Затрыманне стэндапера і новае "экстрэмісцкае фармаванне": хроніка пераследу 19-20 снежня Дапоўнена
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 19-20 снежня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. Інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Яшчэ 29 прозвішчаў дадалі ў "Спіс экстрэмістаў" — цяпер у ім 4795 чалавек
20 снежня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".
Сярод іншых, у спіс дадалі гомельскага праўладнага правакатара Яўгена Катлярова, майстра ААТ "Гроднажылбуд" Дзмітрыя Голуба, жыхарку Брэста Алу Дзясяцік.
Да допіса далучыны апошні "Пералік грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".
Праекты "Гомель - Старый Аэродром - Чат" і "Свободный Жлобин" прызналі "экстрэмісцкімі фармаваннямі"
Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 19 і 16 снежня адпаведна. Паводле ведамства, дачыненне да ініцыятыў маюць Майшук Віялетта і Атаманчык Кірыл.
У Telegram у праекта "Гомель - Старый Аэродром - Чат" 46 падпісантаў, у "Свободный Жлобин" — 401.
У "Спіс тэрарыстаў" дадалі яшчэ сем беларусаў і двух расіян
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці" — там з'явіліся прозвішчы 9 чалавек.
Сярод іх Юрый Аверкаў, Дзмітрый Сідарэнка, Уладзімір Алісіевіч, Андрэй Валахановіч, Ежы Грыгенча, Вікторыя Верас, Ціхан Клюкач, грамадзяне РФ Эдуард Кашэцян і Алег Каўрыгін.
Цяпер у "тэрарыстычным спісе" 1220 чалавек, з іх больш за 500 — беларусы.
У Дзяржынску 17 снежня прайшлі затрыманні і ператрусы
Паводле папярэдняй інфармацыі, сілавікоў цікавалі незалежныя назіральнікі на мінулых выбарах, а таксама людзі, якія праходзілі па адміністрацыйных справах за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах.
Дакладна колькасць затрыманых высвятляецца.
Стала вядома пра затрыманне стэндапера і радыёвядучага Сцяпана Манкевіча
У судзе Савецкага раёна Мінска 26 снежня пачнуць судзіць 33-гадовага шоўмена Сцяпана Манкевіча. Яму інкрымінуецца артыкул 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Працэс будзе ўзначальваць суддзя Сяргей Шаціла.
Сцяпан — беларускі комік. Адвучыўся на псіхолага ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце, працаваў вядучым на "Радыус ФМ". Апошнія гады быў вядомы як стэндапер, таксама займаўся правядзеннем вяселляў, піша "Наша Ніва".
Інфармацыйнае агенцтва "Позірк" прызнанае "экстрэмісцкім фармаваннем"
Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 19 снежня.
Паводле ведамства, дачыненне да "Позірку" маюць Таццяна Каравянкова, Раман Кісляк, Пётр Рудкоўскі, Аляксандр Фрыдман, Аляксандр Класкоўскі.
У Беларусі прызналі "экстрэмісцкай" старонку ў "Х" украінскай лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Аляксандры Матвійчук
Адпаведнае рашэнне прынятае 18 снежня судом Цэнтральнага раёну Мінска. На старонку ўкраінскай праваабаронцы падпісаныя амаль 200 000 чалавек.
Таксама "экстрэмісцкі спіс" папоўнілі старонкі ў "Х" "j_matuzova", "Lastanka", старонкі ў "TikTok" "NarDep", "Александр", "Кастусь", "Мiкiта", "potatoesSs".