СІЗА-3. Абстаноўка нагадвае матрошку: чарада спэцтэхнікі перад агароджай ізалятара, за ім — турма, у турме — пакой, у пакоі — клетка, у клетцы — людзі, у людзях — душа».
«Мы цесна і блізка сядзім усе побач. Я ўражана салідарнасцю калегаў. Атмасфера спякотная ва ўсіх сэнсах. Настрой у Сяргея не змяніўся — ён настроены рашуча на абарону сваіх правоў», — расказала Наталля Мацкевіч.
Маці Арцёма Сакава расказала са спасылкай на абаронцу, што Арцём — спакойны, засяроджаны і маўклівы. У залі «суду» больш-менш прахалода, у адрозненне ад камер, дзе цяпер вельмі спякотна.
Дар’я Лосік: Сказалі, каб я была акуратнай
Кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік за кратамі ўжо 370 дзён. Усе дні, што ідзе суд па яго справе, каля сценаў СІЗА-3 Гомеля дзяжурыць жонка Ігара Дар’я.
«Шчыра кажучы, пра сам працэс я сказаць нічога не магу, — кажа Дар’я Лосік. — Усе на падпісцы аб неразгалошванні. Гэты працэс — таямніца за сям’ю замкамі. Падрабязнасцяў і дэталяў судовага працэсу я ўвогуле ня ведаю. Лісты мне ад Ігара не даходзяць ужо тыдзень. Магчыма, гэта нейкі блок на перапіску. Але я дакладней не магу сказаць».
Па словах Дар’і Лосік, судзяць яе мужа на тэрыторыі СІЗА-3 Гомеля з аўторка па пятніцу, паседжанняў у выходныя дні і па панядзелках няма. Прадугледжаны таксама перапынак на абед.
Сама Дар’я ўсе дні, пакуль ідзе паседжанне, знаходзіцца каля сценаў гомельскага СІЗА. Чым выклікае заклапочанасць «людзей у цывільным».
«Яны перыядычна правяраюць, ці на месцы я, — расказвае Дар’я Лосік. — Я тут сяджу пад сцяной. Пэрыядычна могуць нешта сказаць на мой адрас, але я ўжо прывыкла. Пытаюцца, як у мяне справы, такія размовы. Яшчэ сказалі, каб я была акуратнай. Гэта ўжо можна расцаніць як пагрозу на мой адрас, калі апусціць жарты. Сама я да іх не звяртаюся. Іх тут даволі шмат, чалавек каля дзесяці. Яшчэ даішнікі ёсць, якія не пускаюць мяне на паркоўку СІЗА. Прычым толькі мяне, што цікава. Кажуць проста, што мне нельга туды, і ўсё. Ніяк не тлумачаць прычынаў».
Дар’я таксама кажа, што дзяржаўных журналістаў каля СІЗА-3 Гомеля больш ня бачыла, яны прыяжджалі толькі ў першы дзень працэсу 24 чэрвеня. Яна збіраецца быць у Гомлі да канца суду па справе мужа. Як доўга ён працягнецца, Дар’я можа толькі здагадвацца.
«Я думаю, працэс будзе ісці яшчэ даволі доўга, — мяркуе Дар’я Лосік. — Як Ігар расказваў, у справе каля 180 тамоў. А гэта ж усё трэба будзе агучыць падчас разбору, як я разумею. Я дакладна не разбіраюся ў працэдуры. Але нейкія спрэчкі судовыя яшчэ павінны быць. Таму, я думаю, гэта будзе вельмі працяглы працэс. Але пакуль ён ідзе, я буду тут побач. Я б хацела трапіць на паседжанне. Ім было б нашмат прасцей запусьціць мяне туды, а ня бегаць за мной тут».
