Яшчэ на 1 год і 6 месяцаў выхаваўчай калоніі асудзілі непаўнагадовага Мікіту Залатарова
14 ліпеня ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля вынеслі прысуд непоўнагадоваму палітвязню Мікіту Залатарову.
Сёння пракурор патрабаваў пакараць Залатарова двума гадамі калоніі, але суддзя Віктар Казачок прысудзіў на поўгады меней.
Хлопцу прысудзілі 1 год і 6 месяцаў гады калоніі агульнага рэжыму па артыкуле 364 Крымінальнага кодэксу ("Гвалт ці пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спараў") за тое, што ён нібыта напаў на супрацоўніка СІЗА і пагражаў яго родным.
"Я добры чалавек. Я мухі не пакрыўджу". У Гомелі за напад на супрацоўніка СІЗА судзяць непаўналетняга Мікіту Залатарова
Шляхам частковага складання раней прысуджанага тэрміну пакарання (5 гадоў калоніі) з новым, агульны тэрмін пакарання для Мікіты склаў 4 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі.
Таксама суд пастанавіў сплаціць кампенсацыю двум пацярпелым супрацоўнікам СІЗА - па 500 рублёў кожнаму.
Нагадаем, паводле матэрыялаў справы, Мікіта Залатароў "наўмысна зрабіў падножку супрацоўніку СІЗА Лучкіну Н. А., у выніку чаго той упаў на падлогу, а калі падняўся, то прыхіліў Мікіту да сцяны, але падлетак схапіў Лучкіна за валасы і шыю, прычыніўшы фізічную боль і пабоі пацярпеламу, а таксама выказаў пагрозу прымянення гвалту ў адрас супрацоўніцы Хаўбок Т. Ю. і яе блізкіх". Кожны з пацярпелых супрацоўнікаў СІЗА запатрабавалі кампенсацыю ў памеры 1000 рублёў.
Мікіта Залатароў прызнаў віну, але дадаў:
"Гэта быў не гвалт, а супраціў. Абразлівыя словы я вымавіў на эмоцыях".
Хлопец неаднаразова заяўляў пра катаванні і збіццё ў СІЗА: «адводзяць ад камер і наносяць удары дубінкай».
Падтрымаць палітзняволенага Мікіту Міхайлавіча Залатарова паштоўкамі і лістамі можна па адрасе: СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А |