viasna on patreon

Хацеў абараніць маці. У Гомелі вынесены прысуд Сяргею Дзяцуку

2021 2021-06-30T13:00:10+0300 2021-06-30T14:23:41+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/111-7.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Дзецук. Скрыншот з відэа МУС

Сяргей Дзецук. Скрыншот з відэа МУС

Цэнтральны суд Гомеля 30 чэрвеня вынес прысуд па крымінальнай справе Сяргея Дзяцука, якога абвінавачваюць у гвалце альбо пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (артыкул 364 КК).

Справу разглядаў суддзя Віктар Казачок.

Сяргея затрымалі 24 сакавіка, да суда ён быў змешчаны ў Гомельскае СІЗА.

Дзяцук – сын экс-выкладчыцы Белдута, якую судзілі за фота з БЧБ-сцягам.

5 сакавіка да Валерыі Дзяцук прыйшлі з аглядам кватэры. Паводле інфармацыі МУС, 28 лютага каля вёскі Асаўцы некалькі жанчын правялі пікет з БЧБ-сцягамі і плакатам з надпісам "Змагаркі усяго свету! Віншуем Вас са святам 8 сакавіка".

Свой тэлефон жанчына аддаваць міліцыянтам не хацела, на абарону маці стаў 35-гадовы сын Сяргей, які ў той час знаходзіўся дома.

Сяргей паведаміў тады Радыё Свабода, што яго амапаўцы аднеслі ў іншы пакой, дзе з ім размаўляў невядомы, які прадставіўся начальнікам аддзелу.

«Ён сказаў, што асабіста за нас узяўся, і мы ўсе будзем сядзець. За што — не зразумела... У ІЧУ, дзе яна цяпер знаходзіцца, ад мяне ўзялі толькі цёплую вопратку — прадукты адмовіліся браць», — дадаў Сяргей.

У прэс-службе МУС паведамілі, што сын агрэсіўна адрэагаваў на з'яўленне супрацоўнікаў, абражаў іх і пагражаў гвалтам. Пазней мужчына супакоіўся, але матэрыялы праверкі адправілі следчым.

Суд распачаўся 29 чэрвеня, аднак падрабязнай інфармацыі пра судовы працэс у праваабаронцаў пакуль няма.

Сёння суддзя Віктар Казачок вынес прысуд Сяргею Дзяцуку - тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

У бліжэйшы час праваабаронцы паспрабуюць высветліць акалічнасці гэтай крымінальнай справы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства