viasna on patreon

"Самае галоўнае падчас следства – не выйсці на самога сябе". У журналіста Сяргея Гардзіевіча зноў прайшлі спрэчкі бакоў і апошняе слова

2021 2021-07-30T16:46:56+0300 2021-07-30T16:46:57+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/gadzievich_2021-07-30.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Іванаўскага раёна 30 ліпеня зноў прайшлі спрэчкі бакоў па справе драгічынскага журналіста Сяргея Гардзіевіча. Таксама ён агучыў сваё апошняе слова. Раней спрэчкі праходзілі 15 ліпеня, а 19 ліпеня павінны былі вынесці прысуд. Аднак у гэты дзень судовае пасяджэнне перанеслі на 23 ліпеня. 22 ліпеня Сяргей Гардзеевіч страціў прытомнасць і яго шпіталізавалі, таму пасяджэнне зноў перанеслі. Сёння, 30 ліпеня, зноў прайшлі спрэчкі бакоў. Інтэрнэт-выданне "Першы рэгіён" расказала, як усё адбывалася:

Сяргей Гардзіевіч. Фота:
Сяргей Гардзіевіч. Фота: "Першы рэгіён"

Журналіста Сяргея Гардзіевіча абвінавачваюць у абразе Аляксандра Лукашэнкі, супрацоўніка міліцыі і паклёпе ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі ў каментарах у Інтэрнэце. Гардзіевіч віну не прызнаў.

Дзяржабвінаваўца: "доказы з'яўляюцца дастатковымі для прызнання абвінавачанага вінаватым"

У спрэчках дзяржабвінаваўца Сяргей Жуковіч заявіў, што цалкам падтрымлівае сваю пазіцыю, агучаную на папярэдніх пасяджэннях:

«Адзначу толькі, што ўсе тры злачынствы здзейсненыя абвінавачаным публічна. З дапамогай размяшчэння тэкставых інфармацый у праграме Вайбер ў адкрытым доступе», – сказаў ён.

Дзяржабвінаваўца не бачыць падстаў для змены кваліфікацыі абвінавачвання. На ягоную думку, «усе доказы, якія прадстаўлены бокам абвінавачвання, з'яўляюцца дапушчальнымі і дакладнымі, у сукупнасці дастатковымі для прызнання абвінавачанага вінаватым».

Пракурор Сяргей Жуковіч запытаў тое ж пакаранне для Сяргея Гардзіевіча, што агучваў раней:

  • па артыкуле 188 КК РБ – абмежаванне волі на тэрмін два гады
  • 368 КК РБ – пазбаўленне волі на тэрмін 1 год 1 месяц
  • 369 КК РБ – абмежаванне волі на тэрмін два гады

Шляхам частковага складання прызначаных пакаранняў дзяржабвінаваўца запытаў для Сяргея Гардзіевіча пазбаўленне волі на тэрмін 1 год і 6 месяцаў у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

У тэрмін пакарання дзяржабвінаваўца просіць залічыць тэрмін затрымання і знаходжання ў ізалятары, а таксама пад хатнім арыштам.

Таксама, пракурор просіць задаволіць пазовы дваіх пацярпелых – па 2 тысячы рублёў кожнаму.

Абаронцы: віна Гардзіевіча не даказаная

Абаронца Зоя Дворак мяркуе, што няма катэгарычных довадаў вінаватасці Сяргея Гардзіевіча.

«Віну ў здзяйсненні інкрымінуемых яму дзеяў наш падабаронны не прызнаў. Мы не можам не спыніцца на даследаваных доказах, паколькі пытанне стаіць досыць катэгарычна – вінаваты чалавек, альбо не. […]

У дадзеным выпадку адным з ключавых абставінаў, якія падлягаюць даказванню, з'яўляецца даследаванне тэхнічнай магчымасці выкарыстання глабальнай сеткі Інтэрнэт Гардзіевічам Сяргеем Андрэевічам. Пасродкам свайго мабільнага тэлефона, які падлягае канфіскацыі, як сродак здзяйснення злачынства.