У гомельскім СІЗА праходзіць суд па "справе Ціханоўскага": судзяць шэсць палітвязняў
Кароткая даведка "Вясны" пра абвінавачаных палітвязняў:Сяргей Ціханоўскі (42 гады) – аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни» пра праблемы звычайных беларусаў і заснавальнік аднайменнага палітычнага руху. Спачатку выстаўляў сваю кандыдатуру ў прэзідэнты самастойна, але пазней падтрымаў ідэю Міколы Статкевіча аб «кандыдатах пратэсту». Яму не далі зарэгістраваць уласнай ініцыятыўнай групы, пасадзіўшы пад арышт за «несанкцыянаванае мерапрыемства» падчас падачы дакументаў. Замест яго ў кандыдаты пайшла жонка – Святлана Ціханоўская. Ён жа зрабіўся даверанай асобаю жонкі і ўдзельнічаў у ейнай кампаніі. Быў затрыманы 29 траўня ў Гродне ў выніку правакацыі на легальным пікеце – пры тым сам ён у канфлікце не ўдзельнічаў, спрабаваў сысці ад нападніцы. За чатыры гадзіны да інцыдэнту Лукашэнка апісаў нейкае здарэнне, вельмі падобнае да пазнейшай правакацыі супраць Ціханоўскага. Пасля той правакацыі распачыналі справу за «гвалт над міліцыянтам», аднак цяпер за гэта не збіраюцца судзіць нікога з тых, суд над кім прызначылі на 24 чэрвеня. Мікалай Статкевіч (64 гады) – лідар незарэгістраванай «Народнай грамады», былы старшыня партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада і былы старшыня Беларускага згуртавання вайскоўцаў. Раней двойчы трапляў у няволю на працяглыя тэрміны з палітычных прычынаў: з 2004 да 2007 года за пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў у Палату прадстаўнікоў, з 2010 па 2015 год за пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў, на якіх быў кандыдатам. У 2020 годзе прапанаваў ідэю «кандыдатаў пратэсту»: стварыць як мага больш ініцыятыўных групаў і выкарыстоўваць выбары толькі дзеля легальнай магчымасці агітацыі супраць Лукашэнкі. Быў затрыманы 31 траўня 2020 года дарогаю на перадвыбарчы пікет на Камароўскім рынку ў Менску. Не ўдзельнічаў у гарадзенскім інцыдэнце. Арцём Сакаў (26 гадоў) – былы памежнік, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай і адзін з відэааператараў Youtube-каналу «Страна для жизни». Палітычнай актыўнасці як такой не вёў – толькі здымаў відэаролікі для Ціханоўскага. Быў затрыманы 31 траўня ва ўласнай кватэры – пры тым, што быў на пікеце 29 траўня падчас правакацыі супраць Ціханоўскага, але тады яго не чапалі. Дзмітрый Папоў (29 гадоў) – мадэратар (гэта значыць, не аўтар, а толькі рэдактар каментароў) сацсетак «Страна для жизни», грамадзянін Расеі. З беларускімі пратэстамі раней звязаны не быў, у Расеі кіраваў ультрапатрыярхальным праектам «Мужское государство» і праектам дэананімізацыі сілавікоў «Сканер». Не ўдзельнічаў у гарадзенскім інцыдэнце. Як пазнаёміўся і пачаў супрацоўнічаць з Сяргеем Ціханоўскім, невядома. Знік увечары 4 чэрвеня, а да знікнення запісаў відэа, у якім сказаў, што яго шукаюць міліцыянты і хочуць прыцягнуць у крымінальнай справе «ці то за забойства, ці то за нашэнне зброі». Спачатку яго затрымалі ў межах адміністратыўнай справы і арыштавалі на 15 содняў, а толькі потым выставілі абвіначанне ў «групавых дзеяннях». Уладзімір Цыгановіч (40 гадоў) – прадпрымальнік, блогер і аўтар Youtube-каналу «MozgON». На сваім канале пераказваў спачатку эканамічныя і грамадскія, а потым і палітычныя навіны, стаў весці трансляцыі з розных акцыяў – не толькі з пікетаў Ціханоўскага. У 2019 годзе пачаў выказвацца супраць дарожнага падатку і росту цэнаў на бензін. Упершыню выказаўся пра Ціханоўскага восенню 2019 года – абурыўся ягоным затрыманнем і заклікаў прыйсці на суд над ім, пазней таксама падтрымліваў Ціханоўскага. 31 траўня 2020 года правёў трансляцыю пікету з Камароўкі, перад якім затрымалі Статкевіча. Самога Цыгановіча затрымалі 9 чэрвеня 2020-га і арыштавалі спачатку паводле адміністратыўнага артыкулу на 15 дзён за заклік сабрацца каля «Белнафтахіму», але затым абвінавацілі ў «групавых дзеяннях». Ігар Лосік (29 гадоў) – блогер, аўтар сеткі каналаў «Беларусь головного мозга» і кансультант беларускай службы радыё «Свабода». У 2011 годзе прыдумаў «маўклівыя пратэсты» (калі людзі проста збіраліся ў адным месцы без плакатаў і лозунгаў, бо «ўсе ўсё і так разумеюць»). У 2013 годзе завёў Twitter-акаўнт «РБ головного мозга», які неўзабаве зрабіўся адным з самых папулярных палітычных акаўнтаў у Беларусі. На сваіх каналах асвятляў усе палітычныя падзеі яшчэ да пачатку палітычнай актыўнасці Ціханоўскага, а ў 2020 годзе інфармаваў пра дзейнасць усіх патэнцыйных кандыдатаў. Быў затрыманы 25 чэрвеня дома ў Баранавічах. |