Блакаванне сайта незалежнага медыя, суд над блогерам за "экстрэмізм": хроніка пераследу 21-23 снежня
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 21-23 снежня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. Інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Віцебску за "экстрэмізм" судзілі блогера, у якога 50 тысяч падпісчыкаў
У судзе Чыгуначнага раёну Віцебску 20 снежня разглядалі справу ў дачыненні Сяргея Прашкевіча, якога абвінавачвалі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), паведаміў "Витебск, я гуляю!".
Сяргей — вядомы ў Віцебску інстаграм-блогер. У ягоным акаўнце амаль 50 тысяч падпісчыкаў. Хлопец праводзіць вулічныя апытанні, ладзіць розыгрышы сярод падпісчыкаў. Мяркуючы па старонцы ва "УКантакце", мужчына знік з сацсетак пару дзён таму.
Восенню 2022 года Сяргея разам з двума сябрамі ўжо судзілі ў судзе Першамайскага раёна Віцебска па адміністрацыйным артыкуле аб "парушэнні парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў".
Сайт "Белорусы и рынок" перастаў адкрывацца ў Беларусі
З-за мяжы і пры выкарыстанні VPN ён па-ранейшаму даступны, напісаў 21 снежня "Позірк".
"Белорусы и рынок" — адно з першых прыватных СМІ ў Беларусі, спецыялізуецца на эканамічнай тэматыцы. Як газета выдавалася з канца 1990 года — спачатку ў фармаце тыднёвіка, пасля да 2023 года раз на месяц.
1 снежня 2022 года Міністэрства інфармацыі анулявала рэгістрацыю друкаванага СМІ "Белорусы и рынок".
Дырэктар газеты "Белорусы и рынок" Канстанцін Залатых быў затрыманы 18 траўня 2022 года пасля ператрусу ў рэдакцыі. Асуджаны па шэрагу крымінальных артыкулаў 6 красавіка 2023 года на чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Аднаго з пацярпелых арандатараў ГЦ "Беларусь" у Віцебску на гэтым тыдні змяшчалі на пару сутак у ізалятар
З панядзелка па сераду Павел Клімёнак, уладальнік пункту "Рэанімата" па рамонце тэлефонаў, правёў у ІЧУ. Затрымалі яго па дарозе на працу — верагодна, у яшчэ ранейшую кропку ў "Беларусі", паведаміў 21 снежня "Витебск, я гуляю!".
Мужчыну арыштавалі паводле арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў). Павел распавёў у сацсетках пра свой арышт, але не раскрыў ягоныя падрабязнасці.
У тыктоку мужчына распавядае пра наступствы пажару для свайго бізнэсу: яго тэхніка ў ГЦ на 90% ацалела, але пракапцілася, пахне гарэлым пластыкам.
Прапагандысты паведамілі пра затрыманне "кур’ераў фонда BYSOL"
Гаворка пра Дзмітрыя Кавалёва, Сяргея Кардаша і Аляксея Кубракова, якія знаходзіяцца ў СІЗА. Сцвярджаецца, што гэтыя людзі перадавалі грошы сем’ям палітвязняў.
Таксама ў сваім фільме прапагандысты паказалі жанчын, якія нібыта былі "кур'ерамі" "Байхэлп" і "dissidentBY". У якім статусе яны знаходзяцца — невядома.