Паводле звестак, якія Гардзіевіч падаваў у суд, атрыманых ім з "мабільных тэлесістэм" , аб праведзеных размовах у перыяд часу, які нас цікавіць – гэта 12 жніўня і 5 верасня – на мой погляд, не дазваляюць зрабіць катэгарычную выснову аб вінаватасці нашага кліента.

У боку абароны абгрунтавана застаюцца сумневы. Паколькі нельга катэгарычна сцвярджаць аб карыстанні мэсэнджарам вайбер і размяшчэннем Гардзіевічам там пэўных тэкставых паведамленняў».

Абарона кажа, што за 12 жніўня ад мабільнага аператара ў паказаны час наогул няма звестак аб карыстанні Гардзіевічам інтэрнэтам.

«Ёсць звесткі ў 14.10 аб выкарыстанні рэсурсу "Аднакласнікі", а наступнае злучэнне – у 14.17. Што таксама, з нашага пункту гледжання, сведчыць аб немагчымасці здзяйснення Гардзіевічам дадзенага злачынства.

А калі мы звернемся да аналагічнага аналізу злучэнняў за 5 верасня, то варта адзначыць, што звестак аб наведванні Гардзіевічам інтэрнэт-рэсурсаў з яго абаненцкага нумара няма. Ёсць звесткі, што ім выкарыстоўвалася толькі тэлефанізацыя і СМС-паведамленні», – распавяла абарона.

Абаронца патлумачыла, што не аспрэчвае, што абразлівае паведамленне было размешчанае:

«Тут аспрэчваецца толькі тое, кім яно было размешчана».

Таксама ў справе ёсць скрыншот з разгляданым каментаром, але «адсутнічае скрыншот з указаннем нумара, якому належыць дадзены запіс, што ў чарговы раз кажа аб сумневах».

Да таго, як з'явіліся гэтыя каментары, Сяргей Гардзіевіч згубіў тэлефон з Твін-картай на той жа нумар яго мабільнага тэлефона. Адвакат заўважыла, што не было прыведзена доказаў, што згубленым тэлефонам з Твін-картай не скарысталіся трэція асобы.

Таксама абарона нагадала, што група «Рэальны Драгічын» у вайберы была выдаленая невядомымі, у сувязі з чым падвергнуць даследаванню паведамленні, якія былі размешчаныя нібыта Гардзіевічам, не ўяўляецца магчымым.

«Адпаведна, даследаваць першакрыніцу размяшчэння паведамлення, для таго каб даць яму дэталёвы аналіз і ацэнку, проста не ўяўляецца магчымым».

Таксама ў новай групе ў вайберы абвінавачаны заўважаў некалькіх карыстальнікаў, падпісаных як "Сяргей Гардзіевіч".

Акрамя таго, падчас знаходжання пад хатнім арыштам, калі Сяргей Гардзіевіч не карыстаўся інтэрнэтам з-за забароны, было заўважана, што нехта карыстаецца мэсэнджарамі ад яго імя.

Абарона нагадала, што ўсе сумневы ў вінаватасці абвінавачанага павінны тлумачыцца на яго карысць.

Бо любы карыстальнік мог спампаваць фатаграфіі Гардзіевіча, усталяваць на свой акаунт і апублікаваць каментары.

У сувязі з гэтым абарона лічыць доказы, прадстаўленыя суду, недастатковымі.

Абаронца Вольга Аксюцік звярнула ўвагу, што з канфіскаванага тэлефона ў Гардзіевіча ніякай значнай інфармацыі для справы не ўстаноўлена. Акрамя таго, экспертыза наогул не ўстанавіла, што ў дадзеным мабільным тэлефоне маецца мессенджер вайбер.

Вольга Аксюцік просіць суд вынесці апраўдальны прысуд:

«Абарона мяркуе, што Гардзіевіч падлягае апраўданню за адсутнасцю ў яго дзеяннях складу злачынства, за недаказанасцю яго ўдзелу ў здзяйсненні інкрымінаваных злачынстваў».

Абарона таксама просіць суд улічыць звесткі аб стане здароўя Сяргея Гардзіевіча і неабходнасць працягу лячэння. Раней паведамлялася, што ён губляў прытомнасць, атрымаў траўму галавы і быў шпіталізаваны.

Апошняе слова Сяргея Гардзіевіча: «самае галоўнае падчас следства – не выйсці на самога сябе»

«З моманту майго затрымання, бачачы прэзумпцыю маёй вінаватасці, я скарыстаўся сваім канстытуцыйным правам і адмовіўся ад дачы паказанняў. Падчас накладзенага хатняга арышту я быў пазбаўлены магчымасці нават на абарону.

Хачу сказаць, што ў пачатку судовага расследавання падчас допыту пацярпелых, мы сталі сведкамі, што іх больш хвалявала не само падазрэнне ў учыненых злачынствах, а менавіта мая прафесійная дзейнасць.

Я так разумею, што сапраўды закрануў вельмі сур'ёзна некаторыя структуры. Спадзяюся, што мае калегі, у выпадку, калі суд не пачуе довады маёй абароны, працягнуць журналісцкае расследаванне. І рана ці позна служба ўласнай бяспекі зацікавіцца тымі момантамі, якімі я займаўся.

У ходзе абвінавачванні дзяржаўны абвінаваўца спасылаецца на веданне школьнага курса інфарматыкі для даказвання злачынства, здзейсненага ў высокатэхналагічнай прасторы.

Адрозніваюцца дадзеныя, атрыманыя мной ад МТС і атрыманыя следствам. Даведка ад адной і той жа арганізацыі, але ёсць некаторая розніца.

Зрабіць заключэнне, чаму знішчылі групу, колькі «важыла» паведамленне, абвінавачванне сказала, што не ўяўляецца магчымым. Мне гэта незразумела, таму што магчымасці нашых таемных службаў бязмежныя, я так разумею. Нядаўна быў агульнавядомы факт нават пра перахоп размоваў паміж Варшавай і Берлінам.

Складваецца ўражанне, што следства кіравалася некалі смешны рэплікай "самае галоўнае падчас следства – не выйсці на самога сябе".

Я заяўляю, што не маю дачынення да гэтых злачынстваў, сваю віну не прызнаю. Абвінавачванне не змагло даказаць маю віну, яно ўсё грунтуецца на здагадках, на цвёрдых перакананнях людзей, якія не карыстаюцца інтэрнэтам.

Мы жывем у невялікім горадзе. Калі мне змянілі меру стрымання з хатняга арышту на падпіску аб нявыездзе, рыхтуючы рэпартаж пра травеньскія святы, я пачуў ад жыхара Драгічына інфармацыю, якая выйшла з РАУС – што ёсць нейкая аператыўная інфармацыя, што нейкі амбасадар Польшчы едзе і павінен вывезці Гардзіевіча ў багажніку.

У крымінальнай справе ёсць таксама "аператыўная інфармацыя" аб тым, што я з'яўляюся арганізатарам пратэсту і яго фінансаваннем. Гэта было б смешна, калі б не было так сумна. На чым грунтуецца гэта страшнае злачынства? Калі б яно сапраўды мела месца, была б крымінальны артыкул і адказнасць.

Такім жа спосабам раней, калі мяне абвінавачвалі ў паклёпе, Драгічынскі РАУС падаў даведку пра мяне, што я з'яўляюся апазіцыянерам. Тады гэта выклікала ўсмешку і смех.

Цяпер цяжкія часы. І робіцца акцэнт у бок палітызацыі гэтай крымінальнай справы для таго, каб нейкім чынам націснуць на суд.

Са свайго боку, заяўляю, што не знаходжуся ні ў якіх палітычных партыях, у сваёй працы ніколі не выступаў як палітолаг, аналітык. Я карэспандэнт, зона адказнасці якога – горад Драгічын. Так, пішу часам пра праблемы дальнабойшчыкаў, гэтая тэма мне блізкая. Але ніколі ў мяне не было аналізу палітычнай сітуацыі або якіх-небудзь прагнозаў.

Для мяне складана зразумець логіку абвінавачвання, тут няма логікі ад слова зусім. Усё пабудавана на нейкіх здагадках».

Прысуд будзе абвешчаны 2 жніўня ў 9.30 у судзе Іванаўскага раёна.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства